Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Вучыцца на авіятрэнажорах — як лізаць цукар праз шкло”


МІГ-29
МІГ-29
Чарговая катастрофа зь беларускім вайсковым самалётам зноў паставіла пытаньне пра якасьць падрыхтоўкі лётчыкаў і стан авіятэхнікі ў беларускім войску.

Беларуская вайсковая пракуратура завяла крымінальную справу паводле авіякатастрофы пад Ганцавічамі, якая адбылася 23 верасьня. Справу завялі паводле артыкула аб парушэньні правілаў палёту альбо іншых правілаў, якое прывяло па неасьцярожнасьці да сьмерці двух ці болей асобаў.

Учора пасьля 16 гадзінаў вечара вайсковы самалёт МІГ-29 разьбіўся ў лесе каля вёскі Разьдзялавічы Ганцавіцкага раёну. Мясцовы жыхар Аляксандар Капінец зьбіраў журавіны на балоце і назіраў за самалётам, які нізка лятаў над тымі мясьцінамі:
Думаю, пэўна, ўсё! І так, праз пару сэкундаў — выбух, і грыб дыму падняўся.

«Потым ён ў бок Радзялавічаў паляцеў і быццам на разварот, а тут дзюбай уніз пачаў падаць і круціцца, але не празь сябе, а бакамі. І ўжо над лесам ляціць, а я зьдзіўляюся — там жа няма ўзьлётнай паласы! Бачу, ён ужо ў лес схаваўся. Думаю, пэўна, ўсё! І так, праз пару сэкундаў — выбух, і грыб дыму падняўся».

Вось што сьведка згадаў пра асаблівасьці апошніх сэкундаў палёту МІГ-29:

«Я б не сказаў, што ў яго была малая хуткасьць, калі ляцеў над лесам. Я зьдзівіўся, што ён так хутка ляціць. Ён над самым лесам выраўняў самалёт, паставіў гарызантальна. Яшчэ гудзеў, і кшталту чорнага дыму з турбінаў, акурат як над лесам зманэўраваў, чорны дым зьявіўся, такая паласа».

Названы імёны пілётаў, якія загінулі. Гэта падпалкоўнік Сяргей Каваленка, лётчык першага клясу, які камандаваў эскадрыльляй 61-й авіябазы ў Баранавічах, і маёр Аляксандар Жыгайла, лётчык 2-й клясы, намесьнік камандзіра зьвяна. Паводле прэсавай службы Міністэрства абароны, лётчыкі выконвалі фігуры пілятажу павышанай складанасьці на нізкіх вышынях. «Каб пазьбегнуць падзеньня самалёту на населеныя пункты, экіпаж увёў машыну ў раён лясіста-балоцістай мясцовасьці», — паведамляе прэсавая служба.

Былы лётчык Анатоль Заўялаў з Магілёва сочыць і аналізуе ўсе авіяцыйныя здарэньні апошніх гадоў:
Ад любой вёскі можна адвесьці самалёт, але пры гэтым можна ж і катапультавацца.

«Гэта стандартны адказ міністэрства абароны, інакш яны ня могуць, ім жа ўсіх трэба ў героі выводзіць, як тых лётчыкаў, што разьбіліся ў Польшчы. Так, ад любой вёскі можна адвесьці самалёт, але пры гэтым можна ж і катапультавацца — катапульта на МІГ-29 гэта дазваляе з 10 мэтраў ад узроўню зямлі».

Наконт прычын катастрофы Анатоль Заўялаў мяркуе, што на нізкай вышыні пры выхадзе зь мёртвай пятлі маглі адказаць рухавікі — адсюль і чорны дым. «Гэта ад таго, што газа ўжо не згарае ў турбіне», — кажа былы лётчык Заўялаў. Паводле яго, далей трэба было адразу катапультавацца, але гэтаму маглі перашкодзіць некалькі фактараў: звычайны страх, адказ катапультаў, а яшчэ асаблівасьці палёту ў «спарцы». Анатоль Заўялаў не выключае, што малодшы па званьні лётчык, якога правяраў старэйшы, да апошняга намагаўся выканаць заданьне і выратаваць самалёт, у выніку быў згублены час для выратаваньня. Прычына, паводле Заўялава, у недахопе досьведу палётаў, які не назапасіш, трэніруючыся збольшага на трэнажорах:

«Як адмысловец вам скажу: трэнажор важны і патрэбны, так, але як дадатковы мэтад навучаньня. Гэта ўсё роўна, як лізаць цукар праз шкло. Бачыш, але не адчуваеш смаку. З трэнажору трэба пачынаць вучыцца, а далей — практыка. А зоркі падпалкоўніка практыкі не даюць, яны — толькі на пагонах».

Кіраўніка прэсавай службы Міністэрства абароны Вячаслава Раменчыка я адмыслова папрасіў адказаць на крытычныя заўвагі адносна якасьці падрыхтоўкі беларускіх вайсковых лётчыкаў:

«У Беларусі створана нацыянальная школа падрыхтоўкі вайсковых пілётаў. Яна дазваляе рыхтаваць лётчыка як тэарэтычна, гэтак і практычна. Ад трэцяй клясы да лётчыка-снайпэра. Паводле калег з Расеі ды іншых замежных калегаў, у нас падрыхтоўка лётчыкаў нічым не саступае падрыхтоўцы там».

Адносна авіятэхнікі Вячаслаў Раменчык сказаў:

СУ-27 і МІГ-29 стаяць на ўзбраеньні шмат у якіх краінах. Яны дагэтуль лічацца аднымі з найлепшых зьнішчальнікаў.
«Што да зьнішчальнай авіяцыі, на ўзбраеньні ў нас самалёты СУ-27 і МІГ-29, якія стаяць на ўзбраеньні шмат у якіх краінах. Яны дагэтуль лічацца аднымі з найлепшых зьнішчальнікаў. Гэта ня толькі наша меркаваньне, а і меркаваньне ў сьвеце».

Паводле афіцыйных зьвестак, на месцы падзеньня самалёта вядуцца тэхнічныя экспэртызы, у тым ліку шукаюць гэтак званыя «чорныя скрыні». «Ад самалёта нічога не засталося», — паведаміў «Свабодзе» рэдактар мясцовай газэты Пётар Гузаеўскі, які сёньня пабываў на месцы здарэньня.


Летась 30 жніўня падчас авіяшоў у польскім горадзе Радаме разьбіўся беларускі зьнішчальнік Су-27 УБ. У выніку катастрофы загінулі беларускія лётчыкі Аляксандр Марфіцкі і Аляксандр Жураўлевіч. 21 красавіка падчас палёту сутыкнуліся два МІГ-29 з 927-й авіябазы. Адзін з самалётаў разьбіўся, лётчыкі выратаваліся праз катапультаваньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG