Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіргіскі чыньнік беларускай палітыкі


Зрынуты прэзыдэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў правёў у Менску прэсавую канфэрэнцыю. Чым выклікана ягонае зьяўленьне на публіцы? Як гэта зьвязана зь беларуска-расейскімі дачыненьнямі? Ці будзе АДКБ умешвацца ў кіргіскую сытуацыю?


Удзельнікі: палітоляг Андрэй Фёдараў і кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.

Чым выклікана зьяўленьне Бакіева на публіцы?

Валер Карбалевіч
: Фармальнай падставай для прэсавай канфэрэнцыі Бакіева сталі забурэньні ў Кіргізстане. У чым сэнс ягонага выступу? Што ён хацеў сказаць? Які мэсыдж даслаць? І каму? Мусіць, найперш кіргіскаму народу? Вось генпракуратура Беларусі адмовіла ў выдачы Бакіева кіргіскім уладам. Як гэта зьвязана з прэсавай канфэрэнцыяй Бакіева?

Андрэй Фёдараў
: Новыя ўлады Кіргізстану абвінавачвалі ў цяперашніх забурэньнях у краіне Бакіева і ягоных паплечнікаў. Цяжка сказаць, наколькі гэта праўда. Але ў любым выпадку Бакіеў вымушаны апраўдвацца. Гэта галоўная прычына ягонай прэсавай канфэрэнцыі.

Аляксандар Класкоўскі
: Паралельна з забурэньнямі ў Кіргізстане ідзе інфармацыйная вайна вакол гэтых падзеяў. Некаторыя замежныя мэдыі сьцьвярджаюць, што гэта Расея разбудзіла там узбэцкі нацыяналізм, каб задушыць у Ошы (на радзіме экс-прэзыдэнта) прыхільнікаў Бакіева, ягонае падпольле.

Ёсьць іншая вэрсія, якую падтрымліваюць расейскія мэдыі, — што за гэтымі падзеямі стаіць клан Бакіева, ён падлівае алею ў агонь. Таму Бакіеў дзеля бясьпекі сваіх сямейнікаў і паплечнікаў вымушаны "адмазвацца", казаць, што я тут ні пры чым.

Але паколькі Беларусь дала Бакіеву прытулак, то цень падазрэньняў падае і на афіцыйны Менск. У маскоўскіх мэдыях гучаць думкі, што бакіеўскі штаб знаходзіцца ў Беларусі — адсюль, маўляў, каардынуюцца дзеяньні прыхільнікаў Бакіева. Таму экс-прэзыдэнт Кіргізстану імкнецца таксама адвесьці цень падазрэньняў ад беларускага кіраўніцтва. Так бы мовіць, ён адпрацоўвае гасьціннасьць Лукашэнкі.

Але прэсавая канфэрэнцыя Бакіева — гэта прыхаванае маралітэ, адрасаванае Маскве. Вуснамі Бакіева Лукашэнка дасылае Расеі мэсыдж: мы ж казалі, што будзе кепска, ня трэба было варушыць ліха ў Кіргізстане. Не падабаўся вам аўтарытарны Бакіеў, то вось атрымайце па поўнай праграме.

Падзеі ў Кіргізстане і беларуска-расейскія дачыненьні

Карбалевіч: Ці зьвязаны гэты выступ Бакіева зь беларуска-расейскімі дачыненьнямі? Магчыма, Бакіеў — гэта карта Лукашэнкі ў гульні з Масквой. Магчыма, прэсавая канфэрэнцыя экс-прэзыдэнта Кіргізстану — гэта рэха нядаўніх перамоваў Лукашэнкі ў Маскве?

Фёдараў: Думаю, гэта мае дачыненьне адно да другога. Я ўпэўнены, што кіргіская тэма абмяркоўвалася падчас візыту Лукашэнкі ў Маскву. Бо напружанасьць там цягнецца ўжо колькі часу, і ў гэтым абвінавачваюцца Бакіеў і ягоныя паплечнікі. Думаю, Масква патрабавала, каб Бакіеў сядзеў як мыш пад венікам і не праяўляў актыўнасьці. А тут пачаліся сур'ёзныя забурэньні. Натуральна лічыць, што, вярнуўшыся дамоў, Лукашэнка прапанаваў Бакіеву зрабіць нейкую заяву, каб адрынуць абвінавачаньні ў гэтых падзеях.

Класкоўскі: Я амаль упэўнены, што падчас перамоваў Лукашэнкі зь Мядзьведзевым і з Пуціным кіргіская тэма абмяркоўвалася. Бо раней расейскі прэзыдэнт нават публічна ўшчуваў Лукашэнку за тое, што ён прыняў Бакіева. Такія паводзіны кіраўніка Беларусі раздражняюць Маскву. А цяпер у Кіргізстане пачаліся забурэньні, і часовы ўрад апэлюе да Расеі. Таму ў Маскве магло прагучаць папярэджаньне на адрас Менску, каб не падлівалі алею ў агонь. Таму выступ Бакіева — гэта апраўданьне: маўляў, мы тут не прычынныя.

Ці будзе АДКБ умешвацца ў кіргіскую сытуацыю?

Карбалевіч: У Маскве адбылася сустрэча сакратароў радаў бясьпекі краін-удзельніц АДКБ, прысьвечаная падзеям у Кіргізстане. Ніякага рашэньня яны не прынялі. Наколькі верагодна, што АДКБ увядзе туды свае войскі? Як вядома, Лукашэнка настойліва заклікаў АДКБ умяшацца ў кіргіскія падзеі. Якая цяпер можа быць пазыцыя беларускага кіраўніцтва? Ці могуць зьявіцца беларускія вайскоўцы ў Кіргізстане?

Фёдараў: Нічога АДКБ ня зробіць. Цяперашняе кіраўніцтва Кіргізстану два дні таму зьвярнулася да Расеі з просьбай прыслаць туды расейскіх міратворцаў. Аднак Расея холадна паставілася да гэтай просьбы. Але калі РФ мае такую пазыцыю, то цяжка ўявіць, што іншыя краіны з энтузіязмам паставяцца да гэтай ідэі.

Таксама цяжка ўявіць, што Беларусь туды дашле сваіх вайскоўцаў. Калі там пачнуць гінуць беларусы, то гэта дрэнна адаб'ецца на аўтарытэце ўлады.

Класкоўскі: Пазыцыя Беларусі дваістая. З аднаго боку, Лукашэнка кажа, што АДКБ павінна была даўно рашуча адрэагаваць на падзеі ў Кіргізстане. Але, зь іншага боку, не гучыць гатовасьці пасылаць туды беларускіх вайскоўцаў.

Акрамя таго, КСАР АДКБ ня створаныя яшчэ. КСАР — гэта спэцназ, арыентаваны на адбіцьцё зьнешняй пагрозы, нападу талібаў, муджагедаў і інш. Гэтыя сілы абсалютна не прыстасаваныя для міратворчых апэрацый. Думаю, усё абмяжуецца тым, што Расея паставіць у Кіргізстан вайсковую тэхніку, а Беларусь — гуманітарную дапамогу.

Карбалевіч: Як беларускія ўлады выкарыстаюць апошнія падзеі ў Кіргізстане для свайго піяру? Магчыма, чарговым разам можна будзе запужаць грамадзтва рэвалюцыяй і замацаваць ідэю стабільнасьці?

Фёдараў: Гэтыя падзеі на руку беларускаму кіраўніцтву. Мэсыдж просты: зрабілі ў Кіргізстане рэвалюцыю, у выніку там ліецца кроў. Тое ж будзе і ў Беларусі ў выніку рэвалюцыі.

Класкоўскі: Карані гэтага канфлікту палягаюць у гісторыі. Яшчэ ў сталінскі час наразалі межы, ня лічачыся з пражываньнем этнасаў. Яшчэ тады былі закладзены фугасы замаруджанага дзеяньня. Але народ бачыць толькі тое, што на паверхні.

Глядзець камэнтары (3)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG