Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад якімі харугвамі войска ВКЛ перамагло пад Грунвальдам?


Уладзімер Арлоў
Уладзімер Арлоў

Больш як тысячу сустрэчаў у Беларусі і за мяжой правёў Уладзімер Арлоў за апошнія дзесяць гадоў. Цыдулкі ад чытачоў запоўнілі некалькі шуфлядаў. Зараз вечныя і надзённыя, наіўныя і падступныя, прыватныя і філязофскія пытаньні да пісьменьніка — у эфіры і на сайце «Свабоды» ў перадачы «Пакуль ляціць страла».


Нядаўна падарожнічалі зь сябрамі па Літве. Віленскі экскурсавод шмат казаў пра Грунвальдзкую перамогу, бо адзначалася яе 600-годзьдзе. Мы пачулі, што вырашальную ролю ў бітве адыграла літоўскае войска Вітаўта. Давялося заўважыць, што гэта было ўсё ж не літоўскае войска, а войска ВКЛ, і запытацца, колькі там было літоўскіх, а колькі беларускіх палкоў? Разгарэлася спрэчка, але, шчыра кажучы, аргумэнтаў нам не хапіла. Ці не маглі б Вы ўнесьці яснасьць?

Уладзімер, выкладчык фізыкі



Можна спрачацца пра агульную колькасьць ваяроў, што бралі ўдзел у бітве з боку Тэўтонскага ордэну і з боку Вялікага Княства Літоўскага і Польскай Кароны. Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі, да прыкладу, паведамляе, што крыжакі страцілі 40 тысяч забітымі і 15 тысяч палоннымі, хоць большасьць сучасных дасьледнікаў мяркуе, што ўся выстаўленая ордэнам армія наўрад ці магла складаць болей за 30 тысяч.

Можна дыскутаваць, хто меў лепшае ўзбраеньне. Можна весьці палеміку на тэму: хто кіраваў злучанымі сіламі Літвы (у гістарычным разуменьні гэтае назвы) і Польшчы? Ягайла, як традыцыйна лічылася, ці Вітаўт, на карысьць чаго таксама існуюць важкія доказы? Можна іранізаваць над некаторымі татарскімі аўтарамі, якія сьцьвярджаюць, што кавалерыя хана Джэлал-ад-Дзіна не ўваходзіла ў склад Вітаўтавага войска, а, налічваючы 15 тысяч ваяроў (лічба абсалютна казачная), была самастойнай арміяй.

Асобныя гісторыкі наогул ставяць пад сумнеў гістарычную значнасьць разгрому тэўтонцаў.

Але ёсьць факты, якія цяжка аспрэчыць.

Гістарычныя крыніцы згадваюць ня проста «літоўскае войска», а канкрэтныя палкі-харугвы, якія прывёў на Грунвальдзкую (ці Дубровенскую, як называлі яе нашы летапісы) бітву Вітаўт. Дарэчы, 30 зь іх мелі на сьцягах «Пагоню», а 10 — «Калюмны», іншы дзяржаўны сымбаль Вялікага Княства.

Польскі храніст ХV стагодзьдзя Ян Длугаш піша, што пазыцыі на полі бітвы занялі харугвы: берасьцейская, ваўкавыская, віленская, віцебская, гарадзенская, дарагічынская, кіеўская, ковенская, крамянецкая, лідзкая, медніцкая, мельніцкая, наваградзкая, пінская, полацкая, смаленская, старадубская, троцкая ды іншыя.

Кіеўская і крамянецкая прыйшлі з украінскага абшару.

Што датычыць этнічна літоўскіх (у цяперашнім сэнсе) земляў, то хронікі Длугаша — галоўная крыніца для вывучэньня тых падзеяў — называюць толькі ковенскую харугву. У віленскай, медніцкай і троцкай, як мяркуюць нашы гісторыкі, пераважалі ня продкі сучасных літоўцаў, а славяне. Але нават калі дапусьціць, што гэта ня так, агульная карціна ўсё адно не патрабуе лішніх камэнтароў.

Хіба што некалькі словаў пра гэтак званыя «три русских смоленских полка» (азначэньне расейскай гістарыяграфіі), якія ледзьве не адны выйгралі бітву. Гаворка ідзе, верагодна, пра амсьціслаўскую, аршанскую і ўласна смаленскую харугвы, выстаўленыя Смаленскай зямлёй, якая на той час ужо была часткаю Вялікага Княства Літоўскага. Гэтыя харугвы, пакінутыя Вітаўтам для прыкрыцьця правага флянгу палякаў, сапраўды праявілі незвычайную мужнасьць і амаль цалкам палеглі.

Пытаньне этнічнага складу войска ВКЛ узьнікла нядаўна і на адной з навуковых канфэрэнцыяў, прысьвечанай 600-годзьдзю Грунвальда. У адказ на агучаны сьпіс харугваў зь беларускіх земляў адзін зь літоўскіх гісторыкаў выставіў арыгінальны контраргумэнт: маўляў, у тыя часы войска не камплектавалася паводле этнічнага прынцыпу. Але хто тады жыў у Полацку, Віцебску, Менску, Воршы, Пінску, Горадні, Наваградку?..

Калі будзеце, цёзка, спрачацца зь літоўцамі на гэтую тэму наступны раз, папрасіце апанэнтаў назваць грунвальдзкія палкі, выстаўленыя іх этнічнымі землямі. Але зазначце, што аніякай ганьбы для літоўцаў у суадносінах славянскіх і балцкіх харугваў у войску ВКЛ, вядома, няма. Рэч у тым, што за часамі Вітаўта населеныя балтамі землі займалі ўсяго блізу 1/15 часткі ягонае дзяржавы.

А найлепей з суседзямі ня чубіцца, а выпіць за агульную перамогу нашых продкаў іхняга «Сукцінісу» ці нашае «Белавескай».

УСЕ ТЭКСТЫ СЭРЫІ «ПАКУЛЬ ЛЯЦІЦЬ СТРАЛА»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG