Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пра апазыцыю: "Мы ведаем усіх пайменна"


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка сёньня правёў першую прэсавую канфэрэнцыю пасьля абвяшчэньня прэзыдэнцкіх выбараў. Аўдыторыю ён сабе абраў, запрасіўшы больш за 100 журналістаў з расейскіх рэгіёнаў. Такі прэс-тур ладзіўся ўжо восьмы раз. Гаварыў Лукашэнка больш як чатыры гадзіны.

У апошніх непаразуменьнях паміж афіцыйнымі Менскам і Масквой Лукашэнка абвінаваціў "расейскіх высокапастаўленых палітыкаў" і пэрсанальна прэзыдэнта Дзьмітрыя Мядзьведзева.

"Гэта каманда Мядзьведзева. Ня ведаю, наколькі гэта падтрымліваецца Пуціным, але ў мяне ёсьць зьвесткі, што ён тую ж пазыцыю займае. Гэта адна і тая ж каманда, якая мачыла, намякала Шайміеву — той спакойна сышоў, Муртазу Рахімава нахіляла, памятаеце, потым да Ілюмжынава дабраліся, потым мяне прыхапілі, цяпер Лужкова".

А. Лукашэнка назваў свае адносіны з тандэмам Пуцін-Мядзьведзеў: "кепскія адносіны, калі не сказаць горш", але разам з тым прызнаў, што за 3 месяцы, максымум за паўгода ён верне адносіны Беларусі з Расеяй на ранейшы ўзровень, калі будзе на тое воля расейскага кіраўніцтва.
Яны далі права вяшчаць людзям, якія на дух не пераносяць Расею

А тым часам А. Лукашэнка накіраваў "шчыры сяброўскі ліст падтрымкі" былому мэру Масквы, нядаўна адхіленаму з пасады прэзыдэнтам Мядзьведзевым. А. Лукашэнка занепакоены, што расейскія СМІ даюць слова беларускай апазыцыі:

"Самае страшнае, што яны далі права вяшчаць людзям, якія на дух не пераносяць Расею. Гэта людзі, якія ўчора і сёньня атрымліваюць гранты ў Заходняй Эўропе і Амэрыцы. А сёньня яшчэ адзін спонсар зьявіўся. Бізнэс Расеі. І мы ведаем, хто гэтыя грошы плаціць. Таму што нядаўна такога кур'ера з 200 000 даляраў мы затрымалі".

Колькасьць адкрытых прыхільнікаў беларускай апазыцыі А. Лукашэнка ацаніў у 800 чалавек, прызнаўшы, што прагаласаваць за яе могуць толькі 100—150 тысяч выбарцаў. "Мы ведаем усіх пайменна", — папярэдзіў Лукашэнка. Незалежным СМІ ён адрасаваў наступныя словы: "Пішыце, пасьля выбараў пагаворым з вамі".

Што да сваёй электаральнай падтрымкі, дык тут Лукашэнка ня выявіў сьціпласьці, ён нават вызначыў, колькі выбарцаў за яго прагаласуе 19 сьнежня.
Я не хачу, каб мае дзеці былі ў Беларусі прэзыдэнтамі

На гэтую тэму адбыўся дыялёг з журналістам 5-га каналу Андрэем Бурцавым:

"Камэнтуючы вынікі выбараў 2006 году, вы сказалі аб тым, што для таго, каб яны былі прызнаныя Эўразьвязам — я ня ведаю, іранізавалі вы ці не, — вам давялося фальшаваць іх у меншы бок…"

"Не, не іранізаваў. Гэта была праўда. З 96—97 працэнтаў да 87".

"Маючы на ўвазе будучыя выбары, ці вы ўжо вызначалі сабе той бар'ер, які…"

"Так, вызначыў. Мне хацелася б, каб за мяне прагаласавала дзьве трэці насельніцтва. Гэта канстытуцыйная большасьць і вышэйшая ступень даверу. Гэта было б вельмі добра".

Пытаньні журналістаў пра магчымага спадкаемцу А. Лукашэнка адкідаў:

"Я не рыхтую нашчадка. Я не хачу, каб мае дзеці былі ў Беларусі прэзыдэнтамі. Я наеўся, і мне, і маім дзецям хапіла гэтага прэзыдэнцтва. Я адно мару аб тым, каб з маіх дзяцей ня зьдзекаваліся пасьля майго сыходу, асабліва з гэтага малога".

Апрача іншага, Лукашэнка даводзіў расейскім журналістам, што ён ня крадзе ў год 7 мільярдаў даляраў, як паведамляла НТВ, што Беларусь — не адзіная краіна, якая не пайшла на прызнаньне Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, што ён гатовы дапамагчы Расеі ў наладжваньні адносін з Грузіяй, што ў кіраўніцтве Беларусі палова расейцаў.

Зусім нечакана ён даў нэгатыўную ацэнку эфэктыўнасьці расейскай вэртыкалі і заявіў: "Лічу, што ў Расеі губэрнатары павінны абірацца".

Акрамя таго, Лукашэнка прызнаў, што гэта ён даў каманду на зьнішчэньне паветранага шара з амэрыканскімі грамадзянамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG