Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка не перамагае ў першым туры?


Шэраг мэдыяў паведаміў пра галоўныя вынікі апошняга апытаньня НІСЭПД пад такім ці падобнымі да гэтага загалоўкамі, прычым без пытальніка. Пра сэнсацыю напісалі “Партызан”, “БелМы”, “Эўрарадыё”, “Імпэрыя”.

Вось ужо і паважаны канадзкі дасьледчык Дэйвід Марплз называе гэта галоўным вынікам дасьледаваньня і выводзіць зь яго далекасяжныя высновы наконт сцэнару выбарчай кампаніі. Але ці ёсьць тая сэнсацыя наагул і ці вынікае з дасьледаваньня выснова, растыражаваная мэдыямі?

Што стала падставай? Лічба – калі б выбары прайшлі заўтра, то за Лукашэнку выказалі гатовасьць галасаваць 45.6% апытаных. Але супастаўленьне гэтай лічбы з трэндам сьведчыць пра тое, што насамрэч у чэрвені з рэйтынгам дзейнага прэзыдэнта не адбылося нічога неардынарнага

Табліца 1. Дынаміка адказаў на пытаньне “Калі б заўтра адбыліся выбары прэзыдэнта Беларусі, за каго б вы прагаласавалі?", % (адкрытае пытаньне)

Варыянт адказу 04'0609'0812'0803'0906'0909'0912'0903'10
А.Лукашэнка60.342.540.239.240.939.442.542.7

Карціна, наадварот, уражвае нудлівай (а для кагосьці натхняльнай) аднастайнасьцю. Акрамя пікавага значэньня падчас выбараў, рэйтынг Лукашэнкі ўвесь час вагаецца прыблізна каля значэньня 40%. Калі гэта і сэнсацыя, то такая, якая паўтараецца з рэгулярнасьцю правядзеньня апытаньняў.

Не зусім аналягічныя, але падобныя дадзеныя – у апытаньнях лябараторыі НОВАК, выкананых у рамках міжнароднага дасьледаваньня “Эўразійскі манітор”.

Табліца 2. Дынаміка долі рэспандэнтаў, якія ўхваляюць палітыку прэзыдэнта Беларусі, %

04'0409'0404'0510'0504'0611'0605'0710'0705'0811'0805'0911'09
375253646975615750504854

Так, пік 2006 году застаўся ў мінулым, але і напрыканцы 2009 году лічбы станоўчых ацэнак палітыкі прэзыдэнта зусім ня сьведчылі пра нейкае істотнае падзеньне ягонай папулярнасьці.

Успамін пра 2006 год

А вось як выглядала паводле НІСЭПД сытуацыя з электаральнымі рэйтынгамі за 4 месяцы да папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў.

Тая ж карціна – з канца 2004 году прэзыдэнцкі рэйтынг Лукашэнкі вагаецца ў межах усё тых жа 40%. Потым, ужо зусім напярэдадні выбараў і падчас іх – рывок уверх.

Рывок часткова зроблены штучна, часткова – натуральна. Пад штучнасьцю ў дадзеным выпадку разумеецца не электаральная альхімія лябараторыі Лідзіі Ярмошынай, а рэчы часткова нетаемныя – шчодрая сацыяльная палітыка, падвышэньне заробкаў і пэнсіяў ды праца на поўную моц прапагандысцкай машыны. Другі складнік рыўка – мэханізмы, якія дзейнічаюць у любой краіне, хоць дыктатарскай, хоць дэмакратычнай. Напярэдадні выбараў у любой краіне адбываецца палітычная мабілізацыя, людзі, якія паміж выбарамі наагул ня думаюць пра палітыку, так ці інакш вызначаюцца. Хтосьці вызначаецца інакш (за кошт чаго ўзьнімаюцца рэйтынгі аўтсайдэраў), а хтосьці так. А калі ў спаборніцтве ёсьць выразны лідэр, то на ягоную карысьць вызначаецца значная, калі ня большая доля. Наконт таго, хто гэты лідэр ва ўяўленьні беларусаў, прынамсі хто быў ім на працягу некалькіх апошніх гадоў – табліца 5.

Гэтыя ўсе чыньнікі на піку выбарчай кампаніі дадаюць лідэру яшчэ 10-15 працэнтных пунктаў. Гэта ўсё – наконт сэнсацыі, якой не было.

45.6% – перамога ці не?

А зараз наконт самой высновы, ці азначаюць 45.6%, што перамогі ў першым туры ў Лукашэнкі няма. Ізноў жа не азначаюць.

Працэнт гэты – ад усіх апытаных, якія прадстаўляюць усё насельніцтва. А вынікі выбараў падлічваюцца ад тых, хто прыйшоў да выбарчых скрыняў. Калі да іх прыйшло 50% ад тых, што маюць права голасу, і 90% зь іх прагаласавала за нейкага кандыдата (што сапраўды пераканаўчая перамога), то ад усяго насельніцтва гэта тыя самыя 45%, у якіх паважаныя выданьні і адмыслоўцы ўбачылі інтрыгу. Праўда, наагул кажучы, на выбары могуць не пайсьці як праціўнікі, гэтак і прыхільнікі Лукашэнкі, апошняе можа крыху паменшыць колькасьць галасоў, пададзеных за яго падчас галасаваньня. Але гэта наагул кажучы. А на практыцы найбольш актыўна ідуць да выбарчых скрыняў якраз тыя катэгорыі насельніцтва, сярод якіх гатовасьць галасаваць за Лукашэнку дасягае завоблачных лічбаў – людзі сталага веку, сяляне і жыхары малых гарадоў, асобы з нізкай адукацыяй. Тыя, хто за Лукашэнку, будуць прыведзеныя на выбары і самі прыйдуць на іх па старой звычцы ў пераважнай большасьці. А сярод моладзі, адукаваных і менчукоў схільнасьць хадзіць на выбары – мінімальная сярод ўсіх сацыяльна-дэмаграфічных групаў.

З улікам гэтага з прыгаданай лічбы неабходнасьць другога туру сама мала не вынікае.

Можна, зразумела, сказаць, што ўсе гэтыя апытаньні – суцэльная лухта, што разумныя людзі лепш ведаюць, што яно да чаго і што народ думае насамрэч. Гэта дапушчальны падыход, але тады варта прытрымлівацца яго пасьлядоўна, проста забыўшы пра апытаньні як такія, і не вычэпліваць зь іх нешта, што падаецца палітычна карысным, да таго ж у непісьменнай інтэрпрэтацыі. Зразумела, сьветам кіруюць вера і надзея, а не бяздушныя лічбы. Да таго ж выбары – ня заўтра, сёе-тое, а можа і ўсё, можа памяняцца. Але падаецца, што ў любым выпадку наўрад ці варта блытаць надзеі з ілюзіямі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG