Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кабінэтная мова


Некалькі месяцаў пабыўшы ў крэсьле старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму, Сямён Шапіра вырашыў заахвоціць чыноўнікаў карыстацца беларускай мовай. Перш ён загаварыў на ёй сам, прынамсі правёў па-беларуску плянёрку, другую. Такія зьвесткі трапілі ў інтэрнэт, што выклікала пэўную эйфарыю: маўляў, у вобласьці пачынаецца беларусізацыя, прычым з самой улады, з супрацоўнікаў аблвыканкаму. Шэсьцьдзесят камэнтароў хуценька зьявіліся на гарадзкім блогу.

Хто “за”?

Бурнае абмеркаваньне, ясна, сьведчыць, што паведамленьне зачапіла многіх. Першы голас самы цьвярозы — навіна гучыць як з будучыні, бо такое магчыма толькі пры новым прэзыдэнце. Коратка і ясна. Таксама скептычны камэнтар: ды сярод чыноўнікаў ёсьць такія, хто ні слова на роднай мове ня ведае, хоць працуе гадоў дваццаць-трыццаць. “Папросту сьмешна! — зазначае наступны: У нас нават галоўны не валодае беларускай, а чыноўнікі раптам адразу загавораць…” Выснова: закончыцца кампанія “трэцяй дзяржаўнай мовай — трасянкай”.

Яшчэ вельмі цьвярозы голас — было б нядрэнна, каб у выніку такіх захадаў чыноўнікі, якія мовай валодаюць, перасталі баяцца і пачалі б ёю нарэшце карыстацца. А такіх насамрэч нямала, зазначае аўтар. Між іншым, мае ён рацыю. Адзін з іх мне гаварыў раней: на плянёрках у Саўчанкі (ранейшага старшыні выканкаму) нават тыя, хто размаўляе па-беларуску, дакладалі па-расейску, каб Саўчанка, які беларускай не карыстаўся, не паглядзеў на іх скоса.

Пачынаю паважаць новага “губэрнатара” і спадзяюся дачакацца працягу, піша яшчэ адзін гарадзенец. І зноў скептык: начальства як размаўляла на трасянцы, так і будзе. Для яго патрэбны ўрокі мовы — і беларускай, і расейскай, якіх яно толкам ня ведае. Аўтар дадае: “Сорамна чуць калгасную гаворку нашых абранцаў, якія хутчэй прызначаныя, чым абраныя, калі яны выступаюць па тэлебачаньні і радыё”.

Малойца “губэрнатар”! — зазначае наступны аўтар, які перакананы, што чыноўнікі павінны валодаць абедзьвюма дзяржаўнымі мовамі, а ў ідэале яшчэ і якой-колечы замежнай, што дазволіла б пазбыцца невукаў, якія трапілі на дзяржаўную службу па блату, лічыць ён. Удзельнікі дыскусіі ўпэўненыя, што большасьць чыноўнікаў сёньня мову беларускую ведае і ўмее размаўляць, але ініцыятыва спадара Шапіры хутчэй за ўсё так і застанецца ініцыятывай…

"Вялікая справа — палітычная воля, пярэчыць іншы. – Такія крокі чыноўніка выклікаюць павагу, магчыма яны дазволяць зьмяніць сытуацыю, калі чалавек, які зьвяртаецца ў выканкаме па-беларуску і чакае адказу на роднай мове, успрымаецца з падазронасьцю, амаль ворагам народу." У выканкаме ўжо пачалі ўжываць мову, прычым старшыня прапанаваў чаргаваць — два тыдні беларускай карыстацца, два наступныя — расейскай, каб надаць ім сапраўды роўныя правы, працягвае наступны блогер. Кажуць, што сам С.Шапіра добра ўмее па-беларуску, але большасьць падначаленых раздражняецца, лічыць яго ініцыятыву непатрэбшчынай: “Навошта гэта трэба?” – кажуць яны паміж сабой. “Навошта? — зьдзіўляецца яшчэ адзін блогер. – Але ж іх палкай у выканкам працаваць ніхто не заганяў. Не падабаецца? Дык хай шукаюць іншую працу!”

Некаторыя, аднак, зласьлівяць: ніякай у выканкаме размовы на беларускай мове не атрымліваецца, адно “губэрнатар” “мармыча” штось на “афрыкана-польскім дыялекце”, астатнія напружваюць свае зьвіліны, каб зразумець — што яму ад іх трэба. Маўляў, сьмяюцца ў яго за сьпінай нават… Пачынаць заўжды складана, але калісьці ўсё ж трэба, мяркуе іншы гарадзенец. І такая думка: хоць кіраўнік выканкаму “лукашэнкаўскі стаўленік”, але яго можна толькі паважаць, а для лепшых вынікаў варта было б даплачваць за беларускую мову, і тады праз год-два палова краіны з вялікім жаданьнем пачне ёю карыстацца.

Хто “супраць”?


Сярод гарадзенцаў ёсьць, аказваецца, адзінкі, якіх вельмі задавальняе, што пад лёзунгам існаваньня дзьвюх дзяржаўных моваў улады трымаюць беларускую ў яжовых рукавіцах, не даюць ёй дыхаць, як было пры камуністах. У канстытуцыі, заяўляюць адзінкі, дзьве мовы ўказаныя! “Ці яны хочуць давесьці да абсурду, як было ў Літве, калі пасьля распаду СССР літоўскую мову зрабілі абавязковай?” — абураецца адзін з такіх удзельнікаў дыскусіі. У адказ гучыць: “Спадары расейцы, майце сумленьне… Мова ідзе аб тым, што чалавек, які прыйшоў на прыём да чыноўніка і размаўляе на роднай мове ў сябе на Радзіме, не абавязаны выслухоўваць адказ на чужой для сябе мове”.

“Спадары беларусафобы, – зьвяртаецца да блогераў наступны. – Плітычная воля, каб падтрымаць беларускую мову, усё часьцей зьяўляецца ў чыноўнікаў на месцы, але яе няма ў “самага галоўнага”, аднак “нішто ня вечнае”. Другі падтрымлівае тэму: “Тыпова расейскі погляд на жыцьцё: калі вы не пад намі – значыцца, вы супраць нас”. Яшчэ адзін гарадзенец выносіць свой прысуд: беларуская мова “даўно памерла”, так што ня варта займацца рэанімацыяй, гвалтам прымушаць ёю карыстацца… “Такіх пераконваць — толькі нэрвы псаваць, — гучыць ў адказ. – Ёсьць добры выраз: чамадан, вакзал, Расея”.

І ўсё ж завяршае дыскусію скептык, якому вывучыць беларускую мову нескладана, бо гэта ж “не кітайская”, але калі ня стане беларусаў (у выпадку, калі зьнікне іхняя мова), яму “па барабану”, бо сам ён расеец.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG