Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судовае рашэньне Сяргею Каваленку паведамяць заўтра


Віталь і Сяргей Каваленкі
Віталь і Сяргей Каваленкі

У Першамайскім райсудзе завяршыўся разгляд справы сябра КХП БНФ Сяргея Каваленкі, якога супрацоўнікі міліцыі затрымалі 8-га траўня, абвінаваціўшы ў дробным хуліганстве.


Падзеі, які сталіся прадметам судовага разгляду, адбыліся яшчэ месяц таму. Віцебскага апазыцыйнага актывіста Сяргея Каваленку і ягонага малодшага брата Віталя міліцыянты затрымалі 8-га траўня нібыта за нецэнзурную лаянку ў грамадзкім месцы – у краме “Веста” №145 па праспэкце Перамогі.

Судзьдзя Першамайскага райсуду Віктар Калбун разьбірае гэты інцыдэнт цягам двух тыдняў.Працэс, які пачаўся 24 траўня, ужо аднойчы пераносілі, бо не зьяўляліся сьведкі.

Судзьдзя зноў перанёс разгляд справы Віталя Каваленкі на 10-га чэрвеня, бо той запатрабаваў, каб у суд даставілі відэазапіс з камэр, усталяваных у краме.

Віталь пэўны, што гэты запіс зафіксаваў і працэс затрыманьня, і паводзіны затрыманых. Ён, як і старэйшы брат, віцебскі актывіст Сяргей Каваленка, пэўны, што міліцыянты іх затрымалі знарок – каб “ізаляваць” на час сьвяткаваньняў Дня Перамогі.

Тое самае казаў у судзе і Сяргей Каваленка:

– Перад 9-м траўня баяліся, што я сьцяг павешу. Бо якраз у ноч з 7 на 8 траўня зьявіўся сьцяг над будынкам КДБ – новым будынкам, на страле будаўнічага крана. Тады людзі ўсе з бліжэйшай рэстарацыі павыскоквалі, крычалі, хлопалі, машыны бібікалі… Дарэчы, нас з братам трымалі ў “боксе”. А потым я сказаў, што мне баліць жывот, завезьлі мяне ў шпіталь на аналізы, дык пры мне ў палаце трое міліцыянтаў сядзелі, і яны мяне кайданкамі да ложка прыкавалі. Усё баяліся – што ўцяку і ўсё ж зраблю акцыю на 9-га траўня.

Сяргей Каваленка не аднойчы вывешваў бел-чырвона-белыя сьцягі у самых цяжка даступных месцах. У там ліку 7-га студзеня на гарадзкой ёлцы, за што яму прысудзілі тры гады абмежаваньня волі ўмоўна. Свайго ўдзелу ў акцыях са сьцягамі ён ніколі не адмаўляў, а вось абвінавачаньне міліцыянтаў ў хуліганстве – нібыта за нецэнзурную лаянку – лічыць паклёпніцкім:

– Калі мяне затрымалі, ужо ў машыне я ў міліцыянтаў запытаў: “Што, зноў скажаце, што я матам лаяўся дужа?” Кажуць: “Так”. “А годнасьць у вас ёсьць?” – тады пытаюся. “Не, – кажуць, – няма!” Яны і пра брата майго напісалі, што матам лаяўся, і ў пастарунку ўсё яшчэ раз пацьвердзілі. Там я яшчэ раз спытаў: “Годнасьць вы маеце?” А яны адказваюць: “Ты ж ужо ведаеш”. Усё тады зразумела!

І неаднаразова асуджаны за бел-чырвона-белыя сьцягі Сяргей Каваленка, і Віталь Каваленка, які таксама ўжо адбываў «суткі» за салідарнасьць з братам, кажуць, што не пагодзяцца з любым рашэньнем, калі іх не апраўдаюць. Тым ня менш, яны фактычна ўжо адбылі амаль двое сутак арышту – з вечара 8-га да поўдня 10-га траўня, калі знаходзіліся ў ізалятары часовага ўтрыманьня па распараджэньні супрацоўнікаў Першамайскага РАУС.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG