Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менск вярнулася плата за паркоўку


З 9 чэрвеня ў Менску зноў пачалі браць грошы за паркоўку аўтамабіля ў адмыслова прызначаных месцах. Аплата прадугледжаная толькі праз паркамат.

Грошы за стаянку аўтамабіля шмат дзе ў Менску бралі і дагэтуль, аднак фармулёўка гучала і гучыць як «плата за захаваньне машыны» — напрыклад, на паркінгах ля Камароўскага рынку ці на рынку ў Ждановічах. А вось за права пакінуць машыну на нейкі час менскія аўтамабілісты не плацілі ад 1 студзеня гэтага году. Цяпер давядзецца гэта рабіць на 5 паркоўках, якія месьцяцца на вуліцах Харужай, Мясьнікова, Ульянаўскай, Кальварыйскай, а таксама на Паўднёвай плошчы, што ля дыспэтчарскай станцыі «Дружная». Гэтыя новыя паркоўкі абсталяваныя паркаматамі і шлягбаўмамі, якія не дазваляюць выехаць без аплаты. Прысутнічаюць на паркоўках і кантралёры.

Платныя паркоўкі — гэта сродак барацьбы зь вялікай транспартнай загружанасьцю цэнтральнай часткі Менску, камэнтуе навіну дырэктар Дзяржаўнай установы «Паркоўкі сталіцы» Леанід Дарашчонак:

«Па прыклад далёка хадзіць ня трэба. Калі вы бывалі ў Варшаве, то ведаеце: цэнтральная частка гораду ўся платная. Пешаходныя зоны вольныя, і ходнікі вольныя — усё вольнае, таму што любы варшавянін, які едзе ў цэнтральную частку гораду, ведае, што трэба плаціць, таму ён пакідае машыну там, дзе плаціць ня трэба, а далей сядае ў мэтро, аўтобус, тралейбус».

Разьлічыцца зь беларускім парковачным тэрміналам з дапамогай наяўных грошай не атрымаецца. Калі вы жадаеце пакінуць машыну на адной з такіх новых парковак, дык трэба папярэдне набыць у шапіку «Белсаюздруку» адмысловую электронную картку, уставіць яе ў паркамат і выбраць, колькі часу вашае аўто будзе на паркоўцы. Тэрмінал павінен выдаць чэк, які абавязкова трэба запхнуць за шкло. Паміж 9-й і 19-й гадзінамі дваццаць хвілінаў паркоўкі каштуюць 1 тысячу рублёў, гадзіна — 2 тысячы. Уначы тарыфы ніжэйшыя.

Ці атрымаецца ў чыноўнікаў разгрузіць цэнтральныя вуліцы Менску? Гаворыць Павал Мурашка, вядоўца беларускай тэлепраграмы «Аўтапанарама»:

Людзі будуць проста шкадаваць плаціць грошы за паркоўку і, адпаведна, будуць забіваць машынамі ўсе навакольныя двары, вуліцы, пераезды, завулкі.
«З улікам беларускага мэнталітэту гэта можа яшчэ пагоршыць сытуацыю з паркоўкамі ў тым сэнсе, што людзі будуць проста шкадаваць плаціць грошы за паркоўку і, адпаведна, будуць забіваць машынамі ўсе навакольныя двары, вуліцы, пераезды, завулкі — усё, што будзе ў радыюсе 300 мэтраў ад платнай паркоўкі, якая тым часам можа заставацца цалкам вольнай».

Павал Мурашка лічыць, што паркаматы — гэта крок наперад, але бальшыня беларускіх аўтааматараў яшчэ проста не гатовая да такіх зьменаў:

«Гэта вельмі цывілізавана — не плаціць там нейкаму памятаму паркоўшчыку бяз рэшты, без квітка ці „на кішэню“, а проста падышоў да паркамата, заплаціў, квіток пад шкло — і спакойна ідзеш у офіс, працуеш. Канечне, гэта цывілізаваны шлях, але баюся, што беларусы да яго яшчэ не дарасьлі».

Колькасьць платных парковак у цэнтры Менску плянуюць павялічваць, аднак дакладныя лічбы і даты пакуль не называюцца — шмат што ўпіраецца ў фінансы. Апрача таго, на паркоўках, якія знаходзяцца проста на вуліцы, шлягбаўм паставіць немагчыма, а для таго, каб прымяняць мэханізмы блякаваньня, няма заканадаўчай базы.


Глядзець платныя паркоўкі на мапе


Паглядзець мапу вялікага памеру

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG