Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Няспынныя працэсы над братамі Каваленкамі


Віталь і Сяргей Каваленкі
Віталь і Сяргей Каваленкі

Віцебскага сябра КХП БНФ Сяргея Каваленку і ягонага брата Віталя вінавацяць у дробным хуліганстве — нецэнзурнай лаянцы. Аднак абодва хлопцы лічаць, што абвінавачаньне супраць іх мае палітычныя прычыны.


Судовую справу братоў Каваленкаў разьбірае судзьдзя Першамайскага райсуду Віктар Калбун. Сяргей Каваленка адразу выступіў з хадайніцтвам, каб працэс вёўся на беларускай мове. Прызнаўшыся, што не валодае гэтай дзяржаўнай мовай у дастатковым аб’ёме, судзьдзя прапанаваў выклікаць на працэс перакладчыка.

Віталь Каваленка пагадзіўся адказаць на пытаньні судзьдзі сёньня. І распавёў, што адбылося 8 траўня, калі іх з братам затрымалі ў бліжэйшай ад іхнага дому краме:

«Выйшлі з братам увечары ў краму, «Веста» № 145, там Сяргею трэба было ў гаспадарчым аддзеле набыць адну рэч. Разьлічваемся на касе, і я раптам бачу, што ў краму заходзяць двое супрацоўнікаў АМОНу. Я яшчэ пажартаваў: «Можа, па нас?» Сяргей пасьмяяўся. А калі выходзілі з крамы, яны да нас якраз і падышлі: «Праедзем у Першамайскі РАУС».

У пастарунку на абодвух абсалютна цьвярозых хлопцаў склалі пратакол за нецэнзурную лаянку ў грамадзкім месцы. І тут жа ў райаддзеле пакінулі пад вартай на ўсю ноч, сказаўшы, што няма машыны, каб адвезьці іх у ізалятар часовага ўтрыманьня. Толькі на наступны дзень іх адвезьлі ў ізалятар, і яшчэ амаль праз суткі адпусьцілі.

Сяргей Каваленка, які неаднаразова ладзіў у Віцебску акцыі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, мяркуе, што іх з братам затрымалі дзеля перасьцярогі, прэвэнтыўна — каб на Дзень Перамогі 9 траўня не было ніякіх неспадзяванак:

Затрымалі, бо наперадзе 9 траўня было. А яны баяліся маіх акцый на 9 траўня.
«Затрымалі, бо наперадзе 9 траўня было. А яны баяліся маіх акцый на 9 траўня. І ўсхадзіліся яны яшчэ й таму, што 7 ноччу сьцяг зьявіўся там, дзе ўзводзяць будынак КДБ, на страле будаўнічага крана. Таму ўжо заўтра, мусіць, яны ўвесь дзень чакалі, каб я толькі з дому выйшаў, сачылі за мной — і адразу затрымалі».

Цяпер, калі сьвяткаваньні даўно прайшлі, абвінаваціць братоў Каваленкаў суд ужо не сьпяшаецца. Судзьдзя Віктар Калбун прызначыў наступнае пасяджэньне з удзелам сьведак-міліцыянтаў і гандлярак крамы «Веста» № 145 на 6 чэрвеня, а перакладчыка для Сяргея Каваленкі выклікаў на 7 чэрвеня.

І неаднаразова асуджаны за бел-чырвона-белыя сьцягі Сяргей Каваленка, і Віталь Каваленка, які таксама ўжо адбываў «суткі» за салідарнасьць з братам, не выключаюць, што іх у рэшце рэшт усё адно прызнаюць вінаватымі. І прысудзяць тыя самыя двое сутак арышту, якія яны ўжо адбылі пад вартай адразу па затрыманьні.

Да слова, Сяргея Каваленку заўтра таксама чакае суд паводле падобнага абвінавачаньня — за нецэнзурную лаянку. Бо першы раз напярэдадні Дня Перамогі яго спрабавалі затрымаць яшчэ 6 траўня. Аднак адправіць яго «на суткі» тады не атрымалася: актывіста завезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, але назаўтра на судзе ён запатрабаваў адваката. Таму заўтра ў Чыгуначным райсудзе віцебскага актывіста зноў будуць судзіць за хуліганства, факт якога ён катэгарычна адмаўляе.


XS
SM
MD
LG