Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ананім упаўнаважаны заявіць…


У інтэрнэце зьявіўся відэазапіс ананіма, які прадставіўся «былым супрацоўнікам адной са спэцслужбаў Расеі», і які папярэджвае, што прэм’ер Расеі Уладзімер Пуцін нібыта стварыў групу для ліквідацыі Аляксандра Лукашэнкі.

Зьмененым мужчынскім голасам асоба ў чорнай масцы, якая называе сябе баявым афіцэрам, патрыётам Расеі, заявіла, што нібыта для ліквідацыі Лукашэнкі ў чэрвені гэтага года ў дзяржкарпарацыі «Растэхналёгіі» створаная спэцыяльная група з ліку былых супрацоўнікаў ФСБ, Службы зьнешняй выведкі і іншых спэцслужбаў.

«Створана па прамым указаньні Пуціна. Група па фізычнай ліквідацыі прэзыдэнта Беларусі строга засакрэчаная. У яе ўваходзяць толькі самыя правераныя і адданыя Пуціну адстаўнікі».

Ананім гаворыць пра магчымыя сцэнары ліквідацыі: выкарыстаньне выбуховай прылады ў аўтамабілі ці самалёце, атручваньне, выкарыстаньне снайпэра.
Магчымыя людзкія страты пры гэтым проста не бяруцца ў разьлік.

Найбольш рэальным сцэнаром нібыта разглядаецца правядзеньне маштабнага тэракту падчас аднаго з масавых мерапрыемстваў з удзелам Лукашэнкі ў перадвыбарчую кампанію альбо падчас «Дажынак».

«Магчымыя людзкія страты пры гэтым проста не бяруцца ў разьлік»,- кажа ананім, які сьцьвярджае, што сам кепска ставіцца да Лукашэнкі, але не прымае брудных мэтадаў і хоча уголас папярэдзіць аб такой небясьпецы.

У КДБ Беларусі і ФСБ Расеі адмовіліся неяк камэнтаваць відэазапіс ананіма і выказаную ім інфармацыю аб пагрозе жыцьцю Лукашэнкі.

Супрацоўнік Цэнтру грамадзкіх сувязяў ФСБ: «Мы не камэнтуем заявы прэсы, і тым больш інтэрнэту. Калі вы хочаце атрымаць афіцыйны адказ — прысылайце запыт. Я не ўпаўнаважаны што-небудзь камэнтаваць».

Маскоўскі палітоляг, навуковы кіраўнік факультэту прыкладной паліталёгіі Вышэйшай школы эканомікі Марк Урноў мяркуе, што Масква сапраўды хоча аслабіць Лукашэнку, дамагчыся ягонай адстаўкі і бачыць на ягонай пасадзе кагосьці, хто больш па-сяброўску ставіўся б да Расеі. З гэтым зьвязаныя і фільмы «Хросны бацька», які паказваюць па «НТВ» для дыскрэдытацыі Аляксандра Лукашэнкі. Але далей за гэтыя фільмы Крэмль ня пойдзе, перакананы Марк Урноў:
Я зусім не выключаю, што гэтае „ўкідваньне“ арганізавана Менскам.

«Таму што насамрэч і магчымасьцяў няма, і зусім па-дурному было б праводзіць небясьпечныя апэрацыі, апрача таго што амаральныя… Раптам нейкі пракол — будзе шалёны міжнародны скандал і іміджавыя страты, якія ня вартыя таго. Таму я зусім не выключаю, што гэтае „ўкідваньне“ арганізавана Менскам для падмацаваньня хвалі па стварэньні вобраза „жудаснай“ Масквы, якая хоча растаптаць Беларусь».

З пункту гледжаньня спэцслужбаў любая падобная інфармацыя пра тэракты зьяўляецца дэзінфармацыяй, перакананы падпалкоўнік КДБ у адстаўцы Валер Костка. Ён не выключае, што гэта можа быць правакацыяй расейскіх спэцслужбаў:

«Хутчэй за ўсё гэта інфармацыйны ціск, запалохваньне, псыхалягічныя прыёмы, гэтыя ананімныя інфарматары, гэтыя выпадковыя дзяды, якія прагназуюць забойства Лукашэнкі на „Дажынках“, — гэта ўсё ціск на псыхіку Лукашэнкі, яго прымушаюць хвалявацца, неадэкватна рэагаваць».

Валер Костка мяркуе, што ў Крамлі сапраўды хочуць паставіць кропку на прэзыдэнцтве Аляксандра Лукашэнкі і даюць сыгналы на гэты конт беларускаму грамадзтву, але на нейкія спэцапэрацыі там ня пойдуць.

Разам з тым спадар Костка не выключае, што гэты запіс маглі ўкінуць у сеціва і беларускія спэцслужбы: або каб такім чынам папярэдзіць нейкія непажаданыя дзеяньні з боку Расеі, альбо каб мець магчымасьць паказаць Лукашэнку сваю важнасьць і патрэбу, дамагчыся новых фінансавых уліваньняў у органы бясьпекі.

Варта дадаць, што ў мінулую нядзелю ў перадачы Першага канала БТ «У цэнтры ўвагі» вуснамі дыктара была агучаная яшчэ адна інфармацыя пра пагрозу Лукашэнку — дыктар сказаў, што беларуская і расейская апазыцыя на нядаўняй сустрэчы ў Маскве нібыта гаварылі пра патрэбу «забіць прэзыдэнта».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG