Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Скэнлан: Прагрэс у правах чалавека роўны зьмякчэньню санкцыяў


«Советская Белоруссия» апублікавала сёньня вялікую гутарку з часовым павераным ў справах ЗША ў Беларусі Майклам Скэнланам.

Прапануем вам пераклад тэксту гэтага інтэрвію.

СБ: Як вы лічыце, гэта ўсё яшчэ актуальная задача - адстойваць сваю незалежнасьць і сувэрэнітэт, ці ў сучасным сьвеце, дзе ёсьць інтэрнэт, вялізныя транснацыянальныя карпарацыі, дзе дзяржавы аб'ядноўваюцца ў міжнародныя арганізацыі і ствараюць наднацыянальныя органы, гэта ўжо састарэлыя каштоўнасьці?

Квітнеюць тыя краіны, дзе людзі могуць свабодна рэалізаваць свае здольнасьці і памкненьні.
Скэнлан:
Я ўпэўнены, што гэта нязьменныя каштоўнасьці. Злучаныя Штаты таксама залежаць ад іншых дзяржаў. Пытаньне ў тым, якім чынам краіна можа найлепшым чынам абараніць сваю незалежнасьць і сувэрэнітэт ва ўмовах глябалізацыі. Краіна альбо прымае агульныя нормы і стандарты, альбо застаецца своеасаблівым востравам.

Галоўнае - гэта эфэктыўнае выкарыстаньне ўласных рэсурсаў. А самым каштоўным рэсурсам для любой дзяржавы з'яўляюцца яе грамадзяне. Квітнеюць тыя краіны, дзе людзі могуць свабодна рэалізаваць свае здольнасьці і памкненьні. Для гэтага, у прыватнасьці, вельмі важны бесперашкодны доступ да інфармацыі.

У розных сфэрах выпрацаваныя нормы і стандарты, якія дазваляюць стварыць найбольш спрыяльнае асяродзьдзе для разьвіцьця чалавечага патэнцыялу. Калі казаць пра эканоміку, то гэтым у глябальных маштабах займаецца Сусьветная гандлёвая арганізацыя.

Беларусь знаходзіцца ў той частцы сьвету, якая з'яўляецца флягманам руху за адзіныя высокія нормы і стандарты. У Эўропе - а пад ёй я разумею прастору ад Уладзівастока да Лісабона - стварэньнем агульных рамак разьвіцьця ў сфэры права і дэмакратыі займаецца Савет Эўропы. А крытэрыі адукацыі задае так званы Балёнскі працэс. Я спашлюся на словы міністра замежных спраў Сяргея Мартынава, які вясной гэтага года сказаў, што Беларусь не хоча быць ні часткай Расеі, ні часткай Эўрапейскага зьвязу, яна проста хоча з'яўляцца часткай Эўропы. Пазытыўным крокам было нядаўняе рашэньне Беларусі далучыцца да Балёнскага працэсу. Лягічным працягам гэтай лініі было б далучэньне да Рады Эўропы. Беларусь адзіная краіна Эўропы, якая не з'яўляецца сябрам гэтай арганізацыі. Зразумела, кожная дзяржава мае права выбару: ўступаць кудысьці ці не. З прыняцьцем такога рашэньня з'яўляюцца перавагі, але разам з тым набываецца пэўная адказнасьць ...

СБ: Вы ўвесь час кажаце аб праблеме адстойваньня незалежнасьці як аб нейкай дылеме каштоўнасьцяў. Між тым для Беларусі, асабліва ў апошні час, гэта цалкам практычная праблема. Да прыкладу, шмат каго сёньня турбуе залежнасьць ад аднаго пастаўшчыка энэрганосьбітаў. Я ведаю, што Злучаныя Штаты даволі пасьпяхова вырашаюць гэтае пытаньне. Мы чулі пра амэрыканскіх дасягненьняхі ў галіне здабычы сланцавага газу, вы купляеце нафту ў самых розных кутках плянэты. Як вы ацэньваеце посьпехі Мінска ў гэтай галіне?

Скэнлан: Зноў жа магу паўтарыць, што гэта выбар, які робіць сама Беларусь. Энэргетычная незалежнасьць -- гэта пытаньне, якое стаіць перад кожнай краінай. Наш вопыт палягае ў тым, што энэргетычны сэктар павінен быць празрыстым, што на гэтым рынку павінна быць канкурэнцыя, што цэны на паслугі павінны быць рынкавымі, што прывядзе да эфэктыўнага выкарыстаньня рэсурсаў. Немагчыма дамагчыся энэргаэфектыўнасьці толькі шляхам прыняцьця адміністрацыйных рашэньняў, неабходна прыцягваць прыватны сэктар. Урад павінен стварыць асяродзьдзе з роўнымі ўмовамі для ўсіх, у тым ліку для прыватных кампаній - як мясцовых, так і замежных. З боку вашага ўрада я такога падыходу не бачу.

СБ: Калі я год-паўтара таму браў інтэрвію ў містэра Мура, вашага папярэдніка на пасадзе часовага паверанага, мы шмат гаварылі пра надзеі, якія зьвязваюцца з прыходам у Белы дом Барака Абамы. Як журналіст, які піша на тэмы міжнароднага жыцьця, магу адзначыць, што зьнешняя палітыка ЗША сапраўды сур'ёзна зьмянілася. Аднак беларуска-амерыканскія адносіны, здаецца, засталіся на ранейшым узроўні і з ранейшымі падыходамі. Вашынгтон зацікаўлены ў прагрэсе на гэтым напрамку або разьвіцьцё адносінаў з Мінскам зараз не з'яўляецца важнай задачай?

ЗША хочуць паляпшэньня адносінаў з Беларусьсю, але гэта прадугледжвае рух наперад у галіне правоў чалавека і дэмакратыі.
Скэнлан:
У жніўні мінулага года ў Мінск прыяжджаў памочнік дзяржсакратара Філіп Гордан. Гэта візыт самага высокага ўзроўню за апошнія дзесяць гадоў. Я думаю, што само па сабе гэта падцьвярджэньне цікавасьці з боку ЗША.

Пасланьне прадстаўніка дзярждэпартамэнта палягала ў тым, што ЗША хочуць паляпшэньня адносінаў з Беларусьсю, але гэта прадугледжвае рух наперад у галіне правоў чалавека і дэмакратыі. Мы наўпрост ўвязваем гэтае пытаньне з пытаньнем эканамічных санкцый. Гэта простае матэматычнае раўнаньне: прагрэс у Беларусі ў гэтай галіне будзе азначаць зьмякчэньне санкцый і наадварот. Гэта простыя і зразумелыя дарожныя знакі нашай палітыкі ў дачыненьні да Беларусі.

У канцы 2008 года і пачатку 2009 года беларускія ўлады зрабілі некаторыя сьціплыя крокі, накіраваныя на рэгістрацыю няўрадавых арганізацый і распаўсюд незалежных СМІ. На жаль, застаўся бzз зьменаў артыкул 193 Крымінальнага кодэкса аб адказнасьці за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. З тых часоў становішча не стала лепш.

Візыт спадара Гордана з'яўляўся своеасаблівым заклікам разам падумаць, што рабіць далей. Мы лічым, што ёсьць шмат магчымасьцяў для канструктыўных адносін паміж нашымі краінамі, і зрабілі адпаведныя прапановы Менску -- сумеснае процідзеяньне трансгранічнай злачыннасьці, візыты вайсковых дэлегацыяў, адукацыйныя і культурныя кантакты. Рэакцыі зь беларускага боку пакуль не паступіла.

І апошняе. Палітыка ЗША і Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі заснаваная на адных і тых жа прынцыпах і каштоўнасьцях. Мэханізмы ж прыняцьця рашэньняў могуць адрозьнівацца.

СБ: Я дзесьці нядаўна прачытаў, што амбасада адмовілася ад рэзыдэнцыі амбасадара ў Раўбічах. Гэта таксама нейкі знак?

Скэнлан: На жаль, рэзыдэнцыя пуставала больш за два гады. Мы павінны неяк даваць справаздачу перад падаткаплацельшчыкамі. Мы спадзяемся, што амэрыканскі амбасадар вернецца ў Беларусь, але пакуль такіх сыгналаў ад беларускага боку нам не паступала...

СБ: Што ж, як гаворыцца, яшчэ не вечар ... Дарэчы, з моманту ўвядзеньня амэрыканскіх санкцый супраць Беларусі прайшло ўжо даволі шмат часу. Як у Вашынгтоне ацэньваюць іх эфэктыўнасьць, бо гэта ўсё дзеля чагосьці задумвалася?

Скэнлан: Злучаныя Штаты выказалі такім чынам сваю прынцыповую пазыцыю.

СБ: Тым не менш на постсавецкай прасторы Белы дом знайшоў у сабе сілы карэнным чынам зьмяніць палітыку. Былы намесьнік дзяржсакратара па справах Расіі, Украіны, Беларусі і Малдовы Дэвід Крэмер нядаўна напісаў з гэтай нагоды цікавы артыкул у The Washington Post. Высокапастаўленыя чыноўнікі адміністрацыі пастаянна паўтараюць, што не прызнаюць расейскіх сфэр ўплыву, але іх дзеяньні і іх бяздзейнасьць, лічыць спадар Крэмэр, больш красамоўныя, чым любыя словы. Ці абмяркоўваюць Злучаныя Штаты сытуацыю ў Беларусі з Масквой?

Скэнлан: У Дэвіда Крэмера -- я, дарэчы, ведаю яго асабіста і вельмі паважаю -- ёсьць права выказваць сваё асабістае меркаваньне, і гэта адзін з моцных бакоў нашай сыстэмы. З нагоды вашага пытаньня дазвольце падкрэсьліць: нашы адносіны з Расеяй - гэта адносіны з Расеяй, адносіны зь Беларусьсю - гэта іншая справа. Памочнік дзяржсакратара Гордан заяўляў, што мы будзем імкнуцца да паляпшэньня стасункаў з Расеяй у нашых узаемных інтарэсах, не ахвяруючы нашымі прынцыпамі і сябрамі.

СБ: Калі можна, адно эканамічны пытаньне. У Беларусі шмат гаворыцца пра лібэралізацыю, прыватызуюцца прадпрыемства. Што, на ваш погляд, замінае амэрыканскім інвэстарам ўкладваць у Беларусь? Ці зьвяртаюцца да вас бізнэсоўцы па параду?

Эканамічныя пераўтварэньні ў Беларусі хутчэй прадмет абмеркаваньня, чым факт, які адбыўся
Скэнлан:
Па-першае, эканамічныя пераўтварэньні ў Беларусі хутчэй прадмет абмеркаваньня, чым факт, які адбыўся. Адказваючы на вашае пытаньне, хачу адзначыць, што рэйтынг Сусьветнага банка па ўмовах вядзеньня бізнэсу -- гэта толькі адзін з паказчыкаў, на якія зьвяртаюць увагу інвэстары. Чаканьні амэрыканскіх бізнэсоўцаў, гатовых укладаць грошы за мяжой, аднолькавыя і ў дачыненьні да Беларусі, і ў дачыненьні іншых краін-- гэта рынкавыя крокі, накіраваныя на стварэньне спрыяльнага макраэканамічнага клімату. Гэта прадугледжвае правядзеньне структурных рэформаў. Каб краіна стала больш канкурэнтаздольнай, неабходна існаваньне моцнага прыватнага сэктара, прыватызацыя павінна быць адкрытай і празрыстай. Пра гэта заяўляў прадстаўнік Сусьветнага банка ў Беларусі Іван Велеў.

На жаль, у выніку патрабаваньня беларускага боку аб радыкальным, на 90%, скарачэньні штата амбасады ў 2008 годзе ў нас зараз працуюць толькі пяць дыпляматаў і мы фізычна не можам кансультаваць бізнэсоўцаў, гэтак жа як не можам выдаваць візы, за што я часта прыношу прабачэньня ў беларусаў.

Тым не менш мы зараз актыўна працуем з Беларусьсю праз Агенцтва па міжнародным разьвіцьці ЗША і Міжнародную фінансавую карпарацыю Сусьветнага банка над стварэньнем такіх нарматыўных умоваў, якія спрыялі б разьвіцьцю прыватнага малога і сярэдняга бізнэсу ў вашай краіне. Яшчэ адзін прыклад нашага пасьпяховага супрацоўніцтва -- гэта запуск на базе БДУ да восені наступнага года магістарскай праграмы па бізнэс-адміністраваньні. Навучаньне будзе весьціся на англійскай мове, і праграма павінна атрымаць акрэдытацыю CEEMAN (Асацыяцыя па разьвіцьці мэнэджмэнту краін Цэнтральнай і Усходняй Эўропы) для таго, каб дыплём аб заканчэньні праграмы прызнаваўся ва ўсёй Эўропе. Нядаўна я абмяркоўваў гэтую тэму з міністрам эканомікі Мікалаем Снапковым.

СБ: Спадар Скэнлан, хоць вы прыехалі ў Менск год таму, гэта наша першае інтэрвію, па сутнасьці знаёмства. Я ўпэўнены, што вы, калі толькі зьбіраліся сюды ехаць, добра вывучылі нашу краіну, а ці ёсьць у Беларусі нешта такое, што не адпавядае вашым мінулым уяўленьням аб ёй, што вас зьдзівіла?

У вашай краіны унікальная гісторыя
Скэнлан:
Да прыезду сюды я працяглы час чытаў у інтэрнэце беларускую прэсу. У тым ліку і вашу газэту. Знаёміўся з заявамі беларускага кіраўніцтва. Але, вядома, тут мае ўяўленьні аб Беларусі паглыбіліся. У вашай краіны унікальная гісторыя. Эўрапейская гісторыя. На мяне зрабіла вялікае ўражаньне, як шмат гарадоў у Беларусі карысталіся магдэбурскім правам, якое азначае самакіраваньне, рэлігійную цярпімасьць, свабодны рынак, росквіт рамёстваў. Палітычныя і эканамічныя рэформы, аб якіх мы гаворым сёньня -- усё гэта было ў гісторыі вашай краіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG