Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моцнага здароўя, Роджэр!


Сёньня дзень нараджэньня ў Роджэра Ўотэрза. Яму спаўняецца 67 гадоў.

Роджэр Уотэрз — сузаснавальнік і доўгагадовы лідэр рок-гурту "Пінк Флойд", аднаго з самых вядомых гуртоў у гісторыі рок-музыкі.

Калі Ўотэрз пакінуў гурт у 1985 годзе і пачаў судзіцца з трыма калегамі-музыкамі, — Дэйвідам Гілмарам, Нікаласам Мэйсанам і Рычардам Райтам, — каб забараніць ім ужываць назву "Пінк Флойд" у іхнай далейшай музычнай кар’еры, нехта з журналістаў вельмі даходліва растлумачыў усім зацікаўленым сэнс таго працэсу. Уявіце сабе, што не паладзілі паміж сабою кіраўнікі кампаніі "Coca-Cola" і пачалі разьбірацца, каму зь іх насамрэч прыналежыць гандлёвы знак і назва кампаніі, сказаў той журналіст. Дык вось, у сьвеце рок-музыкі гандлёвы знак "Пінк Флойд" можна параўнаць адно з гандлёвым знакам "Coca-Cola" у сьвеце напояў.

Магчыма, ёсьць у гэтым параўнаньні пэўнае перабольшаньне. Але — невялікае.

Паводле афіцыйнага сайту Роджэра Ўотэрза, музыкант празь дзесяць дзён пачынае гіганцкі сусьветны тур "Roger Waters The Wall Live", які патрывае да канца чэрвеня 2011. Падчас гэтага туру (100 канцэртаў!) ён намерваецца выконваць поўнасьцю музыку з падвойнага альбому "The Wall" (1979), аднаго з найбольш славутых канцэптуальных альбомаў рок-музыкі.

У Празе канцэрт Уотэрза мае адбыцца 15 красавіка 2011. Я быў з жонкай на канцэртах Уотэрза ў Празе ў 2002 і 2007 гг. ды, зразумела, зьбіраўся пайсьці і на гэты. Пра канцэрт аб’явілі вясною сёлета, а таму мне здавалася, што ў нас шмат часу, каб набыць квіткі. Адно што мы ня ведалі, што ўсе квіткі разышліся ўсяго за некалькі лічаных дзён. Чым старэйшы Роджэр Уотэрз, тым лепшы?! Ці, проста, дзейнічае магія гандлёвага знаку "Пінк Флойд"?

Як бы яно ні было, славутаму басісту, кампазытару і аўтару тэкстаў "Пінк Флойд" сёньня выпадае пажадаць конскага здароўя і вытрымкі. Канцэрт Уотэрза — мяркуючы па тым, што мы з жонкай двойчы бачылі ў Празе — гэта трохгадзіннае шоў з кароткім перапынкам пасярэдзіне.

А значыць, here's to you, Roger Waters! Карыстацца "Johnnie Walker" пры гэтым тосьце я ўжо не магу (я ня рокер, і вытрымка ў мяне зусім ня тая), але бутэльку кока-колы сёньня я напэўна адкрыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG