Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнік пра рэгуляваньне інтэрнэту: чым больш смуроду, тым лепш


Высілкамі менскага офісу Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе сёньня быў наладжаны круглы стол, які тычыўся наступстваў умяшаньня дзяржавы ў нацыянальны сэгмэнт сеткі Інтэрнэт.

Незалежныя экспэрты сыходзяцца на думцы, што спробы ўладаў узяць пад кантроль беларускі сэктар інтэрнэту супярэчаць міжнародным пагадненьням, у тым ліку і ў рамках АБСЭ. Аднак распрацоўнікі нашумелых дакумэнтаў настойваюць, што ў гэтай галіне трэба навесьці парадак. Сяргей Краўцоў, прадстаўнік Апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры адміністрацыі прэзыдэнта, на які ўскладзеныя функцыі кантролю за выкананьнем указу Аляксандра Лукашэнкі і ўрадавых пастановаў, перакананы, што ў цяперашніх умовах пускаць інтэрнэт на самацёк нельга:

«Крокі, якія робяцца ў Беларусі, каб інтэрнэт быў адкрыты, правільныя. На зары сваёй гісторыі інтэрнэт рэгуляваўся сукупнасьцю сацыяльных нормаў, і асноўнай мерай пакараньня за парушэньне было выключэньне з інтэрнэт-супольнасьці. Рост інтэрнэту зрабіў такія прадпісаньні малаэфэктыўнымі. І мы бачым, што заканадаўчая дзейнасьць у адносінах да інтэрнэту сур’ёзна актывізавалася. Прыярытэтнымі галінамі сталі абарона прыватнага жыцьця, дадзеныя пра карыстальнікаў, інтэлектуальная ўласнасьць, супрацьдзеяньне кібэрзлачыннасьці. Мы прыхільнікі падыходу, у рамках якога інтэрнэт разглядаецца як зьява, аналягічная тэхналёгіям, што яму папярэднічалі. Любыя прававыя нормы, якія існуюць, могуць ужывацца і ў адносінах да інтэрнэту. Але ў шэрагу выпадкаў, дзе гэтых нормаў недастаткова, павінны быць распрацаваныя новыя прававыя акты».

У адпаведнасьці з прэзыдэнцкім указам № 60 прадугледжваюцца такія захады, як абавязковая рэгістрацыя сайтаў, ідэнтыфікацыя інтэрнэт-карыстальнікаў, уваход у інтэрнэт-клюбы па пашпартах, захаваньне інфармацыі пра кліентаў у базе правайдэраў, забарона замежнага хостынгу, магчымасьць блякаваньня доступу да «падазроных» сайтаў і г.д. Аднак намесьнік міністра інфармацыі Аляксандар Слабадчук ня лічыць абмежаваньні чымсьці надзвычайным:

Каб абараніць грамадзтва ад міжнароднага тэрарызму, ад наркатрафіку, ад прастытуцыі і іншых нэгатыўных праяваў, якія маюць міжнародны характар, павінна быць выпрацаваная прававая база.
«Сёньня інфармацыйныя тэхналёгіі робяцца найважнейшым фактарам далейшага разьвіцьця нашай краіны. Усё гэта патрабуе выпрацоўкі прадметнага стаўленьня дзяржавы да сыстэмы Інтэрнэт, да разьвіцьця яго нацыянальнага сэгмэнту. Інтэрнэт на цяперашнім этапе разьвіцьця грамадзтва зьяўляецца інструмэнтам падвышэньня інтэнсіўнасьці сацыяльных камунікацый і кіраваньня ў самім грамадзтве. І ў сувязі з тым, каб абараніць грамадзтва ад міжнароднага тэрарызму, ад наркатрафіку, ад прастытуцыі і іншых нэгатыўных праяваў, якія маюць міжнародны характар, павінна быць выпрацаваная прававая база. Зноў жа, каб абмежаваць грамадзтва ад усяго вышэйсказанага. Павінен быць разумны і ўзважаны падыход. І мы разьлічваем на аб’ектыўны, празрысты, усебаковы разгляд гэтай тэмы».

Некаторыя чыноўнікі ўсё ж пагаджаюцца, што палку ў справе кантраляваньня інтэрнэту перагнулі. Але пры гэтым прэтэнзіі намагаюцца перакласьці на грамадзянскую супольнасьць — маўляў, тая яшчэ на этапе сыстэматызацыі прапановаў не захацела нічога абмяркоўваць. Як выказаўся намесьнік начальніка ўпраўленьня «К» МУС Беларусі Ігар Пармон, яны так пахаваліся, што зь міліцыяй знайсьці немагчыма. Зьдзіўленьня ад такіх аргумэнтаў не хавала прадстаўніца бюро АБСЭ ў пытаньнях свабоды слова СМІ Дуня Міятавіч, якая лічыць, што напярэдадні маючых адбыцца прэзыдэнцкіх выбараў такія заявы папросту неабачлівыя:

«Я ня веру ў тое, што ў Беларусі няма ніякай грамадзянскай супольнасьці, якую нельга знайсьці і нельга пагаварыць. Прабачце, гэта абсалютная няпраўда. Я не грамадзянка Беларусі і не жыву тут, але з многімі людзьмі, якія тут працуюць, кантактую. Я ведаю, што ўлады розных краінаў выкарыстоўваюць падобны падыход як нагоду дзеля таго, каб сказаць, што не існуе грамадзянскай супольнасьці, і каб ужываць адпаведныя захады кантролю. Таму на гэтую тэму я буду гаварыць і ў Міністэрстве замежных спраў, і ў Міністэрстве інфармацыі. Буду гаварыць пра тое, якія абмежаваньні ўводзяцца ў рамках заканадаўчых дакумэнтаў, у тым ліку пра тыя забароны, якія патрэбныя дзяржаве, каб змагацца з „амаральным зьместам“ і „амаральным кантэнтам“ інтэрнэту. Але насамрэч гэта выкарыстоўваецца ўрадам толькі як нагода дзеля таго, каб ухіляцца ад наладжваньня дыялёгу з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці».

Юрыст, дырэктар расейскага Інстытуту праблемаў інфармацыйнага права Андрэй Рыхтэр падрыхтаваў грунтоўную экспэртызу заканадаўчых дакумэнтаў, якія закліканыя ўпарадкаваць беларускі сэктар інтэрнэту. Вось адна зь ягоных заўвагаў:

«Указ № 60 спрычыніўся да зьяўленьня пастановы Савету міністраў, якая рэглямэнтуе мэханізм абмежаваньня доступу інфармацыі на патрабаваньне карыстальнікаў інтэрнэт-паслугаў адносна інфармацыі, зьмест якой накіраваны на распаўсюд парнаграфіі, прапаганду гвалту і жорсткасьці і г.д. Часам лічыцца, што абмежаваньне доступу на патрабаваньне саміх карыстальнікаў зьяўляецца формай самарэгуляваньня. І сапраўды, калі заклапочаныя бацькі ці выхавальнікі лічаць, што трэба закрыць доступ непаўналетнім да тых ці іншых сайтаў, то правайдэр заблякуе доступ. Але той факт, што аўтаматычна закрываецца доступ да забароненай інфармацыі дзяржаўным органам, установам культуры і адукацыі, безумоўна, не ўяўляе сабой самарэгуляваньня. Тым больш што працэс адбываецца на падставе рашэньня кіраўніка Камітэту дзяржкантролю, Генпракуратуры, Апэратыўна-аналітычнага цэнтру і г.д. Праблема з нормамі ў тым, што вызначэньне тыпаў шкоднай і незаконнай інфармацыі падаецца ў беларускім заканадаўстве такім чынам, што, безумоўна, дапускае прававую няпэўнасьць. Яны не сфармуляваныя з дастатковай дакладнасьцю і не дазваляюць грамадзяніну рэгуляваць свае паводзіны і магчымыя наступствы той ці іншай сытуацыі».

Генэральны дырэктар унітарнага прадпрыемства «Надзейныя праграмы» Юрый Зісер кажа, што непасрэдныя ўдзельнікі інтэрнэт-рынку пра бальшыню дзяржаўных захадаў у галіне рэгуляваньня сеціва даведваюцца постфактум. А гэта не дае падставаў казаць пра агульнасьць памкненьняў у гэтай сфэры:

«Праблему я бачу ў тым, што шмат якія рэчы папросту не тлумачацца. То бок спачатку прымаецца нейкі дакумэнт, ён звальваецца адкульсьці зьверху, а потым гадаеш, што там за кожным пунктам стаіць. І толькі празь некалькі месяцаў атрымліваеш тлумачэньні. Таму што ў нас такога кшталту навацыі ўводзяцца дэкрэтамі, указамі, пастановамі, а не законапраектамі. Адпаведна, няма грамадзкага абмеркаваньня. Я нават чуў думку аднаго чыноўніка, які наўпрост заявіў: калі прымаем новы дакумэнт і шмат смуроду — значыць, правільна. А павінна быць наадварот: чым меней, як выказаўся чыноўнік, смуроду, тым павінна быць лепей. І дзяржаве перш за ўсё, бо дзяржава першая пакутуе ад таго, што яе захады няправільна разумеюцца. Напэўна, распрацоўнікі хацелі чагосьці добрага, але ў выніку гэта дрэнна выглядае. Гэта ў тым ліку праблема піяру, праблема адносінаў дзяржавы да сваіх грамадзянаў — да той жа бізнэс-супольнасьці, да няўрадавых арганізацыяў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG