Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што змаўчала НТВ?


Паказаны па НТВ фільм “Хросны бацька” цікавы для аналізу ня тым, што ў ім паказалі, а тым, пра што змаўчалі. А таксама часам, які выбралі для трансьляцыі.

Апошняе навідавоку – Лукашэнку трэба было папужаць перад падпісаньнем “мытнага саюзу” (найбольш выгаднага Маскве).

У фільме гаворыцца пра гвалтоўныя зьнікненьні Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадзкага, пра загадкавую сьмерць Карпенкі. Але
Лукашэнку трэба было папужаць перад падпісаньнем “мытнага саюзу”
тады, калі гэта здарылася (1999-2000 гг.) і калі пра гэта на ўвесь голас казалі незалежныя беларускія журналісты – маскоўскія тэлеканалы маўчалі.

Аглядальнік інтэрнэт-выданьня “Салідарнасць” заўважыў, што “ўсё паказанае імі стала магчымым дзякуючы дзейнаму ўдзелу Масквы, якая доўгія гады падтрымлівала Лукашэнку”.

Але прыкметна і іншае, і тычыцца гэта ня толькі кіно НТВ. Гаворка пра непрывабныя дзеяньні рэжыму ніколі не ідзе далей за восень 1996 году, калі Лукашэнка разагнаў Вярхоўны Савет XIII скліканьня (дадамо – дзякуючы пасланаму Ельцыным “дэсанту” ў складзе Чарнамырдзіна, Строева і Селязьнёва). Менавіта ў знак пратэсту супраць рэфэрэндуму 1996 году пайшлі ў адстаўку прэм'ер Чыгір і намесьнік міністра замежных справаў Саньнікаў, а яшчэ раней – віцэ-прэм’ер і колішні кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі, “архітэктар” перамогі на першых прэзыдэнцкіх выбарах і першага “рэфэрэндуму” Сініцын.

Але падзеі 1996 году не адбыліся б, калі б не імклівае і пасьлядоўнае ўмацаваньне аўтарытарызму і яго “легітымізацыя” на міжнароднай арэне ў 1994-1995 гг. – да чаго прыклалі руку ня столькі маскоўскія палітыкі, колькі некаторыя з тых, хто потым будзе прэтэндаваць на лідэрства ў беларускай апазыцыі.

І, бадай, галоўнае – да восені 1996 году была праведзеная гіганцкая па сваіх маштабах дзейнасьць па русіфікацыі ўсіх сфэраў жыцьця
Да восені 1996 году была праведзенае гіганцкая па сваіх маштабах дзейнасьць па русіфікацыі ўсіх сфэраў жыцьця
(“рэфэрэндум” па ліквідацыі статусу дзяржаўных сымбаляў бел-чырвона-белага сьцяга і герба “Пагоня”, ліквідацыі статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, закрыцьцё беларускамоўных клясаў і школ, зьмена канцэпцыі выкладаньня гісторыі, рэзкае зьмяншэньне накладу беларускамоўнага кнігадрукаваньня і іншае). Усё гэта было ў інтарэсах Масквы. І калі я чую, што “мова – не істотна, ўсё вырашае эканоміка” – раю пачытаць выступы крамлёўскіх чыноўнікаў і крамлёўскіх жа паліттэхнолягаў: адным з галоўных (калі ня самым галоўным) крытэрам стаўленьня Масквы да рэспублік былога СССР (у тым ліку і ў галіне эканамічных прэфэрэнцыяў) ёсьць статус у гэтых краінах расейскай мовы.

Пра ўсё гэта звычайна маўчаць.

Што ж да рэакцыі на паказаны па НТВ фільм у беларускім грамадзтве, дык, падобна, яна абвяргае спадзяваньні, што “калі Крэмль пачне прапагандысцкую вайну ўсур’ёз і дасьць “адмашку” тэлеканалам, кар’еры Лукашэнкі як прэзыдэнта будзе канец”.

Такі эфэкт сапраўды быў бы ў першыя гады кіраўніцтва Лукашэнкі – калі зьявіліся “белыя плямы” замест дакладу аб карупцыі ў прэзыдэнцкай адміністрацыі ў 1994-м , калі зьбівалі ў Авальнай залі дэпутатаў БНФ ў 1995-м , калі ў тым жа 1995-м АМАП паклаў на асфальт страйкам менскага мэтрапалітэну, калі ў 1996-м спэцназ зьбіваў жанчын і старых на шматтысячных мітынгах. Тады маскоўскія тэлеканалы трансьляваліся без абмежаваньняў, без падпіскі, без “антэны” – але пра ўсё гэта Масква маўчала.

Сёньня ўсе маскоўскія тэлеканалы, колькі іх там ёсьць, хоць 24 гадзіны на суткі могуць казаць пра Лукашэнку – іх “бяруць” у Беларусі пераважна тыя, каго ўжо ня трэба агітаваць. На крайні выпадак ёсьць тэлецэнзура.

Так што і ў гэтым спадзеў на Маскву (для тых, хто яго меў) аказаўся дарэмным.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG