Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да Грунвальда і на ровары едуць


Ян Матэйка. «Грунвальдзкая бітва»
Ян Матэйка. «Грунвальдзкая бітва»

Сёлета найбольшая колькасьць беларусаў будзе ўдзельнічаць у рэканструкцыі бітвы на Грунвальдзкім полі ў Польшчы, якое зараз называецца Дубровенскім. Пра гэта паведаміў старшыня грамадзкага аргкамітэту па сьвяткаваньню 600-годзьдзя перамогі пад Грунвальдам Анатоль Грыцкевіч. Да юбілейнай урачыстасьці рыхтуюцца у Менску і ў рэгіёнах.


У Берасьці шмат ахвотных узяць удзел у сьвяткаваньні 600-годзьдзя Грунвальду. Сябры грамадзкага аб’яднаньня «Дзедзіч» загадзя абвяшчалі пра магчымасьць трапіць на фэст празь іх арганізацыю. Сяржук Кавалько, сябра рады, кажа, што цяпер засталося дачакацца атрыманьня візы:

«Каля 15 чалавек паедуць праз нашу арганізацыю. Гэта тыя людзі, якія зьвярнуліся непасрэдна да нас. Але ведаю, што ёсьць шмат ахвотных трапіць на гэты фэст самастойна».

Сем чалавек выедуць на фэст зь Берасьця на роварах. На польскім боку да іх далучыцца яшчэ некалькі раварыстаў. Арганізатар гэтага велапрабегу Георгій Грыбаў кажа, што да яго цяпер актыўна рыхтуюцца:

«Дзявятага ліпеня мы заплянавалі выезд. Першапачаткова ў велапрабегу будзе сем чалавек, пасьля перасячэньня мяжы нас стане дзесяць. Чаму менавіта такі маршрут? Безумоўна, Грунвальд — гэта вельмі важная гістарычная падзея».

Кіраўнік ваенна-патрыятычнага клюбу «Ойра» Аляксандар («Явар») удакладняе:

«Прадстаўнікі розных клюбаў будуць з нашага гораду. Але масавай паездкі менавіта рыцараў не плянуецца. Апошнія некалькі гадоў у Берасьці практычна не прадстаўлена эпоха Вялікага Княства Літоўскага. Ёсьць шмат клюбаў, якія займаюцца эпохай вікінгаў, напрыклад. Таму мяркуем паехаць на фэст не як удзельнікі, а больш як гледачы».

Берасьцейцы таксама далучацца да сьвяткаваньня пад рэканструяванымі харугвамі. Як мяркуецца, з боку Беларусі возьмуць удзел прадстаўнікі 30 старажытных гарадоў і мястэчак. Дабірацца да месца падзеі гэтыя валянтэры будуць аўтобусамі зь Менску. Удакладняе Анатоль Грыцкевіч:

«Мы дамаўляемся на некалькі аўтобусаў. Запісваюцца многія. Пытаньне наконт візы таксама будзе вырашана. Гэта міжнародная сустрэча, і там будзе шмат хто зь Літвы, Беларусі і нават Украіны».

Нацыянальны аргкамітэт на чале з Анатолем Грыцкевічам быў створаны 14 ліпеня 2009 году. За час, які прамінуў з таго дня, былі адноўленыя сьцягі ўсіх беларускіх харугваў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG