Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аднаго выпусьцілі — другога арыштавалі


Спэцпрымальнік-разьмеркавальнік на завулку Акрэсьціна ў Менску
Спэцпрымальнік-разьмеркавальнік на завулку Акрэсьціна ў Менску
У адну крымінальную справу аб’яднаны эпізоды аб нападзе на амбасаду Расеі, ізалятар на Акрэсьціна, Генштаб мінабароны ды іншыя будынкі ў Менску, Салігорску і Бабруйску. Таксама працягваюцца затрыманьні актывістаў, якіх падазраюць у датычнасьці да гэтых злачынстваў.

9 лістапада стала вядома пра затрыманьне жыхара Менску Максіма Веткіна, сябра актывіста Ігара Аліневіча, абвешчанага міліцыяй у вышук паводле справы аб нападзе на амбасаду Расеі. Паводле праваабаронцы Насты Лойкі, хлопца трымаюць у ізалятары на вуліцы Валадарскага, яму нібыта ўжо выстаўлена абвінавачаньне ў хуліганстве.

Шматлікія справы аб нападах на розныя будынкі ў Менску ды іншых гарадах нядаўна аб’ядналі ў адну крымінальную справу, кажа Наста Лойка са спасылкай на адвакатаў затрыманых.

«Справы аб’ядналі, зараз створаная адзіная сьледчая група пры сьледчым упраўленьні менскай міліцыі. У групу ўваходзяць 4 сьледчыя: 2 з гарадзкога ўпраўленьня і 2 з раённых упраўленьняў. Кіруе групай сьледчы Іваноў».

Таксама, паводле Насты Лойкі, расьсьледаваньне справы працягнулі да 3 сакавіка.

Кіраўнік прэсавай службы менскай гарадзкой міліцыі Аляксандар Ластоўскі ня стаў камэнтаваць гэтыя зьвесткі, спаслаўшыся на адсутнасьць загаду паведамляць нешта пра справы аб нападах і выбухах.

Выгаралы сьсярэдзіны аўтамабіль у расейскім пасольстве ў Беларусі.
Сьпіс аб’ектаў, на якія нападалі невядомыя хуліганы, увесь час павялічваецца. У канцы жніўня на тэрыторыю амбасады Расеі ў Менску невядомыя кінулі бутэльку з «кактэйлем Молатава» і трапілі ў пасольскі аўтамабіль. Тады ж стала вядома пра завядзеньне крымінальнай справы, якая, аднак, не аказалася адзінай.

Празь некалькі дзён ў інтэрнэце зьявілася відэа нападу на ізалятар на Акрэсьціна, падчас якога таксама быў выкарыстаны «кактэйль Молатава». Пасьля першых затрыманьняў актывістаў анархісцкага руху гарадзкая міліцыя паведамляла, што шукаюць таксама нападнікаў на казіно «Шангры-ла» і будынак Палацу прафсаюзаў, якія адбыліся ўвосень 2009 году і ўвесну 2010 году. Пазьней стала шырока вядома пра напад на міліцэйскі пастарунак у Салігорску, а таксама пра леташнюю акцыю каля Генштабу Мінабароны.

Усяго пад арышты ў сувязі з праверкай на датычнасьць да гэтых здарэньняў падпалі дзясяткі маладзёвых актывістаў ня толькі анархісцкага руху, але экалягічнага ды іншых. Цяпер, паводле журналіста Аляксандра Ярашэвіча, якога таксама затрымлівалі паводле гэтай справы, акрамя Максіма Веткіна за кратамі застаюцца Мікалай Дзядок і Аляксандар Францкевіч. Мікалаю Дзядку, паводле журналіста, падоўжылі тэрмін утрыманьня пад вартай да 24 сьнежня. Адносна Аляксандра Францкевіча дакладных зьвестак няма:

«Адносна Аляксандра невядома, падоўжылі яму тэрмін утрыманьня ці не. І маці дакладнай інфармацыі ня мае. Калі ў яго будзе суд, таксама невядома. Ніхто нічога ня кажа». Раней паведамлялася, што Аляксандра Францкевіча падазравалі ў тым, што ён здымаў на відэа напад на міліцэйскі пастарунак у Салігорску, і за гэта яго абвінавацілі ва ўдзеле ў групавых хуліганскіх дзеяньнях.

Праваабаронцы кажуць, што акрамя Ігара Аліневіча, які зьехаў зь Беларусі, у вышук, паводле падазрэньняў у датычнасьці да нападаў, абвешчаны нейкі малады чалавек, якога клічуць Дзьмітры, але прозьвішча ягонае актывістам невядомае. Праверыць гэтыя зьвесткі празь міліцыю пакуль не ўдаецца — справу аб нападах і выбухах міліцыянты не камэнтуюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG