Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейцы знайшлі ў беларускім малацэ антыбіётыкі


Фэдэральная служба вэтэрынарнага і фітасанітарнага нагляду Расеі забараніла пастаўкі малочнай прадукцыі чатырох прадпрыемстваў малочнай прамысловасьці Беларусі з-за неадпаведнасьці санітарным нормам. Беларускія малочнікі не згаджаюцца з гэтым і даводзяць, што ў аснове гэтых рашэньняў ляжыць палітыка.

На сёньня ў "чорным сьпісе" "Рассельтэхнагляду" адно з найвялікшых малочных прадпрыемстваў Беларусі "Бабушкина крынка", а таксама Бярозаўскі і Асіповіцкі малочныя камбінаты, Бярозаўскі сыраробны камбінат.

Гэтыя прадпрыемствы вялікую долю сваёй прадукцыі накіроўваюць на экспарт менавіта ў Расею. Як паведаміў "Свабодзе" адказны супрацоўнік "Рассельтэхнагляду" Аляксей Алексіенка, у іх пастаўках знойдзеныя шкодныя рэчывы:

"Праблема зноў у антыбіётыках. Мы разумеем, што беларускай нацыянальнай вэтэрынарнай службе цяжка навесьці ў гэтым парадак. Але ж і мы мусім выконваць расейскае заканадаўства па бясьпецы прадуктаў харчаваньня. Таму мы і вядзем маніторынг гатовай прадукцыі".

У Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі сытуацыю мог бы патлумачыць Аляксандар Шчарбянок — начальнік упраўленьня харчаваньня. Але ён спаслаўся на сваю службовую занятасьць і нежаданьне гаварыць з журналістам "Свабоды".

Сярод тых, хто трапіў пад забарону на экспарт малочных прадуктаў у Расею – Бярозаўскі сыраробны камбінат.

Яго дырэктар Уладзімір Папеня кажа, што будучыня паставак прадукцыі залежыць ад перамоваў у Астане, дзе вырашаецца лёс Мытнага саюзу:
Тут няма эканомікі, вэтэрынарыі, тут усё зь іншых матываў...


"Да канца гэтага месяца, мяркуем, усё вырашыцца. А цяпер возім у Расею аналізы, працуем згодна з расьпісанымі працэдурамі. Мы ўсё выконваем, нягледзячы на тое, што нас забаранілі незаконна. Тут няма эканомікі, вэтэрынарыі, тут усё зь іншых матываў".

Ва ўпраўленьні сельскай гаспадаркі і харчаваньня Бярозаўскага раёну адзначаюць, што выяўленьне антыбіётыкаў у прадукцыі — факт вельмі непрыемны. Але раённыя чыноўнікі выключаюць магчымасьць забруджваньня прадуктаў, бо кантроль за якасьцю малака, асабліва калі яно ідзе на экспарт, даволі грунтоўны:

"Перад адпраўленьнем малака на прадпрыемства вядзецца ўнутрыгаспадарчы кантроль, закуплены тэсты. Потым кантроль на самім сыракамбінаце. Пазьней кантроль у лябараторыях Белдзяржвэтцэнтру. Пазьней яшчэ вядзецца хіба што пагранічны кантроль".

На Магілёўшчыне пад расейскую забарону трапіла малочная прадукцыя з двух спэцыялізаваных прадпрыемстваў — акцыянэрнага таварыства "Бабушкина крынка" і Асіповіцкага малочнага камбінату.

Больш за дзесяць сутак не пастаўляе малочных прадуктаў у Расею "Бабушкина крынка". Забарона расейцаў сталася для магілёўскіх малочнікаў нечаканай:
У нас такое адчуваньне, што нас "заказалі"...


"У нас няма ніякіх пратаколаў выманьня пробаў, няма ніякіх рахункаў на тое, што недзе бралі аналізы і недзе знайшлі антыбіётыкі. У нас нічога няма. У нас такое адчуваньне, што нас "заказалі". Вось шчыра вам кажу. З Расеяй не працуем. Працуем зь іншымі рынкамі. З расейцамі гаворыш, дык яны з задавальненьнем працавалі б, цэны ў нас добрыя, а так, на жаль, пакуль так", — тлумачыць сытуацыю спэцыялістка магілёўскага прадпрыемства.

Расейцы забаранілі ўвозіць малочныя прадукты з "Бабушкиной крынки" амаль адразу ж, як прадпрыемства атрымала сэртыфікат адпаведнасьці прадукцыі эўрапейскім патрабаваньням якасьці і бясьпекі.

Не пастаўляе харчоў на расейскі рынак і Асіповіцкі малочны камбінат. На прадпрыемстве сьцьвярджаюць, што даведаліся пра часовую забарону ўвозіць сваю прадукцыю на тэрыторыю Расеі з сайту "Рассельтэхнагляду" і зь ліста кіраўніку камбіната, які дублюе паведамленьне з сайту.

"Мы ўжо сабралі пробы экспартаванай прадукцыі і завезьлі ў інстытут у Маскве для вызначэньня рэшткавай колькасьці антыбіётыкаў тэтрацыклінавай групы. Мала што калі было — мы ж гэтага ня ведаем. А цяпер вось будзе рэальны малюнак: "Ну вось глядзіце, вось мы завезьлі, і нічога ня выяўлена". Вынікаў пакуль у мяне няма", — тлумачыць сытуацыю спэцыялістка Асіповіцкага малочнага камбінату.

Летам 2009 году ў адносінах між Расеяй і Беларусьсю быў зафіксаваны першы востры малочны канфлікт. Падставай для яго стала рашэньне "Рассельтэхнагляду" забараніць пастаўкі на расейскі рынак каля 500 відаў малочнай прадукцыі зь Беларусі. Прынятае рашэньне "Рассельтэхнагляд" тлумачыў тымі абставінамі, што беларускі бок не перааформіў дакумэнтацыю ў адпаведнасьці з новым тэхрэглямэнтам.

Канфлікт, зьвязаны з пастаўкамі малочнай прадукцыі зь Беларусі ў Расею, выклікаў гучны рэзананс на палітычнай сцэне. Аляксандар Лукашэнка ў чэрвені 2009 году адмовіўся прыяжджаць на саміт АДКБ, матывуючы сваё рашэньне малочнымі праблемамі з Расеяй. У ліпені 2009 году "малочная вайна", факт існаваньня якой прызнаў асабіста Лукашэнка, спынілася.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG