Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Хросны Бацька" зноў абудзіў актыўнасьць расейскіх СМІ


Учора Аляксандар Лукашэнка ўпершыню публічна адрэагаваў на фільм тэлеканалу “НТВ” "Хросны Бацька", тры часткі якога былі паказаныя ў ліпені і жніўні. Аўтары стужкі наўпрост абвінавачваюць беларускага лідэра ў расправе над палітычнымі апанэнтамі, у адмываньні грошай, у пазшлюбных сувязях і хворай псыхіцы. Лукашэнка, у сваю чаргу, назваў фільм бруднай правакацыяй і намякнуў, што насамрэч там адлюстравана тое, што адбываецца ў Расеі. Сёньня словы кіраўніка Беларусі камэнтуюць практычна ўсе набуйнейшыя выданьні Расеі.

"Беларускі лідэр парушыў маўчаньне", — піша "Московский комсомолец". Выданьне па-свойму расшыфроўвае выраз Лукашэнкі, які адзначыў, што гэта фільм не пра Беларусь і беларускага прэзыдэнта, "а пра іх саміх". Газэта ў падзагалоўку дае свой варыянт тлумачэньня гэтых слоў: "Хросны Бацька" — гэта фільм пра Пуціна. Маўляў, калі трымацца лёгікі Лукашэнкі, то ў Расеі зьнялі стужку, арыентуючыся на сваіх лідэраў, бо не ўяўляюць, што можа быць інакш.

"КоммерсантЪ" не выключае, што падмуркам расейска-беларускай інтэграцыі могуць стаць рэгіёны Расеі. Прынамсі, пра гэта заявіў Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з губэрнатарам Курскай вобласьці Аляксандрам Міхайлавым. Разам з тым, Лукашэнка ўстрымаўся ад наўпроставых выпадаў на адрас кіраўніцтва Расеі і намагаўся стварыць вакол сябе арэол пакутніка, якога несправядліва прыціскае Крэмль. Але ў выніку інфармацыйных атак Лукашэнка трапіў у непрыемную сытуацыю, зь якой цяжка выходзіць: па фактах, пералічаных на НТВ, ён мусіць пачаць крымінальныя справы, раскрыць карупцыйныя схемы, каб даказаць недатычнасьць да іх. Але рабіць гэтага ён не зьбіраецца, таму застаецца толькі “забалбатаць праблемы”, зводзячы іх на ўзровень асабовага канфлікту з Пуціным і Мядзьведзевым.

Прэзыдэнт расейскага Фонду абароны галоснасьці Аляксей Сіманаў лічыць, што расейскія мэдыі, якія раней досыць нэўтральна ставіліся да беларускага лідэра, урэшце атрымалі "вольніцу" ў крытыцы бліжэйшага саюзьніка. І з гэтай задачай пасьпяхова спраўляюцца:

Аляксей Сіманаў
"Так, натуральна, можна казаць, што СМІ істотна ўплываюць на палітычную сытуацыю. Для гэтага мэдыі сёньня і існуюць. Гэта ў асноўным тое, дзеля чаго на іх і трацяцца вялікія грошы. Таму што яны пры масіраваным удары ў стане зьмяніць стаўленьне людзей адзін да аднаго, да ўлады, да асобнага палітыка, да асобнай сытуацыі, да асобнага канфлікту. Сіла мэдыяў зараз відавочная. Праўда, на жаль, гэта не натуральная мэдыйная ўласьцівасьць, гэта хутчэй, палітычная замова. Гэткія адгалоскі прапаганды. Але на постсавецкай прасторы мэдыйнага рэзэрву, які б займаўся не прапагандай, вельмі мала".

"Канфлікт з Масквой можа дорага абысьціся Лукашэнку", — працягвае тэму "Независимая газета". Выданьне не выключае, што ці не ўпершыню Масква можа падтрымаць Захад у патрабаваньні празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Экспэрты, аналізуючы тое, што адбываецца ў стасунках паміж краінамі, сьцьвярджаюць: "асабовы" і "суб'ектыўны" канфлікт, як яго падае Лукашэнка, у выніку можа каштаваць прэзыдэнцтва нязьменнаму цягам 16 гадоў беларускаму лідэру. "Крэмль будзе назіраць за выбарамі ў Беларусі разам з АБСЭ", — піша "Независимая газета".

Тэма беларуска-расейскіх адносінаў узьнятая ў студыі радыёстанцыі "Эхо Москвы”. Госьцем папулярнага журналіста Аляксея Вэнэдыктава быў сьпікер Савету Фэдэрацыі Сяргей Міронаў. Вялікі прыхільнік інтэграцыі, чыноўнік між тым досыць крытычна выказваўся на адрас кіраўніцтва Беларусі:

Сяргей Міронаў
"Ёсьць карэнныя інтарэсы двух братэрскіх славянскіх народаў — беларусаў і расейцаў. Яны супадаюць. А ёсьць бачаньне некаторых кіраўнікоў. Лукашэнка нібыта скардзіцца, нібыта штосьці яму там бачыцца. І гэты суб'ектыўны фактар, канечне, адыгрывае пэўную ролю. Але, нават маючы справу з такім вельмі эмацыйным лідэрам братэрскай рэспублікі, непасьлядоўным, усё ж трэба спакойна ставіцца. Улічваючы карэнныя інтарэсы нашых народаў, весьці справу да рэальных дамоўленасьцяў. І калі я кажу "братэрскі народ", я маю на ўвазе: які б ня быў кіраўнік братэрскай рэспублікі, я павінен з павагай ставіцца да выбару беларусаў. Хоць мне таксама, магчыма, ня ўсё там падабаецца. Так, слова не верабей, але ж там такая бурная рэакцыя: "Ах, вы так сказалі?! А я цяпер таварыша Саакашвілі запрашу, каб ён вам нагаварыў. Вы такі фільм паказалі, а я вам такі!". Ну, навошта? Каму гэта трэба? Як казаў адзін клясык, спакайней трэба…".

"Бягом ад Расеі", — артыкул з такой назвай друкуе газэта "Ведомости". Менск намагаецца да энэргетычнай незалежнасьці і хоча замясьціць расейскую нафту вэнэсуэльскай і іранскай. Незалежнасьць, як падлічыў беларускі ўрад, абыдзецца краіне ў 46 мільярдаў даляраў. Радыкальны разварот ад Расеі прадугледжваецца Стратэгіяй разьвіцьця энэргетычнага патэнцыялу да 2020 году, ухваленай Саветам міністраў Беларусі. Але, як кажа ў камэнтары газэце намесьнік дырэктара Інстытуту краінаў СНД Уладзімер Жарыхін, напужаць Маскву наўрад ці атрымаецца, паколькі Менску ўсё роўна давядзецца набываць газ у Расеі. І нават калі павялічацца пастаўкі зь іншых дзяржаваў, гэта абыдзецца нашмат даражэй з-за транзыту.

Тым часам расейскія крыніцы паведамляюць, што тэлеканал НТВ рыхтуе чарговую, ужо чацьвёртую частку "Хроснага Бацькі". Ёсьць зьвесткі, што новыя сэрыі будуць зьяўляцца да самых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

Аднак ня выключана, што ход у адказ рыхтуе і Менск. Былы дэпутат Дзярждумы Ўладзімер Сямага ў эфіры "Русской службе новостей" расказаў, што беларускі бок здымае аналягічны "Хроснаму Бацьку" фільм пра расейскага прэм'ера Ўладзімера Пуціна. Ён удакладніў, што ў Крыме да яго зьвяртаўся нейкі ананім, які прапаноўваў даць камэнтар да фільма з кампрамэтацыяй Пуціна. Экс-дэпутат лічыць, што дзесьці ствараецца "непарадны партрэт" кіраўніка расейскага ўраду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG