Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія фальшываманэтчыкі выбіраюць даляр


Касіры беларускіх банкаў у студзені-чэрвені 2010 году выявілі 483 падробленыя банкноты.

Пра гэта паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленьні інфармацыі Нацыянальнага банку Беларусі.

Усяго былі выяўленыя падробкі беларускіх рублёў і шасьці відаў замежных валют. Пераважная большасьць падробак – прыкладна палова – выяўленыя ў Менску і Менскай вобласьці.

Па дадзеных Нацбанку, у першым паўгодзьдзі былі распачатыя спробы збыту 49 падробленых банкнот Нацбанку Беларусі супраць 73 купюр за такі ж пэрыяд мінулага году. Пры гэтым найбольш часта выяўлялі фальшывыя 20-тысячныя купюры. Як правіла, беларускія фальшыўкі вырабляюцца на каляровым прынтары.

Аднак асноўную масу выяўленых падробленых банкнот складаюць даляры ЗША (235 купюр), сярод іх найбольшую колькасьць – банкноты наміналам $ 100 (87,2% ад агульнай колькасьці падробленых даляраў).

У Нацбанку таксама паведамілі, што выяўленыя падробныя банкноты пераважны былі вырабленыя з ужываньнем спосабаў агульнай паліграфіі, а таксама рэпраграфіі (струменны друк і электрафатаграфія). Таксама ў першым паўгодзьдзі рабіліся спробы збыту так званай сувэнірнай прадукцыі, а частка падробак была клясы "супэр". Яны вырабляюцца па тэхналёгіі, падобнай да тэхналёгіяў вырабу сапраўдных грашовых знакаў. Выявіць іх можна шляхам дасьледаваньня дробных дэталяў графічнага афармленьня банкнот, як правіла, з выкарыстаньнем тэхнічных сродкаў кантролю сапраўднасьці. Дадзены від падробак належыць да катэгорыі асабліва небясьпечных і ня ўсе касавыя работнікі банкаў упэўнена распазнаюць такія падробкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG