Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея адмаўляецца ад падпісаньня пакету пагадненьняў аб будаўніцтве АЭС


Расея адмаўляецца ад падпісаньня пакету пагадненьняў аб будаўніцтве АЭС, пакуль ня будзе створана сумеснае прадпрыемства для збыту электраэнэргіі.

Пытаньне стварэньня сумеснага беларуска-расейскага прадпрыемства па збыце электраэнэргіі, якая будзе выпрацоўвацца беларускай АЭС, — асноўная перашкода для падпісаньня пакету пагадненьняў аб яе будаўніцтве.

Пра гэта паведаміла "Інтэрфаксу" крыніца ў органах дзяржкіраваньня.
Яшчэ адна ўмова расейскага боку — каб расейская доля ў гэтым СП была ня меншая за 50%.


Пакет пагадненьняў аб будаўніцтве АЭС уключае ў сябе ня толькі міжурадавае пагадненьне аб пабудове АЭС і крэдытнае пагадненьне, але і пагадненьне аб паралельнай працы энэргасыстэм дзьвюх дзяржаў. І ў гэты дакумэнт расейскі бок уключыў умову аб стварэньні сумеснага прадпрыемства для збыту электраэнэргіі. Расейскі бок настойвае на тым, каб СП было створанае ўжо цяпер, то бок да будаўніцтва АЭС.

Гэтая ўмова прынцыпова не задавальняе беларускі бок.

Яшчэ адна ўмова расейскага боку — каб расейская доля ў гэтым СП была ня меншая за 50%. То бок Расея прэтэндуе, як мінімум, на 50% прыбыткаў ад збыту электраэнэргіі, якая будзе выпрацоўвацца беларускай АЭС, калі тую збудуюць за кошт расейскага крэдыту.

"Пытаньне частак бакоў у збытавым прадпрыемстве можа быць прадметам абмеркаваньня, але тэрміны яго стварэньня, на якіх настойвае расейскі бок, непрымальныя", — сказала крыніца агенцтва. Хаця Беларусь ужо памяняла пазыцыю і прынцыпова ўжо не адмаўляецца ад стварэньня гэтай структуры.

Беларусь і Расея на ўзроўні гаспадарчых суб'ектаў дасягнулі дамоўленасьці наконт варыянтаў вырашэньня спрэчнай сытуацыі, аднак пазыцыя кіраўніцтва ўраду Расеі застаецца нязьменнай.


"Як толькі расейскі прэм'ер дасьць адмашку..."


"З "Росатамам" пытаньні былі ўрэгуляваныя, аднак кіраўніцтва "Росатама" дало нам зразумець, што стварэньне збытавага СП да пачатку будаўніцтва АЭС зьяўляецца прынцыповай пазыцыяй расейскага ўраду. Маўляў, "як толькі расейскі прэм'ер дасьць адмашку, пагадненьне будзе падпісана".

Адна з прапановаў беларускага боку па ўрэгуляваньні рознагалосьсяў палягае ў тым, каб вынесьці пытаньне стварэньня СП за рамкі пагадненьня аб паралельнай працы энэргасыстэм. Таксама Беларусь прапанавала расейцам пабудаваць трэці блёк АЭС, які працаваў бы толькі на экспарт і быў бы 100% уласнасьцю расейскага боку. Аднак гэтая прапанова была адхіленая.

У справе крэдытнага пагадненьня каэфіцыент да базавай вартасьці АЭС таксама пакуль ня ўзгоднены, хаця пазыцыі бакоў за час перамоваў істотна зблізіліся.

Раней кіраўніцтва Беларусі заяўляла, што пакет пагадненьняў аб узьвядзеньні АЭС будзе падпісаны да канца ліпеня. Цяпер, з улікам прынцыповых рознагалосьсяў бакоў адносна збытавага СП, тэрміны і сама магчымасьць падпісаньня пакета ключавых пагадненьняў з Расеяй аб будаўніцтве беларускай АЭС застаюцца няпэўнымі.

У перамовах зь Беларусьсю па стварэньні збытавага СП з расейскага боку бярэ ўдзел апэратар экспарту-імпарту электраэнэргіі ў Расеі "Інтэр РАО ЕЭС". У кампаніі выказалі зьдзіўленьне адносна заяваў беларускага боку. бо гэтае пытаньне, маўляў, неаднаразова абмяркоўвалася і не выклікала супярэчнасьцяў.

Беларусь плянуе ў 2018 годзе ўвесьці ў эксплюатацыю два блёкі АЭС сумарнай магутнасьцю 2,4 тысяч МВт. Яна разьлічвае атрымаць расейскі крэдыт на будаўніцтва ў 9 мільярдаў даляраў.

Раней першы віцэ-прэм'ер Беларусі Ўладзімер Сямашка заявіў, што будаўнічыя працы "ў бэтоне" на пляцоўцы АЭС пачнуцца ў ліпені 2011 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG