Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Цень Ерусаліму” ў Менску


Сёньня ў Нацыянальным гістарычным музэі ўрачыста адкрылася выстава вядомага ізраільскага фотамастака Леаніда Падруля «Цень Ерусаліму», арганізаваная амбасадай Ізраілю ў Беларусі. Народжаны ва Ўкраіне, ён з 1994 году жыве і працуе ў Ізраілі. Там Леанід Падруль захапіўся надзвычай цікавым і складаным для мастацкай фатаграфіі аб’ектам — раёнам Мёртвага мора.


Амбасадар Дзяржавы Ізраіль у Беларусі Эдзі Шапіра прызнаўся, што калі ўпершыню ўбачыў выставу спадара Падруля ў Тэль-Авіве, вырашыў знайсьці магчымасьць паказаць яе і беларусам:

«У сфэры фатаграфіі ізраільскія адмыслоўцы дасягнулі вышыні. Таму што фатаграфія сапраўды апісвае і ўвекавечвае вельмі важныя моманты нашай няпростай, вельмі дынамічнай і зьменлівай рэчаіснасьці».

Усе фатаграфіі выкананыя без кампутарнай апрацоўкі. Яны адлюстроўваюць біблейскую гісторыю з усімі яе супярэчлівасьцямі, жарсьцямі, пошукам спрадвечных каштоўнасьцяў.

Міністар культуры Беларусі Павал Латушка таксама быў вельмі ўражаны:

«Гэта добрая магчымасьць нам праз фотамастацтва пазнаёміцца з Ізраілем. З Ізраілем і Ерусалімам, які прадстаўляе тры асноўныя рэлігіі, магчымасьць пабачыць пэйзажы Мёртвага мора, ракі Ярдан, шмат вельмі цікавых аб’ектаў, якія належаць Ізраілю, але належаць і ўсясьветнай культурнай спадчыне».

Леанід Падруль
Мэта выставы, як тлумачыць сам фотамастак Леанід Падруль, — з дапамогай пэйзажаў зьвярнуцца да ўнутранага сьвету чалавека, зацікавіць яго гісторыяй, падзеямі, якія адбываліся ў біблейскія часы на зямлі Ізраілю:

«Мяне як мастака захапілі незвычайныя пэйзажы Юдэйскай пустыні, Мёртвага мора і, вядома ж, Ерусаліму. Я рады, што атрымаў магчымасьць прадставіць вам фатаграфіі зямлі маіх продкаў».

Ерусалім у Бібліі асацыюецца са сьвятлом. Мёртвае мора, якое ў старажытнасьці называлі Садомскім, Асфальтавым і морам Лота, разьмешчана ў глыбокай упадзіне, гэта самае нізкае месца на зямлі. Яго называюць «ценем Ерусаліму». Здымаць яго надзвычай цяжка з-за рэзкіх кантрастаў, зьменлівых эфэктаў складаных яркіх колераў і мяккіх пастэльных адценьняў, прызнаецца фотамастак.

Эдуард Шапіра з Паўлам Латушкам (у цэнтры).

На адкрыцьці выставы прысутнічаў беларускі мастацкі бамонд — дырэктары ўсіх музэяў, творчая інтэлігенцыя, прадстаўнікі дыпляматычнага корпусу. Вось некалькі меркаваньняў наведнікаў выставы:

— Уражаньні проста ашаламляльныя. Вельмі прыгожыя краявіды. Краіна, патрапіць у якую павінен імкнуцца кожны хрысьціянін. Захапляе найвышэйшы ўзровень майстэрства, выкананьне, фармат працаў. У Беларусі, па-мойму, я яшчэ ня бачыла работ такога вялікага красамоўнага фармату. Беларусі, Менску вельмі пашанцавала.

— Гэта працы чалавека, які душой адчуў смак, пах гэтай зямлі. Сапраўды, зямля незвычайная, нешта магічнае ў ёй ёсьць. І яму ўдалося перадаць гэта праз фотамастацтва. Тут усё: і сьвятло, і сонца, і хмары, і цень Ерусаліму. Ён адчувае Ерусалім ня проста як горад: для яго Ерусалім — гэта ўся зямля Ізраілю. Такія твары, такія вочы людзей… Я бываў не адзін раз у Ізраілі, але ўпершыню бачу такі Ізраіль, такі Ерусалім.

Леанід Падруль праводзіць Паўла Латушку па выставе.

Выстава будзе працаваць да 31 кастрычніка штодня, акрамя панядзелка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG