Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК зоймецца дэклярацыямі кандыдатаў і Някляевым


Сёньня а 12-й гадзіне ў Менску пачнецца паседжаньне Цэнтральнай выбарчай камісіі. На ім патлумачаць новыя палажэньні Выбарчага кодэксу, якія тычацца дэкляраваньня кандыдатамі ў прэзыдэнты сваіх прыбыткаў і маёмасьці. Таксама будуць разгледжаныя парадак карыстаньня дзяржаўнымі сродкамі масавай інфармацыі і арганізацыя галасаваньня па-за межамі Беларусі. На паседжаньне асабіста запрошаны Ўладзімер Някляеў.

Цэнтарвыбаркам хоча разабрацца з распаўсюдам друкаванай прадукцыі ў падтрымку Ўладзімера Някляева. Камісія занепакоеная з дзьвюх прычынаў: па-першае, улёткі зробленыя па-за межамі Беларусі, а гэта парушэньне Выбарчага кодэксу. Другое парушэньне выбарчага заканадаўства бачыцца ў тым, што распаўсюджваць агітацыйныя матэрыялы дазваляецца толькі пасьля афіцыйнай рэгістрацыі самога кандыдата, а не яго ініцыятыўнай групы.

Уладзімер Някляеў ў размове са "Свабодай" пацьвердзіў: паведамленьне Цэнтарвыбаркаму ім атрыманае. Аднак кандыдат у прэзыдэнты кажа: ні ён, ні яго ініцыятыўная група ня маюць ніякага дачыненьня да распаўсюду ўлётак:

я думаю, што гэта такая спроба справіцца з кампаніяй "Гавары праўду" і са мной асабіста
"Інкрымінуюць, што гэты мы іх вырабілі і раскідваем па паштовых скрынях. Мабыць трэба глядзець на мяне на як зусім нейкага дзіцёнка ў палітыцы. Я, канечне, паэт. Але ж не зусім ужо неразумнае дзіця, каб у час, калі паводле іх заканадаўства, усё гэта забаронена рабіць, я сам ці нехта з маіх людзей гэтым займаліся. Мы зрабілі не адзін інструктаж у гэтым кірунку – што ні ў якім разе, калі вы будзеце хадзіць па хатах, не займайцеся агітацыяй. Толькі знаёмства, і ня болей. І мы гэта ўсё выконваем. Таму я думаю, што гэта такая спроба справіцца з кампаніяй "Гавары праўду" і са мной асабіста. Але ня будзем забягаць наперад – 14-га гэта ўсё высьветліцца".

З досьведу ранейшых выбарчых кампаніяў вядома, што кандыдаты ў прэзыдэнты і дэпутаты нярэдка памыляліся пры запаўненьні дэклярацый. І тады заўжды ўзьнікала праблема – наўмысная гэта памылка ці не, можна іх рэгістраваць альбо трэба адмовіць? Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына ў размове са"Свабодай" патлумачыла. Яна кажа, што правілы дэкляраваньня для кандыдатаў цяпер сталі прасьцейшымі:

"Калі раней кандыдаты ў прэзыдэнты дэкляравалі ня толькі свае прыбыткі і прыбыткі паўналетніх сваякоў, якія пражывалі сумесна зь ім, але і ўсіх сваякоў, якія адносяцца да бліжняга кола, нават, калі яны пражывалі асобна, то цяпер кандыдаты ў прэзыдэнты павінны будуць прадставіць дэклярацыю на сябе, сваю жонку і поўнагадовых сябраў сям'і, калі яны пражываюць сумесна з кандыдатам".

Чакаецца, што ЦВК дазволіць кандыдатам у прэзыдэнты пры падліку сукупнага гадавога прыбытку памыліцца ня болей чым на 20%. Такая памылка будзе лічыцца неістотнай і не стане падставай для адмовы ў рэгістрацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG