Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сініка Хурскайнэн зь інспэкцыяй ПАРЭ ў Менску


У Менску знаходзіцца дакладчык па Беларусі камісіі па палітычных пытаньнях Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Сініка Хурскайнэн. У Беларусі спадарыня Хурскайнэн правядзе тры дні. А прыехала яна ў Менск, каб "сабраць інфармацыю, сустрэцца зь людзьмі і абмеркаваць тое, што адбываецца ў краіне".

Паводле самой спадарыні Хурскайнэн, яе цікавіць сытуацыя ў Беларусі па трох пытаньнях: правы чалавека, дэмакратыя і вяршэнства закону. "Я хацела б даведацца, што зроблена ў Беларусі пасьля нашага апошняга візыту. Я ведаю, што ёсьць і кепскія навіны, якія тычацца вынясеньня новых сьмяротных прысудаў", — заўважыла яна. Апошні раз спадарыня Хурскайнэн была ў Беларусі сёлета ў лютым разам з папярэднім дакладчыкам ПАРЭ па сытуацыі ў Беларусі Андрэа Рыгоні.

У першы дзень візыту спадарыня Хурскайнэн сустрэлася з парлямэнтарамі: намесьнікам старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Віктарам Гумінскім і старшынём Савета Рэспублікі Анатолем Рубінавым. Спадар Рубінаў, у прыватнасьці, заявіў: "Мы думаем, што Беларусь павінна быць паўнапраўна і паўнавартасна прадстаўленая ў эўрапейскіх структурах".

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі, што да заяваў абодвух бакоў, выказаў такое меркаваньне:

"Гэта той выпадак, калі бакі абменьваюцца, я б сказаў, рытуальнымі фразамі, таму што пазыцыі даўно вядомыя. Канечне, з аднаго боку, гэта анамалія, што дагэтуль Беларусь не прысутнічае ў структурах Рады Эўропы. А з другога боку, даўно вядомы той мінімум, ужо меней нельга. Фактычна, на сёньня стаіць толькі пытаньне аб мараторыі на сьмяротнае пакараньне. Але паколькі для беларускіх уладаў і гэта палітычны капітал, якім трэба гандляваць па вялікім рахунку, то, напэўна, вось гэтая "цукерка" для Эўропы будзе адкладзеная на пэрыяд пасьля выбараў дзеля таго, каб садзейнічаць легітымацыі вынікаў гэтай кампаніі".

Сініка Хурскайнэн правядзе ў Менску шэраг афіцыйных сустрэч: зь міністрам юстыцыі Віктарам Галаванавым, генэральным пракурорам Рыгорам Васілевічам, кіраўніком працоўнай групы парлямэнту па пытаньнях сьмяротнага пакараньня Мікалаем Самасейкам, намесьнікам міністра замежных спраў Валерыем Варанецкім, міністрам інфармацыі Алегам Праляскоўскім.

На думку палітоляга Алеся Лагвінца, занадта аптымістычных прагнозаў беларускім уладам рабіць ня варта:

"Сёньня сытуацыя застылая, яна ў нечым нават патавая. Мы ведаем, што Беларусь так і не адказала на адну зь вельмі важных умоваў з пункту гледжаньня Рады Эўропы — гэта ўвядзеньне мараторыя на сьмяротнае пакараньне. Летам палітычным камітэтам Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы было прынятае рашэньне аб зьніжэньні стасункаў. І цяжка чакаць, што будуць нейкія пазытыўныя зрухі да заканчэньня палітычнай кампаніі прэзыдэнцкіх выбараў. Што будзе далей — зноў жа, гэта будзе залежаць ад жаданьня і палітычнай волі ўладаў хоць нейкія крокі рабіць у кірунку набліжэньня да стандартаў Рады Эўропы".

24 жніўня а 16 гадзіне ў канфэрэнц-залі гатэлю "Краўн Плаза" заплянаваная сустрэча спадарыні Хурскайнэн зь лідэрамі палітычных партый і прадстаўнікамі грамадзкіх аб'яднаньняў. Прадстаўнікі апазыцыі рыхтуюць да гэтай сустрэчы агульнае пасланьне. Зараз праект дакумэнту ўзгадняецца зь лідэрамі партый і рухаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG