Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На фэст “Аршанская бітва” змаглі трапіць усяго каля 20-ці чалавек


Памятны камень на месцы Аршанскай бітвы
Памятны камень на месцы Аршанскай бітвы
Міліцыянты перакрылі пад’езды да Крапівенскага поля, не дазваляючы праехаць да вёскі Гацькаўшчына, дзе звычайна адбывалася імпрэза. А затым пачалі затрымліваць усіх, хто ішоў пешкі ў кірунку да альтэрнатыўнага месца, абранага непадалёк.

Сталы наведнік штогадовых фэстаў, мастак Алесь Пушкін на імпрэзу ня трапіў, але яго двойчы забіралі ў пастарунак. Першы раз гэта адбылося на аршанскім вакзале, і Пушкін расказаў, што на ягоных вачох больш за дзясятак людзей, якія прыехалі на фэст зь Менску, міліцыянты пад прымусам садзілі ў цягнік і адпраўлялі дадому. У яго самога праверылі дакумэнты і адпусьцілі, таму ён вырашыў адправіцца на імпрэзу зноў. Але быў затрыманы яшчэ раз і выйшаў з пастарунку каля 12-й гадзіны ночы.

Патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнцкую пасаду ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў мусіў правесьці каля дзьвюх гадзін у Дубровенскім РАУС. Па дарозе на фэст яго машыну некалькі разоў спынялі супрацоўнікі ДАІ, аглядалі салён, правяралі нумары, і пасьля трэцяй такой праверкі міліцыянты забралі ў Кастусёва дакумэнты і загадалі ехаць у пастарунак. Падставаў затрыманьня міліцыянты не паведамілі, але загадалі даць тлумачэньні, куды і адкуль палітык ехаў. Спадар Кастусёў адмовіўся даваць любыя тлумачэньні, пакуль невядомыя прычыны затрыманьня. Тады ў пастарунак выклікалі супрацоўніка ДАІ, які вынес Рыгору Кастусёву пісьмовае папярэджаньне за парушэньне правілаў дарожнага руху – за фіранкі на вокнах, хаця ў часе руху яны былі рассунутыя. Спадар Кастусёў напісаў скаргу на дзеяньні міліцыянтаў, якія відавочна зацягвалі час, каб проста не пусьціць палітыка на фэст: заканадаўства дазваляе складаць пратаколы на парушальнікаў дарожнага руху на месцы затрыманьня, а не трымаць людзей у пастарунку гадзінамі і без усякіх тлумачэньняў.

У Аршанскім РАУС мусілі правесьці некалькі гадзінаў шасьцёра аршанцаў, якія ішлі на фэст пехам. Сярод затрыманых быў вядомы бард Андрэй Мельнікаў. Ува ўсіх затрыманых міліцыянты праверылі дакумэнты, перапісалі асабістыя дадзеныя і адпусьцілі, калі ўжо зусім зьвечарэла. Дабірацца за 17 кілямэтраў ад Воршы і шукаць у цемры тых, каму пашчасьціла прарвацца скрозь міліцэйскія кардоны, яны ўжо ня сталі. Толькі ўраньні Андрэй Мельнікаў выправіўся на альтэрнатыўнае месца, якое абралі аматары бардаўскай песьні для таго, каб сабрацца разам. Яго сустрэлі з дзясятак чалавек, для якіх ён і зладзіў невялічкі канцэрт.

Як апавёў яшчэ адзін сталы наведнік і па сутнасьці заснавальнік фэсту “Аршанская бітва” Юры Копцік, уначы каля сяброўскага вогнішча сабраліся ўсяго каля 15-ці чалавек. А першай ночы іх адшукалі міліцыянты на чале з начальнікам Аршанскага райаддзелу міліцыі спадаром Міхайлавым. Ува ўсіх прысутных праверылі дакумэнты і перапісалі адрасы, аднак затрымліваць ня сталі – хутчэй за ўсё таму, што не змаглі б падагнаць да гэтага месца службовыя машыны. Яшчэ адной групы моладзі – зь сямі чалавек – міліцыянтам адшукаць не ўдалося.

Міліцэйскія “разгоны” ўдзельнікаў фэсту пачаліся з 2007-га году. Да таго часу беларускія барды і слухачы зьбіраліся ў першыя выходныя верасьня без асаблівых перашкодаў – адно што ў асобныя гады міліцыянты ўсю ноч дзяжурылі наводдаль.

Традыцыя праводзіць бардаўскі фэст у гонар гістарычнай бітвы пад Воршай – яна адбылася 8 верасьня 1514 году – была запачаткаваная ў 1992 годзе. Выступы праходзілі на тым самым Крапівенскім полі, дзе войска ВКЛ перамагло войска Маскоўскага Княства. У асобныя гады колькасьць слухачоў складала некалькі соцень чалавек. Сёлетні фэст міліцыянты практычна сарвалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG