Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Задача Савету міністраў: выявіць дармаедаў


Савет Міністраў Беларусі прыняў пастанову пра штоквартальнае выбарачнае абсьледаваньне хатніх гаспадарак у мэтах вывучэньня занятасьці насельніцтва, якое будзе праводзіцца, пачынаючы з 2012 году. На думку чыноўнікаў, яно дазволіць мець інфармацыю аб работніках, занятых у эканоміцы, аб беспрацоўных і эканамічна неактыўных людзях, стварыць «поўны партрэт працоўных рэсурсаў краіны». Што за гэтым стаіць?

Афіцыйнае беспрацоўе ў Беларусі — каля 1%. Менавіта столькі стаіць на ўліку ў службах занятасьці. Але значная частка беларусаў працуе неафіцыйна. Хтосьці езьдзіць на заробкі ў Расею, хтосьці працуе на сябе тут. Спадар Валер — будаўнік:

«Па спэцыяльнасьці я муляр. Ежджу ў Маскву працаваць. Таму што тут заробкі мізэрныя. Натуральна, заробкі ніякія. Каб дзіцёнка пракарміць, апрануць, я ежджу ў Маскву. Хаця і там падманваюць, натуральна. Прывожу па іх мерках невялікую зарплату. Але ўсё ж такі лепш чым тут у 5 разоў».

Спадар Ігар зарабляе рамонтам у кватэрах і катэджах:

«Я сталяр-разьбяр па дрэве і адмыслоўца ў мастацкім росьпісе па дрэве. Я запатрабаваны. Праўда, задумваюся, што хутка пэнсійны ўзрост (сьмяецца). Але пакуль мне лепей на сябе працаваць, чым на кагосьці».

Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія», эканаміст Леанід Заіка прыводзіць такія лічбы:

Леанід Заіка
«У Беларусі ад 600 тысяч да 1 мільёна чалавек працуе за мяжой. Атрымліваецца палітычная і сацыяльная супярэчнасьць, таму што афіцыйнае беспрацоўе — каля 1%. Але насамрэч людзей, якія не знайшлі сабе працы ў адпаведнасьці з фарматам мяркуемага заробку, аказалася значна болей».

Вось і вырашылі беларускія ўлады, з аднаго боку, выявіць рэальную карціну з беспрацоўем у краіне, а з другога боку, выявіць «эканамічна пасіўных грамадзянаў» — 1 лістапада прынята пастанова Савету Міністраў № 1605.

Адказныя чыноўнікі Мінпрацы, што да тлумачэньня, навошта гэта трэба, аказаліся нешматслоўнымі:

«Там усё прапісана: што, навошта, каму гэта трэба. Там усё зразумела».

Пробнае выбарачнае абсьледаваньне хатніх гаспадарак пачнецца ўжо ў 2011 годзе, а з 2012 года такое абсьледаваньне стане рэгулярным. Мэта, як запісана ў дакумэнце, з аднаго боку — «атрымаць усебаковую інфармацыю пра стан і дынаміку зьменаў на рынку працы, пра якасны склад працоўнай сілы, пра структуру беспрацоўя, пра прычыны незанятасьці».

Палітоляг Уладзімер Мацкевіч
заўважае, што абсьледаваньне менавіта хатніх гаспадарак, гэта правільны накірунак. Бо ўся беларуская сыстэма статыстыкі патрабуе рэфармаваньня, прывядзеньня ў адпаведнасьць з эўрапейскім нормамі, з нормамі Міжнароднай арганізацыі працы:

Міхась Залескі
«Наша статыстыка дазваляе паказваць лепшыя паказчыкі, і ў гэтым сэнсе гандляваць экспэртамі ААН, Усясьветнага банку, Міжнароднай арганізацыі працы пра тое, як у нас усё добра, і выгандлёўваць сабе месца ў сусьветных рэйтынгах. На жаль, ня ўсё добра ў статыстыцы, і паступова і патроху ідзе ўдакладненьне мэтадалёгіі і набліжэньне яе да міжнародных стандартаў».

На думку кіраўніка аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леаніда Заікі, рэальную карціну мець неабходна, але, калі гэта будзе зроблена добра, і вынікі будуць уражваць, іх нікому не пакажуць:

«Таму што паўстане пытаньне да самой сыстэмы: няўжо ў нас мільён чалавек у краіне ня можа знайсьці працу ў краіне? Мы саромеемся гэта прызнаць, паказваем 1%, а насамрэч высьветліцца, што там працэнтаў 18 — 20 будзе. Мае расейскія калегі кажуць, што толькі ў Расеі працуе каля 1 мільёна беларусаў. Калі апытаньні пакажуць, што 600 — 700 тысяч не працуюць, то назваць іх эканамічна пасіўнымі непрыстойна. Яны ж працуюць у Маскве, зьяжджаюць на заробкі».

Што да другой мэты пастановы, выяўленьня эканамічна неактыўнага насельніцтва, спадар Заіка выказаў такое меркаваньне:

«Змагацца супраць эканамічна неактыўных — гэта ўсё Савецкі Саюз, 1970-я гады. Пошук дармаедаў, ворагаў сацыялізму, непрацуючых — гэта ўсё сьмешна».

Эканаміст Міхал Залескі таксама заўважае:

Уладзімер Мацкевіч
«Падыход такі савецкі, сацыялістычны. Вядома, есьць людзі, што з самай раніцы стаяць каля гастранома і нешта прадаюць. Іх актыўнасьць, мне здаецца, носіць дробна крымінальны характар. І тут атрымліваецца блытаніна: трэба шукаць мэтады падрыву, ліквідацыі сацыяльнай базы злачыннасьці. Трэба ствараць працоўныя месцы, а не шукаць эканамічна пасіўных грамадзянаў».

Натуральна, ёсьць людзі, якія не працуюць і ніколі ня будуць працаваць — алькаголікі, бамжы. Начальнік Ўпраўленьня па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Мікалай Шэўчык выказаў такое меркаваньне:

«Ёсьць такая катэгорыя — бомж. Як бы мы ні змагаліся зь імі — яны ёсьць ва ўсіх краінах сьвету. Як іх прымусіць працаваць, калі яны вядуць такі лад жыцьця, і іх гэта задавальняе? Як я лічу, я б вывез іх за соты кілямэтар, даў бы па 25 гектараў зямлі альбо 100 — і, калі ласка, выжывайце… Але зноў жа — правы чалавека ёсьць».

Адна з мэтаў пастановы Саўміну — выявіць людзей, што зарабляюць, забясьпечваюць сябе, але ўхіляюцца ад падаткаў. Вось што пра гэта думае эканаміст Міхал Залескі:

«У нас дзейнасьць падатковай інспэкцыі носіць фармальны характар. Яны як да чаго прычэпяцца, то потым могуць доўга, доўга чапляцца да чалавека з-за нейкай дробязі, наагул ня вартай увагі. А ў той жа час міма касы праводзяць вялікія грошы. Калі праводзіць дакладную праверку, то будзе адразу відаць: калі ты прыходзіш у хату і ўбачыш бамжатнік там, то гэта адзін варыянт. А калі ты прыходзіш у палац у прыгарадзе, каля якога стаяць шыкоўныя аўтамабілі па паўмільёна даляраў, дык тут зусім іншая размова павінна быць. У такім выпадку трэба пачынаць з пасёлачка, які знаходзяцца каля Драздоў».

Урадавай пастановай вызначаны парадак арганізацыі і фінансаваньня выдаткаў на абсьледаваньні хатніх гаспадарак. Нацыянальны статыстычны камітэт будзе запрашаць штоквартал з 2012 году 200 чалавек на падставе грамадзянска-прававых дамоваў. Сума разавага ўзнагароджаньня зацьверджаная ў памеры 25 базавых велічыняў (цяпер базавая велічыня — 35 тысяч). Такім чынам, выдаткі на выяўленьне эканамічна пасіўных грамадзянаў будуць ажыцьцяўляцца зь дзяржбюджэту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG