Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бішкек не дае рады зь беспарадкамі


Пахаваньне ахвяраў беспарадкаў у Ошы
Пахаваньне ахвяраў беспарадкаў у Ошы

Ня менш за 124 чалавекі было забіта і каля 1600 паранена ў масавых беспарадках, якія ўжо пяты дзень працягваюцца на поўдні Кіргізстану. Кіраўнік часовага ўраду Кіргізстану Роза Атумбаева прызнала, што ўлады не спраўляюцца з сытуацыяй, і папрасіла Расею ўвесьці свае войскі ў Кіргізстан, каб спыніць разбоі, рабункі, пажары і забойствы.

Найбольш гвалтоўныя і крывавыя беспарадкі адбываюцца ў паўднёвакіргіскім горадзе Ош. Улады спачатку ўвялі надзвычайнае становішча ў гэтым горадзе і ў прылеглых раёнах, але потым былі вымушаныя пашырыць яго на ўвесь поўдзень краіны.

Няма яснасьці, хто і што канкрэтна стаіць за беспарадкамі. Паводле некаторых паведамленьняў, беспарадкі пачаліся на мінулым тыдні ад боек паміж кіргізамі і этнічнымі ўзьбекамі ў горадзе Ош.

Некаторыя ўзьбецкія службовыя асобы паведамілі, што блізка 60 тысяч бежанцаў узьбецкага паходжаньня з Ошскай і Джалал-Абадзкай вобласьцяў уцяклі ва Ўзьбекістан.

Карэспандэнт кіргіскай службы Радыё Свабода паведаміў з Джалал-Абаду, што людзі зьбіраюцца ў цэнтры гораду, вінавацячы этнічных узьбекаў за беспарадкі:

"Людзі, якія цяпер сабраліся перад будынкам абласной адміністрацыі, паходзяць з розных раёнаў Джалал-абадзкай вобласьці ды таксама зь іншых вобласьцяў, уключаючы нават Талас і Ісык-Куль. У руках некаторых зь іх зброя, яны таксама маюць БТР".

Зрынуты прэзыдэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў сёньня выдаў заяву, у якой адмовіў сваю датычнасьць да крывавых беспарадкаў у краіне і абвінаваціў часовыя ўлады ў хлусьні і бязьдзейнасьці.

Занепакоенасьць разьвіцьцём сытуацыі ў Кіргізстане сёньня выказала Кэтрын Эштан, кіраўніца зьнешняй палітыкі Эўразьвязу:

"Гэта вельмі-вельмі важна для мяне, каб вярнуць парадак у Кіргізстане. Там цяпер вельмі небясьпечная і цяжкая сытуацыя".

У Маскве адбываюцца тэрміновыя кансультацыі краінаў-удзельніц Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы пра сытуацыю ў Кіргізстане. На сустрэчы сакратароў Рады калектыўнай бясьпекі АДКБ абмяркоўваецца і пытаньне пра магчымасьць уводу ў краіну міратворчага кантынгенту. На кансультацыях прысутнічаюць прадстаўнікі часовага ўраду Кіргізстану.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG