Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навукоўцы заклікаюць зьнізіць спажываньне солі


Высокасолевыя дыеты, да якіх большасьць народаў сьвету схільная гістарычна — і беларусы не выключэньне, — спрыяюць павышэньню крывянога ціску і прадвяшчаюць сардэчна-сасудзістыя, эндакрынныя, ныркавыя ды іншыя паталёгіі. Прадстаўнікі заходніх спажывецкіх ды грамадзкіх арганізацыяў, якія сочаць за станам здароўя людзей, перакананыя: дзяржавы павінны заканадаўча прымусіць харчовую прамысловасьць зьнізіць утрыманьне солі ў прадукцыі. Гэта, на іх думку, можа зьменшыць рызыку ўзьнікненьня сур’ёзных хваробаў.

Штодзённая норма солі на чалавека — максымум 6 грамаў


Чалавеку зь сярэдняй ды нізкай фізычнай актыўнасьцю ў кліматычных умовах Беларусі трэба ў суткі 4—6 грамаў солі (у гарачыню ды пры высокай спартовай нагрузцы — крыху больш). Але звычайна яе спажываюць у шмат разоў болей. Асаблівую небясьпеку нясуць такія прадукты, як чыпсы, салёныя арэшкі, бульба-фры. "Забойныя" дозы хлярыду натрыю ўтрымліваюцца таксама ў мясных паўфабрыкатах — сасісках і каўбасе, супах хуткага прыгатаваньня, шматках для сьняданку, саленьнях, піцы, кансэрвах.

У артыкуле, надрукаваным днямі ў мэдычным часопісе "Heart", навукоўцы з аўстралійскага ўнівэрсытэту ў Квінслэндзе сьцьвярджаюць, што ўвядзеньне абавязковых абмежаваньняў на соль на дзяржаўным узроўні дазволіць зьнізіць колькасьць пэўных захворваньняў на 18%. Гэта нашмат эфэктыўней, чым мэтады добраахвотнага зьніжэньня спажываньня солі.

"Калі адказнасьць карпарацыяў не працуе, то, магчыма, ураду трэба задумацца пра этычны бок праблемы і ўмяшацца", піша на старонках часопіса "Heart" кіраўніца квінслэндзкай групы дасьледчыкаў, доктар мэдыцыны Лінда Кобайк.

Трэба адзначыць, што ў самой Аўстраліі, а таксама ў такіх краінах, як Фінляндыя, ЗША, Канада, Францыя, Вялікабрытанія, Новая Зэляндыя, ужо працуюць адпаведныя праграмы, якія грунтуюцца на абавязковым маркіраваньні прадуктаў. Так, у Аўстраліі дзейнічае сыстэма "Tick": вытворцы, якія самастойна прымаюць рашэньне выпускаць прадукт зь мінімумам солі, маюць права зьмяшчаць на яго ўпакоўку адпаведны лягатып. Гэта, у сваю чаргу, прыносіць істотную карысьць: паводле падлікаў дасьледчыкаў, колькасьць выпадкаў сардэчных захворваньняў сярод тых, хто купляе такія прадукты, зьменшылася амаль на працэнт. Як сьведчаць дасьледчыкі, эфэктыўнасьць падобных захадаў больш як удвая вышэйшая, чым калі проста раяць: "ежце меней солі".
Асаблівую небясьпеку нясуць такія прадукты, як чыпсы, салёныя арэшкі, бульба-фры, каўбасы, піца, кансэрвы.

Камэнтуючы публікацыю, брытанская лекар-дыетоляг Вікторыя Тэйлар з арганізацыі "British Heart Foundation" выказвае думку, што спажываньне солі ў Вялікабрытаніі зьмяншаецца і без прымусовых захадаў. Шмат хто, гатуючы дома, пільнуе, каб колькасьць солі ў пераліку на аднаго чалавека не перавышала адной чайнай лыжкі ў дзень. Аднак, перакананая Тэйлар, пры гэтым ня ўлічваецца, што тры чвэрці ўсёй спажыванай солі крыецца ў гатовых прадуктах, а таму "за харчовай індустрыяй трэба пільнаваць як мае быць".

Тым часам спажывецкія арганізацыі Эўразьвязу выказваюць заклапочанасьць тым, што ў ЭЗ на ўпакоўках большасьці харчовых прадуктаў колькасьць солі ўсё яшчэ не пазначаецца. Часьцей за ўсё вытворцы адзначаюць утрыманьне натрыю, а гэта ўсяго толькі адзін з хімічных кампанэнтаў солі, што і ўводзіць спажыўцоў у зман.

Уважліва чытайце этыкеткі


У тых краінах, дзе няма дзяржаўных праграмаў солевага маркіраваньня прадуктаў, дыетолягі раяць спажыўцам:

  • Не давярайце выключна свайму густу і не сьпяшайцеся пасаліць быццам бы несалёную страву;
  • Купляючы прадукты ў краме, уважліва чытайце этыкеткі. У прыватнасьці, зьвяртайце ўвагу на такія інгрэдыенты, як глютамат натрыю (глютамінат натрыю, MSG, аджынамота), бікарбанат натрыю (харчовая сода), хлярыд натрыю (харчовая соль), разрыхляльнік цеста;
  • Памятайце, што колькасьць натрыю ў прадукце не павінна перавышаць 140 мг на порцыю;
  • Ужывайце больш сьвежых прадуктаў, пазьбягайце кансэрваў, паўфабрыкатаў і прамыслова прыгатаваных страў;
  • Абмяжоўвайце выкарыстаньне перагружаных сольлю прыправаў: соевага соўсу, кетчупу, гатовых салатных заправак, гарчыцы;
  • Паспрабуйце паступова прыбіраць соль з страваў, якія гатуюцца дома;
  • Выкарыстоўвайце замест солі травы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG