Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Аляксандар Рыгоравіч заўсёды абяцае лібэралізацыю, колькі я яго памятаю”


Сяргей Балыкін
Сяргей Балыкін

Міністэрства эканомікі Беларусі накіравала ў Адміністрацыю Прэзыдэнта плян мерапрыемстваў па далейшай лібэралізацыі эканомікі. Пра гэта сёньня на сэмінары для беларускіх парлямэнтарыяў, прысьвечаным падтрымцы і разьвіцьцю малога і сярэдняга бізнэсу, паведаміў намесьнік міністра эканомікі Анатоль Філонаў. Ці дастатковыя гэтыя захады, ці могуць яны разьняволіць беларускую эканоміку? Чаму ўлады зноў гавораць пра лібэралізацыю напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў? На гэтыя пытаньні адказвае юрыст, актывіст прадпрымальніцкага руху Сяргей Балыкін.


Цыганкоў: У ліку мерапрыемстваў пляну — удасканаленьне мэханізмаў прыватызацыі дзяржмаёмасьці, скарачэньне пераліку ліцэнзуемых відаў дзейнасьці з 53 да 38. Акрамя таго, магчымае звужэньне сфэры дзяржрэгуляваньня цэн. Ці дастаткова гэтых захадаў?

Балыкін: Яны не дастатковыя. Лібэралізацыі ў Беларусі перабольшыць не магчыма. Усё, што будзе зроблена — будзе недастаткова, улічваючы тое, колькі трэба зрабіць. Тое ж пытаньне ліцэнзаваньне відаў эканамічнай дзейнасьці — вельмі істотнае і патрэбнае, але яно не вырашаецца ўжо некалькі гадоў.

Цыганкоў: Мы памятаем, што Аляксандар Лукашэнка абяцаў сур’ёзную лібэралізацыю напярэдадні мінулых прэзыдэнцкіх выбараў. Але гэтыя абяцаньні пераважна не былі выкананыя. Ці ня бачым мы зараз пэўнага падабенства з той сытуацыяй?
Усё, што будзе зроблена — будзе недастаткова, улічваючы тое, колькі трэба зрабіць.


Балыкін: Аляксандар Рыгоравіч заўсёды абяцае лібэралізацыю, колькі я яго памятаю. Калісьці ў годзе 95-96-м ён заяўляў, што прыватнаму бізнэсу быць. А пасьля пачаў перарэгістрацыю, узмацненьне ліцэнзаваньня і гэтак далей.

Аднак цяпер эканамічная сытуацыя нашмат горшая, і дзяржава вымушаная ісьці на лібэралізацыю. Але ж, на жаль ідзе яна вельмі павольна і ціха. Тое ж пытаньне ліцэнзаваньня цягнецца больш за год. Больш за год улады абяцаюць прыняць нейкі нарматыўны акт, але ж абяцанкі застаюцца абяцанкамі.

Цыганкоў: Намесьнік міністра эканомікі Анатоль Філонаў таксама паведаміў, што дзякуючы мерам па лібэралізацыі плянуецца да 2015 году павялічыць долю малога і сярэдняга бізнэсу ў ВУП да 30 працэнтаў (у 2009 — 11,4 працэнта). Ці выглядаюць рэальнымі такія лічбы?

Балыкін: Можна і больш аддаць дробнаму бізнэсу. Але пакуль рэальнай лібэралізацыі няма, няма той самай эканамічнай свабоды, да якой так імкнецца бізнэс. Нейкія захады робяцца, але не даецца сапраўдная свабода. Ланцуг трошкі павялічваюць, ён становіцца больш доўгім, але ж яго не здымаюць.

Тое, што дзяржава рабіла летась і сёлета — гэта ўсё нейкія крокі напалову. Зробяць нешта, — але ня так, як трэба, а напалову. А ў гэтай справе лепш увогуле нічога не мяняць, чым рабіць напалову і марнаваць час, і свой і прадпрымальнікаў.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG