Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыморскія народныя мсьціўцы


Міліцыянты правяраюць пасажыраў аўтобусу
Міліцыянты правяраюць пасажыраў аўтобусу

У цэнтральнай частцы расейскага Прымор'я другі дзень ідзе спэцапэрацыя "Перахоп" супраць групоўкі, якая нападае на міліцыянтаў. Тыя, каго міліцыя называе бандытамі, атрымалі нечаканую падтрымку сярод грамадзянаў, многія зь якіх незадаволеныя самаўпраўствам сілавікоў і сацыяльна-эканамічнай палітыкай рэгіянальных уладаў.



Паводле неафіцыйных дадзеных, што паступаюць з розных крыніц, у апэрацыі "Перахоп" задзейнічана некалькі сотняў супрацоўнікаў сілавых структур. Трыста міліцыянтаў прачэсваюць лес каля вёскі Кіраўка, дзе па некаторых зьвестках могуць хавацца чальцы групоўкі. У паветра паднятыя міліцэйскія гелікоптэры, прыцягнутыя кінолягі. Усе дарогі, уключна з фэдэральнай трасай ва Ўладзівасток, кантралююць узмоцненыя нарады міліцыі. Шукаюць пяць маладых мужчын зь вёскі Кіраўкі, іх абвінавачваюць у сэрыі нападаў на супрацоўнікаў органаў унутраных спраў на працягу апошніх двух тыдняў, у выніку якіх адзін міліцыянт забіты, двое параненыя ў перастрэлцы.

"Да крайнасьці дзяцей давяло бязьмежжа ў Кіраўскай міліцыі"


Паводле карэспандэнта Радыё Свабода ва Ўладзівастоку Марыны Лабады, пацьвярджаецца вэрсія аб тым, што напады на міліцыянтаў зьвязаны зь лістом, які паступіў сёлета ў траўні ў аддзяленьні міліцыі, пракуратуры, суды Прыморскага краю, а таксама ў шэраг мясцовых газэтаў.

– У лісьце невядомыя выставілі ультыматум: спыніць бясчынства ў праваахоўных структурах, пачаць нарэшце барацьбу з карупцыяй у органах улады. У адваротным выпадку аўтары абяцалі перайсьці да рашучых дзеяньняў. Тэрмін ультыматуму мінуў.

Гэтую вэрсію пацьвердзіў і бацька аднаго з удзельнікаў групоўкі. Па словах Уладзімера Саўчанкі, да крайнасьці дзяцей давяло бязьмежжа ў Кіраўскай міліцыі: "Яны хацелі зьвярнуць увагу кіраўніцтва міліцыі і пракуратуры на тое, што адбываецца ў сілавых структурах ў правінцыі, іх не пачулі".

"Іх параўноўваюць з Рэмба, з Робін Гудом, жадаюць, каб яны прарваліся, каб яны далей змагаліся зь бязьмежжам міліцыі"

Улада проста ня хоча слухаць сваіх грамадзянаў, перакананы былы супрацоўнік спэцслужбаў, а цяпер дэпутат думы Ўладзівастоку Мікалай Маркоўцаў:

– Улада ўсімі сіламі робіць выгляд, што нічога не адбываецца, што гэта нейкія адмарозкі ... Хоць глядзіш на фатаграфіі гэтых пяці чалавек – нармальныя хлопцы, ніякія не адмарозкі. Зьявілася інфармацыя ў інтэрнэце: аказваецца, зь імі вельмі жорстка абыйшлася міліцыя ... Адзін з іх, Саўчанка Раман, паступіў у мараходку, вярнуўся нядаўна з Калінінграду са спаборніцтваў па стральбе, дзе заняў прызавыя месцы. Вяртаецца ў родную вёску – яго хапае міліцыя, б'е і прымушае прызнавацца, што ён абрабаваў нейкую дачу. Двух хлопцаў да гэтага зьбілі так, што яны паўтара месяца валяліся па шпіталях. Я думаю, што, вядома, яшчэ псыхалёгія слабая, маладая, надломленая.

І калі зь імі вось так паступілі, яны проста пайшлі на крайнія меры. Таму што ня бачаць ніякай абароны ад дзяржавы. Няма куды зьвярнуцца... Таму на інтэрнэт-форумах людзі, практычна ўсе, падтрымліваюць гэтую групоўку, якая па сутнасьці робіць злачынства – забівае міліцыянтаў. Іх параўноўваюць з Рэмба, з Робін Гудом, жадаюць, каб яны прарваліся, каб яны далей змагаліся зь бязьмежжам міліцыі ... Вось што зьдзіўляе. Вось над чым трэба задумацца ўладзе: званок для іх празьвінеў вельмі сур'ёзны, калі людзі ўжо пачалі партызанкай займацца ... – кажа дэпутат Мікалай Маркоўцаў.

Бацька аднаго з удзельнікаў групоўкі зьвярнуўся да генэрала міліцыі Андрэя Нікалаева з просьбай адмяніць загад страляць на паражэньне, – паведамляе Марына Лабада.

Назіральнікі і ў Прымор'і, і ў Маскве вылучаюць самыя розныя вэрсіі матываў, якімі кіраваліся сябры групоўкі, нападнікі на міліцыянтаў і атрымалі нечаканую падтрымку насельніцтва.



"80 адсоткаў людзей, якія на форуме абмяркоўваюць гэта, падтрымліваюць гэтых маладых людзей"

На думку галоўнага рэдактара краёвай грамадзка-палітычнай газэты "Народнае веча" Марыі Салавенкі, тое, што адбываецца, наўрад ці можна назваць бандыцкімі разборкамі – хутчэй гэта грамадзянскі пратэст:

– На жаль, вось у такія пачварныя формы пратэст выліваецца. Вельмі цяжкое жыцьцё ў Прымор'і. Многія людзі зьвяртаюцца і ў праваахоўныя органы, і да губэрнатара, і да мэраў. Але зь іх патрэбамі, нават дробнымі, іх цынічна адфутбольваюць.

У гэтым сяле Горныя Ключы, я пагутарыла зь людзьмі. Мне сказалі, што цяпер спэцназ узяў пад ахову трох міліцыянтаў і што гэта тыя самыя міліцыянты, якія самыя нахабныя, самыя цынічныя, агідна сябе паводзяць у дачыненьні да людзей. Начальнік міліцыі даў загад, каб, дзе можна, міліцыянты ў форме не хадзілі ...

Цяпер інтэрнэт у нас проста гудзе – абмяркоўваюць вось гэтых маладых людзей, якія сьвядома пайшлі на гібель; я думаю, што, вядома, яны ня выжывуць, іх будуць зьнішчаць, загад быў такі дадзены – страляць на паражэньне. І, ведаеце, страшна: 80 адсоткаў людзей, якія на форуме абмяркоўваюць гэта, падтрымліваюць гэтых маладых людзей. І тлумачаць, чаму падтрымліваюць: таму што ўлада, пішуць, у тым ліку і ў Прымор'і зусім стала нахабнай, – распавяла ў эфіры Радыё Свабода аб настроях сваіх землякоў рэдактар мясцовай газэты Марыя Салавенка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG