Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей і галубы


Аляксандра Дынько
Аляксандра Дынько
Абнародаваньне дэклярацый пра даходы і ўласнасьць кандыдатаў у прэзыдэнты заўсёды выклікае хцівую цікавасьць, бадай, любога беларускага грамадзяніна. Сапраўды, інфармацыя пра марку і год выпуску аўтамабіля ці месца, дзе разьмешчаны загарадны дом, могуць шмат чаго сказаць пра асобу. Але, па вялікім рахунку, ніводзін з гэтых дакумэнтаў ня стаў сюрпрызам.

Галоўная выснова з абнародаваньня дэклярацый — усе кандыдаты аднолькава залежныя ад агульнай сыстэмы хлусьні, якая ў нашай краіне выйшла на ўзровень дзяржаўнага мысьленьня. Ацэньваць палітычны рэсурс кожнага можна, толькі змадэляваўшы разрыў паміж рэальным і фармальным становішчам. І поўнай інфармацыі тут ня ведае ніхто.

Толькі калі Ўладзімер Пуцін зьявіўся на ўсерасейскім перапісе разам з жонкай Людмілай, зь якой, па чутках, ужо даўно не жыве, стала зразумела, што Мядзьведзеў грэе яму прэзыдэнцкае месца да 2012 году. Толькі калі Галіна Радзівонаўна Лукашэнка зьявілася ў дэклярацыі кандыдата Лукашэнкі, стала відавочна, што пазыцыя цяперашняга прэзыдэнта нашмат больш устойлівая, чым могуць меркаваць палітаналітыкі любой іншай краіны. Спробы заклікаць да адказу хлопчыка Колю нагадваюць намаганьні гарадзкіх галубоў пакінуць сьлед на помніку якому-небудзь бязмоўнаму імпэратару.

Але найбольш няшчырымі і як мінімум неразумнымі мне падаюцца закіды ў бок незалежных кандыдатаў наконт таго, што яны нібыта мала зарабляюць, невядома дзе працуюць і таму ня здольныя займаць высокую пасаду. Асабліва несумленнымі гэтыя "наезды" выглядаюць, калі яны паходзяць ад прадстаўнікоў незалежнага грамадзтва — журналістаў, аналітыкаў, палітыкаў. Мы хапаемся за кожнае рэпрэсіўнае дзеяньне "крывавага рэжыму", які пасьлядоўна выціскае незалежных людзей зь любой сфэры актыўнасьці — пачынаючы ад адлічэньня студэнтаў з унівэрсытэтаў і пагрозаў скасаваць працоўныя кантракты, уголас адмаўляючы ў працоўных месцах нязгодным. Але, каб прынізіць кандыдатуру, скажам, Міхалевіча, задаюцца пытаньні: "Хто ён такі і кім працуе?" А калі Саньнікаў абвяшчае, што ня меў даходу, уся дзятсадаўская брація дружна накідваецца на яго з крыкамі "Падабцасьнік!" і прадракае яму паразу.

Калі кіравацца такім падыходам, то найлепш заснаваць ініцыятыўную групу Ўладзімера Макея — да ягонага даходу, сямейнага стану і працоўнай кніжкі дакладна ня будзе пытаньняў. З усіх бакоў — ідэальны кандыдат. Толькі яму наўрад ці будуць патрэбныя паслугі тых, хто за гэтыя гады ня даў рады патлумачыць выбарцам, чаму нашыя кандыдаты ня маюць маёмасьці, сталых працоўных месцаў і стабільнага даходу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG