Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Грунвальд” ад Анатоля Тараса — па-расейску


Прэзэнтацыя кнігі пад назвай «Грунвальд. 15 ліпеня 1410 году», напісанай Анатолем Тарасам на расейскай мове, прайшла ў сядзібе Таварыства беларускай мовы. Як высьветлілася, перамогу пад Грунвальдам войскі ВКЛ заваявалі дзякуючы нямецкаму здрадніку.


Гісторык Анатоль Тарас на 160 старонках сваёй кнігі дэталёва вывучае падрабязнасьці бітвы і палітычны аспэкт гэтай важнай для ўсёй гісторыі Ўсходняй Эўропы падзеі.

Тарас: «Не было б Грунвальду — мы б зараз з вамі размаўлялі на добрай нямецкай мове. І нашая правінцыя называлася б „Вайсрутэнія“, а можа быць і неяк па-іншаму — больш мудрагеліста».

Аўтар, працуючы над кнігай, у асноўным карыстаўся польскімі крыніцамі, робячы, аднак, папраўку на адмысловае польскае бачаньне гісторыі. Анатоль Тарас расказвае, што перамогу пад Грунвальдам беларуска-польскія войскі здабылі ў многім дзякуючы нямецкаму здрадніку.

Тарас: «Здрады так проста не бывае — відаць, чалавеку някепска заплацілі.
Не было б Грунвальду — мы б зараз з вамі размаўлялі на добрай нямецкай мове.
Сьцяганосец Ульмскай зямлі ў самы разгар контранаступу ордэнскага рэзэрву падаў падманны сыгнал да адступленьня. І дзьве харугвы Ульмскай зямлі пайшлі, а за імі пайшлі чатыры ордэнскія харугвы. Гэта пераламала ход бітвы. Гэтым скарысталіся ліцьвіны — ударылі ў флянг, і палякі. І ў мясарубцы — атрымалася два „катлы“ — перамалолі гэты рэзэрв, і ўсё кіраўніцтва ордэна загінула менавіта тут, да апошняга чалавека».

Анатоль Тарас лічыць, што беларусаў трэба выхоўваць пазытыўнымі прыкладамі з гісторыі. Падчас прэзэнтацыі кнігі «Грунвальд» дасьледчык сказаў, што плянуе дэталёва вывучыць іншыя слаўныя для беларусаў бітвы — пад Воршай, Клецкам ды Кірхгольмам — а таксама пачаць пісаць па-беларуску.

600-я ўгодкі Грунвальдзкай бітвы адзначаюцца сёлета. У 1410 годзе аб’яднанае войска Вялікага княства Літоўскага і Польскай Кароны разьбіла армію Тэўтонскага ордэну, фактычна спыніўшы на некалькі стагодзьдзяў нямецкую агрэсію на ўсход.

Глядзець камэнтары (5)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG