Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэст Сяргея Чалага


У чым карысьць выбараў, нават такіх, якія і ня выбары зусім? У тым што яны так ці інакш – агульнанацыянальная дыскусія наконт шляхоў далейшага разьвіцьця краіны. У краінах дэмакратычных разьмеркаваньне галасоў на выбарах і ёсьць вынік гэтай дыскусіі. У дзяржавах, дзе сыстэма дзяржаўнага кіраваньня больш своеасаблівая і афіцыйныя лічбы маюць апасродкаваную, скажам так, сувязь з народным волевыяўленьнем, дыскусія ўсё ж адбываецца. І яе вынікі бяруцца пад увагу нават пераможцамі.

У пэўным сэнсе можна лічыць, што заляцаньні афіцыйнага Менску да Эўропы, дыялёг, сяброўства ва “Ўсходнім партнэрстве” сталі аддаленым рэхам і вынікам праэўрапейскай выбарчай кампаніі А. Мілінкевіча ў 2006 годзе і Плошчы. Ну так, гэта было не зусім тое ці можа нават зусім ня тое, чаго чакалі людзі, што стаялі на Плошчы. Але ў гісторыі так яно заўжды бывае.

Пра што выбары?

Калі разглядаць выбарчую кампанію менавіта як такую дыскусію, то варта сказаць, што сёлетні набор тэмаў не падобны ні на водную папярэднюю кампанію. Раней так ці інакш адной з цэнтральных, калі не цэнтральнай, тэмай, восьсю пазыцыянаваньня быў геапалітычны выбар: пры гэтым А.Лукашэнка ў гэтым выбары асацыяваўся з Расеяй, з выбарам на яе карысьць, а яго апанэнты – з Захадам, з Эўропай.

Асабліва выразна гэта было ў 2006 годзе, але і ў 2001 годзе, нягледзячы на тое, што Ўладзімер Ганчарык падчас тэлевыступу прасіў прэзыдэнта Расеі У. Пуціна стаць гарантам справядлівых выбараў у Беларусі, разьмеркаваньне роляў было менавіта такім.

А зараз відавочна ня будзе такім. А якім будзе, вакол якога выбару “або–або” будуць вызначацца як кандыдаты, гэтак і выбарцы?

Аналітык Сяргей Чалы ў інтэрвію Эўрарадыё сфармуляваў даволі праўдападобную гіпотэзу - што Лукашэнка будзе будаваць кампанію на супрацьпастаўленьні “незалежнасьць Беларусі – Расея”, ён – абаронца незалежнасьці, ягоныя апанэнты – найміты, лёкаі замежжа, найперш Расеі, “ворагі народа”, як ужо было сказана.

Тут варта адзначыць, што па-першае, такіх супрацьпастаўленьняў, тэматычных “восяў” кампаніі, можна прыдумаць шмат, а па-другое, ня ўсё, што можна прыдумаць, можна рэалізаваць на практыцы.

Ельцын або Гулаг

Клясычным выпадкам такога мадэляваньня была прэзыдэнцкая кампанія Барыса Ельцына 1996 году. Ён, яго каманда здолелі сканструяваць, “прадаць” выбарцам кампанію як змаганьне супраць рэваншу камунізму, Ельцын пазыцыянаваўся як адзіны, хто мог прадухіліць вяртаньне Гулагу. Ці стаў бы Г.Зюганаў яго насамрэч вяртаць у выпадку перамогі, ня мела ўжо вялікага значэньня, каманда Ельцына здолела прадставіць выбары як выбар паміж ім і Гулагам. У выніку была забясьпечаная мабілізацыя тых, хто, нягледзячы на ўсе асаблівасьці Расеі 90-х, вяртаньня Гулагу ўсё ж не хацеў, а па-другое, па-за гульнёй апынуліся ўсе іншыя кандыдаты, ўключна з А.Лебедзем і Р.Яўлінскім, іх словы, прапановы правальваліся ў прамежак паміж палюсамі.

Ну вось цяпер і А.Лукашэнка спрабуе канструяваць нешта падобнае. Яго кампанія будзе пра гэта. І гледзячы па ўсім роля галоўнага прэтэндэнта на другі полюс прыгатаваная для Ўладзімера Някляева. Ён мог паспрабаваць сам навязаць нейкае іншае тэматычнае вымярэньне кампаніі, скажам, змагары з карупцыяй з “Гавары праўду” на чале з Някляевым – супраць хцівага чынавенства на чале зь іх правадыром. Словам, нешта кшталту кампаніі Лукашэнкі ўзору 1994 году, у якой той перамог Кебіча. Але, як паказалі месяцы дзейнасьці “Гавары праўду”, тэма ня надта, пра гэта не гавораць на кухнях, у курылках, у транспарце і ў лазьнях. А вось пра кіно пра “бацьку” гавораць. І пра тое, што ж будзе, калі Расея прыцісьне, гавораць.

Так што зьмяніць тэму кампаніі наўрад ці атрымаецца, можна толькі вызначыцца адносна яе.

Пуцін-Мядзьведзеў: “Я прыйшоў, каб вы перамаглі”

Ужо прыгаданы Сяргей Чалы ў маёй перадачы “Праскі акцэнт” прапанаваў дасьціпны контарпіяр супраць лёзунгу кампаніі Някляева “Я прыйшоў, каб вы перамаглі”: гэты лёзунг, а побач – партрэты Мядзьведзева і Пуціна. Усюдыісныя блогеры ўжо ўвасобілі гэтую ідэю.


Але насамрэч на мой погляд гэта сапраўды выдатны тэст на тое, што такое для беларусаў Расея, пахавае Някляева выразнае пазыцыянаваньне на баку Расеі ці дасьць шматлікіх прыхільнікаў. Скажам, паводле дадзеных апытаньняў сацыялягічнай лябараторыі “Новак”, хаця прыхільнасьць да Расеі і памяншаецца, колькасьць прыхільнікаў гэтага “вэктару” па-ранейшаму перавышае колькасьць праэўрапейцаў (36% на 33%). Да таго ж, паводле тлумачэньняў прафэсара А. Вардамацкага, геапалітычныя арыентацыі беларусаў надзвычай рацыяналістычныя, “беларусы стануць праэўрапейцамі, калі Эўропа будзе купляць нашы МАЗы”. Ніякага такога варыянту Лукашэнка ў сваёй вэрсіі гордага супрацьстаяньня “ўсходнім драпежнікам” не прапаноўвае. Што істотна зьніжае прывабнасьць задумкі.

Да таго ж цяперашняе перадвыбарчае know-how ўваходзіць у супярэчнасьць ня толькі з рэчаіснасьцю, але і са шматгадовым зьместам прапаганды, грунтаваным, дарэчы, не на пустым месцы. У якім сэнсе Расея вядзе супраць Беларусі эканамічную вайну? Калі без мэтафараў. Раней прадавала нешта і давала магчымасьць прадаваць у сябе з большымі ільготамі, цяпер – зь меншымі. Вось і ўся вайна. Такую “вайну”– гандаль па рынкавых цэнах – Расея вядзе ад веку з амаль усім астатнім сьветам. Раней адсутнасьць такой “вайны” зь Беларусьсю інтэрпрэтавалася многімі як падтрымка дыктатара.

Ці ўсясільная машына дзяржаўнай прапаганды?

Ну а наконт зьместу прапаганды... Моц беларускай прапагандысцкай машыны ня варта недаацэньваць, але сучасная Беларусь – усё ж не СССР, дзе ў жніўні 1939 году грамадзяне раптам даведаліся, што “крывавы фашызм” аказваецца – “добры саюзьнік краіны Саветаў”. Ёсьць праблемы. Зьляпіць у масавай сьвядомасьці з Расеі экзыстэнцыйнага ворага – задача не такая простая ў краіне, дзе тры чвэрці апытаных адказваюць, што расейцы ім бліжэйшыя, чым эўрапейцы, а амаль 80% наагул ня лічаць Расею замежжам.

Як сказаў у інтэрвію аўтару гэтых радкоў у 1994 годзе кандыдат Лукашэнка: “Будзе гэтая дзяржаўная машына ў кювеце ляжаць, і толькі колы ў паветры круціцца будуць”. Так здараецца.

Дарэчы, што тычыцца стаўленьня менавіта да крамлёўскага тандэму, то тут сытуацыя больш складаная, чым здаецца на першы погляд. Паводле апытаньняў НІСЭПД у беларусаў Д. Мядзьведзеў і Ў. Пуцін – другія пасьля А.Лукашэнкі паводле папулярнасьці сярод усіх сусьветных лідэраў.

А што яшчэ больш дзіўна: сярод беларусаў-праэўрапейцаў маскоўскі тандэм – наагул абсалютныя лідэры сымпатыяў. Дзіўныя праэўрапейцы. Як і прарасейцы.

Гледзячы па ўсім, Някляеў сытуацыю ўсьвядоміў і выклік прыняў: ён сьвядома займае месца “Расеі” ў полі выбарчай барацьбы, прапанаваным Лукашэнкам. Пра гэта сьведчыць, у прыватнасьці, хаця б заява Някляева на онлайн-канфэрэнцыі ў газэце “Салідарнасьць”, што “мы ня можам замарозіць працэсы інтэграцыі з Расеяй. А тым больш ад іх адмовіцца. Гэта – як рэзаць па жывым”.

“Хай прыйдуць нашы выбаршчыкі і мы пераможам”

Сярод наведнікаў нашага сайту гэта выклікала літаральна шквал абурэньня і праклёнаў. Але мне тут прыгадваецца мая гутарка з кіраўніком штабу кандыдата Лукашэнкі Дзьмітрыем Булахавым летам 1994 году паміж першым і другім турам прэзыдэнцкіх выбараў. Я нагадаў яму, што З.Пазьняк і С. Шушкевіч набралі ў першым туры ладную частку галасоў і ці не зьбіраецца штаб Лукашэнкі і сам кандыдат зрабіць нейкія дружалюбныя жэсты на адрас калі ня гэтых кандыдатаў, то хаця б іх выбарцаў. “Не, – адказаў Булахаў. – Нам гэта непатрэбна. Хай прыйдуць нашы выбаршчыкі і мы пераможам”.

Палітыка – гэта заўсёды рызыка. Някляеў рызыкуе, калі займае пэўную пазыцыю, вызначаючыся, хто для яго “нашы”, а хто, пры ўсёй павазе і нават ідэйнай блізкасьці да іх – “ня нашы”. І Лукашэнка, між іншым, рызыкуе, упершыню гуляючы ў гульню, у нечым супрацьлеглую той, у якую гуляў ва ўсіх мінулых прэзыдэнцкіх выбарах. Менш рызыкуюць крытыкі Някляева, якія насяляюць благасфэру. У сваім сьвеце яны ў любым выпадку будуць у пераважнай большасьці. Я асабіста ўжо 16 гадоў чую:“Ну як нехта можа галасаваць за Лукашэнку? Ну няма такіх людзей, я вось ніводнага ня бачыў”. Здаецца, Някляеў займее шанцы перамагчы, калі і пра яго пачнуць гаварыць тое самае.

Што ні кажыце, добры тэст. Хацелася б да таго ж, каб выбары былі выбарамі, але даведацца за дзяржаўны кошт, што такое для беларусаў Расея, таксама цікава. Разуменьня дадасца, па меншай меры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG