Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што хацеў давесьці Аляксандар Лукашэнка расейскім журналістам?


Прэзыдэнт Беларусі даў вялікую прэсавую канфэрэнцыю для прадстаўнікоў расейскіх мэдыяў. Якое агульнае ўражаньне ад выступу Аляксандра Лукашэнкі? Як ён ацаніў беларуска-расейскія дачыненьні? Які перадвыбарчы мэсыдж даслаў Лукашэнка беларускаму грамадзтву?


Удзельнікі: палітоляг Уладзімер Падгол і журналіст газэты «Наша ніва» Зьміцер Панкавец.

Зьміцер Панкавец
Уладзімер Падгол
Валер Карбалевіч


Агульнае ўражаньне ад выступу


Валер Карбалевіч
: «Традыцыйная прэсавая канфэрэнцыя перад журналістамі Расеі гэтым разам праходзіла ва ўмовах жорсткага беларуска-расейскага канфлікту і прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Таму ў зьвязку з гэтымі абставінамі выступ Лукашэнкі чакаўся з асаблівай цікавасьцю. Якое агульнае ўражаньне ад ягонай прэсавай канфэрэнцыі?»

Уладзімер Падгол: «З выступу Лукашэнкі вынікае, што для яго прэзыдэнцкія выбары ня маюць сэнсу як барацьба з апанэнтамі зь лягеру апазыцыі. Ён бачыць сваіх канкурэнтаў у Пуціне і Мядзьведзеве і змагаецца зь імі, хоча іх перамагчы.

Ён бачыць сваіх канкурэнтаў у Пуціне і Мядзьведзеве і змагаецца зь імі, хоча іх перамагчы.
Лукашэнка даводзіць, што выбары для яго ня маюць сэнсу. Ён як быў прэзыдэнтам, так і застанецца. І нават сказаў, колькі галасоў атрымае на выбарах: 2/3 галасоў. Таму ён увесь час абмяркоўвае пляны на тое, што будзе праз два гады, пяць гадоў. Як быццам ён вечны прэзыдэнт».

Зьміцер Панкавец: «Новая сытуацыя канфлікту з Расеяй, перадвыбарчая сытуацыя ніяк не зьмянілі зьмест выступу. Нічога новага мы ня ўбачылі. Такія ж прэсавыя канфэрэнцыі ён даваў і год, і два таму. Ён не выглядаў нэрвовым, быў ва ўдары, спрабаваў жартаваць. Дарэчы, аўтарытэтных расейскіх выданьняў на сустрэчы было мала».

Ход у інфармацыйнай беларуска-расейскай вайне


Карбалевіч: «Напярэдадні прэсавай канфэрэнцыі экспэрты і СМІ разглядалі яе як ход у інфармацыйнай беларуска-расейскай вайне. У чым быў сэнс адказу Лукашэнкі на маскоўскія закіды? Ці моцным атрымаўся ход?»

Падгол: «Для недасьведчаных людзей ход моцны. Кожны дзень беларускае тэлебачаньне брала інтэрвію ў гэтых журналістаў. І яны распавядалі беларусам, што тыя жывуць у раі. На прэсавай канфэрэнцыі гэта паўтарылася. Кожнаму пытаньню спадарожнічалі камплімэнты на адрас Лукашэнкі і Беларусі. Таму на простых абывацеляў яна будзе мець уплыў.

Думаю, што Лукашэнка так зацята ваюе з Пуціным і Мядзьведзевым таму, што чакае ад іх яшчэ магутных удараў. І каб зьмікшаваць, зьменшыць сілу іх, ён робіць з Пуціна і Мядзьведзева ворагаў беларускага народу».

Панкавец: «Лукашэнка па-ранейшаму працягвае сябе лічыць значным гульцом на расейскім палітычным полі. Ён казаў на пачатку, што беларусы і расейцы — гэта адзін народ. Гэта значыць, што ён гатовы ісьці на збліжэньне з Расеяй. Толькі першага кроку чакае ад Пуціна і Мядзьведзева.

Але потым заявы пра „бязмозглую палітыку“, пра тое, што ў Крамлі ня ведаюць, што робіцца на Ўрале, разьбіваюць шанцы на збліжэньне. Таму я ня бачу моцнага эфэкту ад гэтай прэсавай канфэрэнцыі. Магчыма, гэта пасланьне хутчэй беларусам, чым расейцам.
Ён паказаў, што не баіцца нейкай прарасейскай „пятай калёны“ ў сваім атачэньні.


Цікава: Лукашэнка акцэнтаваў увагу на тым, што ў беларускім кіраўніцтве шмат расейцаў. Тым самым ён паказаў, што не баіцца нейкай прарасейскай „пятай калёны“ ў сваім атачэньні».

Карбалевіч: «Ці можна з прэсавай канфэрэнцыі зрабіць выснову, што галоўнай лініяй перадвыбарчай кампаніі будзе вобраз Лукашэнкі як абаронцы незалежнасьці Беларусі ад расейскага імпэрыялізму»?

Падгол: «Думаю, так. Толькі абараняцца ён будзе не ад Расеі ўвогуле — ад расейскага кіроўнага дуэту. Бо ён працягвае казаць, што беларусы і расейцы — гэта адзін народ. Хоць МВФ даў грошай, але ён усё роўна застаецца ворагам, па словах Лукашэнкі. Беларускі кіраўнік падкрэсьліваў, што ўвесь сьвет галадае, Эўропу заліло, у Расеі пажары і засуха. Толькі Беларусь — адна заможная».

Панкавец: «Барацьба будзе ісьці ня супраць Расеі, а супраць тых кіраўнікоў расейскіх, якія замінаюць будаваць шчасьлівую саюзную дзяржаву. Бо, па ягоных словах, бяда, што адзін народ вымушаны жыць у розных дзяржавах».

Перадвыбарчы мэсыдж


Карбалевіч: «Як адчувалася перадвыбарчая кампанія ў выступе Лукашэнкі? Бо прэсавая канфэрэнцыя найперш трансьлюецца для беларускай аўдыторыі. Які мэсыдж даслаў Лукашэнка беларускаму электарату?»

Панкавец: «Лукашэнка дэманстраваў, што не баіцца гэтых прэзыдэнцкіх выбараў, яны яму не цікавыя. Ён ня лічыць вартым увогуле гаварыць пра сваіх апанэнтаў на прэзыдэнцкіх выбарах, бо апазыцыя бяздарная, беспэрспэктыўная. За яе, паводле ягоных слоў, можа прагаласаваць 150 тыс. чалавек. Гэта каля 3% выбарцаў.

Заява пра 2/3 галасоў на выбарах — гэта жэст у бок Захаду. Маўляў, глядзіце, у нас не 90%, а менш. Раней для яго было псыхалягічна важна, каб яго рэйтынг няспынна рос. Цяпер зьніжэньне галасоў стане для яго псыхалягічным ударам. Увогуле ён не ўяўляе, што пасьля 19 сьнежня ня будзе прэзыдэнтам».


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG