Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Гэты рэжым скончыцца... 19-га сьнежня"


12 кастрычніка Гаспадарчы суд Менску задаволіў пазоў Менгарвыканкаму аб пазбаўленьні дзяржаўнай рэгістрацыі дасьледча-асьветніцкай установы «Рух наперад», якая праводзіць грамадзянскую кампанію «Гавары праўду!» Госьць “Начной Свабоды” – лідэр кампаніі “Гавары праўду”, прэтэндэнт на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў – сярод іншага, выказаўся наконт магчымасьці байкоту цяперашніх прэзыдэнцкіх выбараў.


Соўсь:
На нашым сайце цяпер актыўна абмяркоўваецца артыкул Зянона Пазьняка “Фальшывыя выбары. Фальшывыя паводзіны”. Галоўная думка і заклік лідэра Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ палягае ў тым, што галоўная праца цяпер павінна быць накіравана на байкот фальшывых выбараў. Паколькі пасьля выхаду Гайдукевіча з выбарчай кампаніі ўзьніклі эфэктныя магчымасьці для байкоту, каб перакуліць усю фальсыфікацыйную сыстэму рэжыму. Вы відаць чыталі артыкул, вы там згадваецеся таксама, Што б вы адказалі Зянону Пазьняку на заклік да байкоту?

Някляеў: Я ад самага пачатку не выключаў байкоту, як аднаго з магчымых варыянтаў разьвіцьця прэзыдэнцкай кампаніі на Беларусі. Усё залежала ад таго, як мы дамовімся супрацоўнічаць... Найлягчэй дамовіцца з самім сабой. Таму я ад пачатку быў тое, каб быў адзіны кандыдат. А як дамовіцца пра байкот, калі будзе 10 ці нават 15 кандыдатаў?

Заклік Лукашэнкі дапамагчы слабым апазыцыйным кандыдатам у прэзыдэнты зводзіцца да чаго? Па-першае, гэта дэманстрацыя беларускаму народу, што гэтыя апазыцыянэры, гэтыя адмарозкі нават са зборам подпісаў справіцца ня могуць. Ён жа сказаў, што мы ўсе разам зьбярэм 100-150 тысяч. І адсотак нам прызначыў – 2,4.

Дык вось Шэйман з Радзьковым прыйшлі і сказалі: "Не, дарагі! Ня так ўсё. Усё ў іх ідзе зусім някепска". Тады вось вам -- ужо нібыта зь ягонай ласкі мы будзем мець гэтыя подпісы.

Яшчэ ёсьць другі аспэкт -- гэта правакацыйная прапанова кіраўніка дзяржавы ў парушэньне ўсіх кодэксаў, выбарчых і нявыбарчых: "Калі вы нешта змахлюеце, дык той бяды! Ня будзе хапаць вам подпісаў, дык намалюйце там тэлефонную кнігу". Вось што яшчэ прагучала. І ня дай Бог на гэта купіцца.

Зянон Станіслававіч канечне мае рацыю, калі прапаноўвае гэта дэмакратычным сілам Беларусі, але ён сам разумее -- па танальнасьці ягонага артыкула гэта відавочна -- што дамовіцца, дайсьці да гэта сцэнару выбараў пры такім раскладзе, які ўжо ёсьць на сёньняшні дзень, наўрад ці ўдасца.

Але я асабіста, ці з байкотам ці без, буду імкнуцца да таго, каб мы ці максымальна зьменшылі колькасьць людзей, якія застануцца ў бюлетэнях ці ўсё ж прыйшлі да аднаго кандыдата. Калі б мы прыйшлі да аднаго кандыдата, дык ня трэба было б відаць у гэтай сытуацыі ніякіх байкотаў.

Я штодня стаю на пікетах, штодня сустракаюся зь людзьмі і адчуваю, што ім усё гэта абрыдла. Проста пакуль што мы атамізаваныя, асобна ўсе існуем. У нас яшчэ няма веры ў тое, што паміж намі ў гэтым грамадзтве можа пачацца такая ланцуговая рэакцыя – раз-раз-раз, адзін за адным. Але нешта адбудзецца. Я інтуітыўна адчуваю, што будзе нейкі выдых, гэтая рэакцыя пойдзе і гэты рэжым скончыцца... 19-га сьнежня.


Слухаць гутарку цалкам:


Глядзець камэнтары (39)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG