Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэст на Крапівенскім полі адбудзецца пры любых умовах


Карціна "Бітва пад Воршай"
Карціна "Бітва пад Воршай"
Аршанскія міліцыянты вартуюць пад'езды да Крапівенскага поля. Нягледзячы на міліцэйскія захады, на штогадовы фэст "Аршанская бітва" зьбіраюцца слухачы і выканаўцы.

У мінулыя гады былі спробы сарваць імпрэзу. Так, у 2007 годзе было абвешчана, што ў рэчцы Крапівенка знайшлі міны, і на звыклае месца людзей не прапусьцілі. Ад таго часу і пачаліся штогадовыя захады, каб не пускаць людзей на фэст. Тых, хто прыехаў, бывала, затрымлівалі на Аршанскіх вакзалах і нават штрафавалі за адсутнасьць флікераў у цёмны час сутак.

Напярэдадні сёлетняга сьвяткаваньня, як і летась, у Інтэрнэце пачалі зьяўляцца папярэджаньні, што ўдзельнікаў несанкцыянаванай імпрэзы могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці. Камэнтар такога зьместу ад імя Аршанскага РАУС зьявіўся пад абвесткай пра фэст на інтэрнэт-сайце "Народныя навіны Віцебску". Калі ў Воршы вырашылі высьветліць, ці існуе нейкі адмысловы міліцэйскі загад, з гэтага нічога не атрымалася: актывісты патэлефанавалі ў Аршанскі райаддзел, начальніка не знайшлі, а тыя міліцыянты, да якіх дазваніліся, увогуле ня цямілі, пра што вядзецца гаворка.

Перад слухачамі на фэсьце ў розныя часы выступілі ці ня ўсе тутэйшыя аўтары-сьпевакі, пачынаючы ад Андрэя Мельнікава, які быў адным з заснавальнікаў фэсту. Імпрэза заўжды праходзіла ў фармаце народнага сьвята, і дазволу ў мясцовых уладаў ніхто ніколі не прасіў. Наведваюць фэст і вядомыя беларускія палітыкі. На Аршанскай бітве пабылі А.Мілінкевіч, П.Севярынец, а сёлета пасьля сустрэчы зь віцебскімі актывістамі на фэст выправіўся патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты ад партыі БНФ Рыгор Костусеў.

"Я хацеў наведаць гэтае гістарычнае, знакавае месца, каб, па-першае, аддаць даніну памяці тым змагарам за нашу зямлю, якія загінулі на гэтым полі, якія перамаглі на гэтым полі, – сказаў Р.Костусеў. – Па-другое, мне цікава сустрэцца з многімі людзьмі, якія неабыякава ставяцца да гэтых гістарычных дат, і з выканаўцамі бардаўскіх песень, пачуць іхныя творы.”

Фэст традыцыйна адбываецца недалёка ад вёскі Гацькаўшчына на памежжы Аршаншчыны і Дубровеншчыны. Гэта якраз тое самае гістарычнае месца Аршанскай бітвы, якая адбылася ў 1514 годзе і скончылася перамогай войска Вялікага княства Літоўскага над Расейскім войскам. “Фэст адбудзецца пры любых умовах”, – кажуць тыя, хто сюды прыехалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG