Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяўчына зь “Лейкай”


Добрая фатаграфія – штотыднёвае эсэ пра выбраныя творы беларускага і сусьветнага фотамастацтва.

Дваццатыя гады мінулага стагодзьдзя вызначыліся ў эўрапейскім мастацтве пошукам новых формаў і шматлікімі фармальнымі экспэрымэнтамі. Фактычна, гэта былі пошукі новага стылю. Новы стыль так і ня быў знойдзены па той прычыне, што такая зьява вынікае з новага супольнага бачаньня сьвету, пагрунтаваным на агульных ідэйных, духоўных і сацыяльных чыньніках, якія ўплываюць на эстэтыку. Такога адзінства якраз не было. Эўрапейскае грамадзтва дэманстравала зьяву ўсё ўзрастаючай энтрапіі і разладу ў галовах, сутыкненьне розных сацыяльных сыстэмаў і (што немалаважна) пранікненьне ідэяў тупіковага маргіналізму ў гэтыя сыстэмы (фашызм, камунізм, абстракцыянізм у мастацтве і г. д. – усё гэта якраз ёсьць вынік эскаляцыі такога маргіналізму).

Стыль не вынаходзіцца зададзенасьцю з гары. Ён ёсьць натуральны працэс. Пошукі адзінага зададзенага стылю ў даваеннай Эўропе праілюстравалі толькі “заідэалягізацыю” мастацтва і распад агульнай эстэтыкі, але адначасна вызначыліся ўсё ж арыгінальнымі мастацкімі дасягненьнямі, у тым ліку ў кіно і фатаграфіі (С. Эйзенштэйн, Л. Рыфэнштaль, А. Родчанка і інш.)

Аляксандар Родчанка, практычна, адзіны савецкі фатограф, якога Захад уключае ў сваё разуменьне (даволі суб’ектыўнае, праўда) “пантэону” сусьветнай фатаграфіі.

Фармальныя падыходы і экспэрымэнты Родчанкі сапраўды цікавыя, выяўлялі дух эстэтыкі канструктывізму ў фатаграфіі і жаданьне ўсё перакуліць, паставіць з ног на галаву.

Гэта быў таленавіты чалавек, але зьвязаны з гнілым асяродзьдзем Маякоўскага ды Брыкаў, што не магло на яго не ўплываць. Аднак па сваім узроўні Родчанка быў усё ж іншы. Ён меў рознабаковы, сапраўдны талент і цэльную натуру і, што істотна, стварыў моцную мастацкую сям’ю аднадумцаў, дзе шанавалі адзін аднаго, і яго як мастака і асобу да самай сьмерці і пасьля сьмерці (у 1956 г.). Моцная сям’я засьцерагала яго ад багемы і гнілі, але не абараніла ад сыстэмы.

У 30-я гады камуністы не далі яму разгарнуцца.

У фатаграфіі Родчанка найбольш экспэрымэнтаваў з ракурсам і кропкай здымкі. Здымаў у асноўным зьверху і зьнізу, будаваў кадры па дыяганалі, абразаў усялякі працяг формы, акцэнтуючы зрок на галоўным і г. д. Часта гэта былі сапраўдныя кампазыцыйныя знаходкі і адкрыцьці, часам – няўдачы. Аднак усё гэтае шуканьне ўсё ж не пранікала глыбока ў сутнасьць фатаграфіі і сьлізгала па паверхні.

Свае “верхне-ніжнія” ракурсы Родчанка тлумачыў задачай паказаць аб’ект (прадмет) зь нечаканага боку і гэтым самым прымусіць гледача глыбей зразумець яго сутнасьць.

Гэта падыход вядомы, але не ўнівэрсальны і даволі спрэчны ў мастацтве, шырока ўжываецца ў рэкляме і плякаце (чым Родчанка найбольш і займаўся).

Тут я прапаную ў нашу экспазыцыю вядомую і прыгожую фатаграфію А. Родчанкі, якую ён назваў “Дзяўчына зь “Лейкай” (фота 1). У здымку выкарыстаны тыповы для Родчанкі дыяганальны кадр, тут правільнае кампазыцыйнае разьмяшчэньне зграбнай фігуры дзяўчыны ў белым адзеньні, але галоўную мастацкасьць і элегантнасьць здымку надае клетчаты цень ад верхняга пакрыцьця вакна ці тэрасы (так мяркуем), праз якое прабіваецца сонечнае сьвятло і праецыруе раму на падлогу, сьцены і фігуру дзяўчыны. Надзвычай прыгожая кампазыцыя і выява.

Фота 1

Другі здымак называецца “Піянэр” (фота 2). Галава хлопчыка зьнятая зьнізу і нагадвае нечым посах кітайскага Будды. Тады, у 30-х гадах, такія здымкі абуралі савецкіх пэдагогаў. Сапраўды, тут цікавае, кідкае, але фармальнае рашэньне.

Фота 2


Тым часам мінула шмат гадоў, і цяпер можна падумаць: калі таталітарная камуністычная піянэрыя была палітычнай прыладай абалваньнваньня дзяцей, то чаму зьбіральны вобраз піянэра ня мог быць падобны на балвана? Так бы мовячы, адбылося выяўленьне рэчы ў сабе і праекцыя на ідэалёгію.

Аднак, гэта цяпер мы так разважаем. Што думаў Родчанка, штампуючы зьверху і зьнізу сваіх піянэраў, толькі Родчанку было і вядома. Сумняваюся, каб у думках ён быў тады дысыдэнтам.

І тым ня менш, талент творцы часта робіць загадкі і такія павароты, над якімі немагчыма не задумвацца. 1-га траўня 2010 года, напрыклад, у Менску адбылося камуністычнае шэсьце групы асобаў (“зданяў камунізму”, як цяпер кажуць). Сярод “зданяў” быў хлопчык, відаць, цяперашні “піянэр” (атавізм, які закансэрвавалі ў нас і ў Расеі).

Паколькі мы, ідучы ўсьлед за фатаграфіяй Родчанкі, ужо саступілі крыху ўбок да тэмы піянэрыі, прапаную паглядзець на фота гэтага рэліктавага піянэра, якое я ўмоўна назваў “Рэінкарнацыя” і якoe было зьмешчана на старонцы радыё “Свабода” (фота 3). (Аўтар здымка невядомы, бо на “Свабодзе”, як і на іншых беларускіх старонках у Сеціве, аўтараў фота, як правіла, не называюць. На жаль, такі падыход.)

Фота 3


Я зьвярнуў увагу на гэтае фота, бо тут жа, аказваецца, той самы “піянэр” Родчанкі, толькі зьняты ў іншым ракурсе. Вось табе й на! Сапраўды, “рэінкарнацыя”.

Піянэрыя – не такая ўжо дробная тэма ў фатаграфіі. Шмат хто здымаў. Падыход Родчанкі такі, як і ў здымку на “Свабодзе”. Аўтары акцэнтуюць увагу на абагуленым вобразе збочанай ідэалёгіі, калі дзіця ўключылася ў ідэалягічную гульню, не разумеючы яе. Зерне гэтага вобразу -- “діця-ідэалёгія” (абалваньваньне).

Летувіскі фатограф Антанас Суткус таксама зьняў піянэра за часы СССР. Гэта вобраз нармальнага хлопчыка, які трапіў у ненармальныя чужыя абставіны. Ён глыбока напалоханы і не разумее, што адбываецца. Зерне гэтага вобразу – “дзіця-акупацыя” (насільле, прымус).

Прапаную для параўнаньня паглядзець таксама гэтае фота Суткуса (фота 4). Можна прыводзіць яшчэ прыклады, ілюстрацыі, але спынімся, каб не ператварыць нашае эсэ ў лекцыю пра савецкую піянэрыю.

Фота 4


Тым ня менш выяўляецца яшчэ адзін фэномэн фатаграфіі: усё, што зроблена таленавіта (нават чыста фармальна, нават нечаму неадпаведна), трэба захоўваць, таму што таленавіта. З цягам часу талент можа загаварыць, і мы ўбачым тое, чаго раней ня бачылі, знойдзем тое, што шукалі. Фармальныя здабыткі Родчанкі засталіся ў фатаграфіі, зрабілі на яе станоўчы ўплыў.

(Фатаграфіі “Дзяўчына зь “Лейкай” і “Піянэр”, “Рэінкарнацыя” і “Піянэр” (Суткуса) шырока прадстаўлены ў вольным Сеціве.)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG