Лінкі ўнівэрсальнага доступу

... Плюс лібэралізацыя ўсёй краіны


У інтэрнэце зьявіўся тэкст праекта меркаванай прэзыдэнцкай дырэктывы №4, якая вызначаецца беспрэцэдэнтнай лібэральнасьцю.

Нагадаем, што Аляксандар Лукашэнка даў даручэньне ўраду падрыхтаваць адпаведны дакумэнт, які мусіць спрасьціць дзейнасьць у эканамічнай сфэры. Экспэрты кажуць, што ў выпадку падпісаньня нават у блізкім да гэтага варыянце можна будзе казаць пра сапраўдную рэвалюцыю ў беларускай эканоміцы. Аднак пры гэтым сумняюцца, што зьмест зьяўляецца канчатковым і нават кажуць пра наўмысны "зьліў" інфармацыі.

У адпаведнасьці з тэкстам дакумэнта, які абмяркоўваецца ў сеціве, да 2013 году 75% усіх актываў краіны павінны знаходзіцца ў прыватнай уласнасьці. Дзеля гэтага дзяржава адмаўляецца ад адміністратыўнага ўціску, а на зьмену плянавай эканоміцы ідзе рынкавая. Фактычна дэкляраваны поўны разварот у бок прагрэсіўнай мадэлі эканамічнага разьвіцьця, што рэзка дэсануе зь цяперашнімі беларускімі рэаліямі. Былы супрацоўнік Аналітычнага цэнтру адміністрацыі прэзыдэнта, фінансавы аналітык Сяргей Чалы лічыць, што насамрэч зьяўленьне дакумэнта можна разглядаць як "прамацваньне глебы" :

Сяргей Чалы
"Хутчэй за ўсё, так яно і ёсьць. Гэта "уцечка" менавіта дзеля таго, каб паўплываць на пэўныя структуры. Таму што зразумела: гэта ў любым выпадку пытаньні ўдакладненьняў і ўзгадненьняў зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі. І бок, які зацікаўлены ў тым, каб дакумэнт прайшоў максымальна лібэральны, мог яго скінуць у інтэрнэт – перадусім дзеля таго, каб узьнікла ўхваленьне ў грамадзтве, каб меней было сумневу і супрацьдзеяньня зь іншага боку. Таму цалкам можа быць, што гэта сьвядомы "зьліў" з мэтай паўплываць праз грамадзтва на перамоўныя працэсы".

Карэспандэнт: "Але па сутнасьці кірунак узяты правільны?"

"Канечне, так. Але справа ў тым, што мы настолькі ў эканоміцы закруцілі ўсе гайкі, што ў нас цяпер любы рух на адварочваньне ўспрымаецца як сэнсацыя".

Ва ўладных структурах не хаваюць, што ў адпаведнасьці з даручэньнем Аляксандра Лукашэнкі падрыхтоўка дырэктывы ў галіне эканомікі вядзецца. Аднак у якім стане адпаведныя дакумэнты – асабліва не разгалошваецца. Гаворыць кіраўнік прэс-службы прэзыдэнта Павел Лёгкі:
прэзыдэнт абазначыў задачу, што неабходна такі дакумэнт прымаць ...

"Так, прэзыдэнт абазначыў задачу, што неабходна такі дакумэнт прымаць. Але ў якім ён сёньня стане, гэты дакумэнт, ці ёсьць нейкі праект, які паклалі на стол кіраўніку дзяржавы, – я сказаць не магу. Магу толькі ўдакладніць, што праект распрацоўваецца. Бо, яшчэ раз кажу, адпаведнае даручэньне прэзыдэнта было дадзенае, але адносна таго, каб гэты дакумэнт ужо знаходзіўся на подпісе ў Аляксандра Лукашэнкі, то такой інфармацыі на гэты момант прэс-служба ня мае".

Эканаміст Леў Марголін кажа, што тэкст дырэктывы, які гуляе па інтэрнэт-прасторы, зусім не стыкуецца з тым, што цягам паўтара дзясятка гадоў адбывалася ў беларускай эканоміцы. І не выключае, што гэта вынік супрацьстаяньня так званых рыначнікаў і кансэрватараў ва ўладзе. Калі першыя ўсё ж настроеныя весьці краіну да цывілізацыі, то савецкая ў сваім мысьленьні бальшыня адстойвае "унікальную" беларускую мадэль разьвіцьця. На думку спадара Марголіна, відавочна, што "укідваньне" рэвалюцыйных прапановаў – справа рук рыначнікаў:

Леў Марголін
"Думаю, што гэта і не рэальны тэкст, і не фальшыўка. Гэта проста правакацыя – у добрым сэнсе гэтага слова. Гэта тое, што сапраўдныя эканамісты-рыначнікі хацелі б бачыць ад ураду ў нашых абставінах. Усе добра разумеюць, што наўрад ці такое магчыма, але каб потым было што параўнаць, бо гэтая дырэктыва ўжо добра разрэклямаваная. Найперш, само азначэньне "дырэктыва". Вядома, што Лукашэнка ўсе свае найбольш важныя ініцыятывы заўсёды афармляў у выглядзе дырэктыў. І таму трэба чакаць, што дырэктыва па эканоміцы таксама будзе лёсавызначальнай. Дык вось, каб было што з чым параўнаць, і зьявіўся гэткі рынкавы праект дырэктывы – каб кожны жадаючы, калі зьявіцца дырэктыва ад улады, мог параўнаць: што трэба было б зрабіць у эканоміцы. І што насамрэч будзе зроблена".

Цалкам з тэкстам меркаванай дырэктывы №4 можна азнаёміцца на сайце Свабоды.

1. Правесьці лібэралізацыю цэнаў і тарыфаў. Для гэтага:

1.1. Скасаваць Камітэт па цэнах пры Міністэрстве эканомікі Рэспублікі Беларусь, перадаць ягоныя функцыі профільным міністэрствам.
1.2. Адмяніць рэгуляваньне цэнаў на імпартныя тавары і паслугі.
1.3. Адмяніць рэгуляваньне коштаў на ўсе тавары, паслугі і працы, за выключэньнем тарыфаў на жыльлёва-камунальныя паслугі, электраэнэргію, газ, грамадзкі транспарт, паслугі тэлефоннай сувязі (за выключэньнем мабільнай), а таксама паслугі, якія прадстаўляюцца дзяржаўнымі арганізацыямі ў сфэры аховы здароўя і адукацыі.
1.4. Правесьці міжнародны аўдыт выдаткаў на вытворчасьць электрычнай, цеплавой энэргіі, газу, паслугаў грамадзкага транспарту, водазабесьпячэньня, тэлефонных паслугаў, апублікаваць дадзеныя аўдыту і прыняць плян пераходу на бездатацыйны характар продажу дадзеных тавараў і паслуг з улікам павелічэньня інвэстыцыйнай прывабнасьці.
1.5. Ліквідаваць практыку адміністрацыйнага ўсталяваньня для вытворцаў розных коштаў на тавары на ўнутраны і на вонкавыя рынкі, у тым ліку па калійных і азотных угнаеньнях, драўніне, паліўна-энэргетычных рэсурсах.
1.6. Адмяніць практыку прысваеньня органамі дзяржаўнага кіраваньня нацэначнай катэгорыі і лімітаванай нацэнкі аб’ектам грамадзкага харчаваньня.
1.7. Адмяніць неабходнасьць складаньня эканамічных разьлікаў, якія пацьвярджаюць узровень ужывальных коштаў (тарыфаў) на тавары (працы, паслугі).

2. Правесьці лібэралізацыю ліцэнзаваньня, сэртыфікацыі і выдачы дазволаў:

2.1. Захаваць дзяржаўнае рэгуляваньне ў відзе ліцэнзаваньня, абавязковай сэртыфікацыі толькі ў тых сфэрах, дзе існуе непасрэдная пагроза жыцьця і здароўю чалавека. Ліцэнзаваньне ўсіх астатніх відаў дзейнасьці адмяніць.
2.4. Ажыцьцявіць пераход ад абавязковай да добраахвотнай сэртыфікацыі тавараў і паслуг.
2.5. Распрацаваць праграму поўнага пераходу беларускай прадукцыі на міжнародныя стандарты якасьці ISO. Ажыцьцявіць пераход ад ДАСТаў на ISO на ўсе тавары і паслугі да 2014 года.
2.6. Правесьці аналіз працэдуры выдачы дазволаў, прыняць адзіны парадак іх атрыманьня з вызначэньнем патрабаваньняў і тэрмінаў. Перайсьці на рэжым атрыманьня дазволаў праз інтэрнэт да 2012 году.

3. Прыняць захады на безумоўную абарону правоў уласнасьці і разьвіцьця вольнай канкурэнцыі:

3.1. Выключыць з усіх нарматыўных прававых актаў нормы, якія прадугледжваюць канфіскацыю маёмасьці ў суб’ектаў гаспадараньня, што не зьяўляюцца яго ўласьнікам, калі гэта маёмасьць не знаходзіцца ў прадпрыемства на правах гаспадарчага вядзеньня, пакуль у судовым парадку не будзе ўсталявана, што гэта маёмасьць набыта незаконным шляхам.
3.2. Ліквідаваць практыку пазасудовага ўжываньня арышту грашовых сродкаў на рахунках і бясспрэчнага спісаньня іх на падставе прадпісаньняў дзяржаўных органаў.
3.3. Выключыць з нарматыўных дакумэнтаў магчымасьці канфіскацыі маёмасьці ў добрасумленнага пакупніка.
3.5. Адмяніць манаполію нацыянальнага апэратара электрасувязі на пропуск міжнароднага інтэрнэт-трафіку, а таксама трафіку паміж іншымі айчыннымі апэратарамі электрасувязі.
3.10. Увесьці інстытут прыватных судовых выканаўцаў.
3.11. Унесьці зьмены ў закон аб прыватызацыі з мэтай паскарэньня працэсу трансфармацый уласнасьці. Да 2013 году прынамсі 75% усіх актываў краіны павінны знаходзіцца ў прыватнай уласнасці.
3.12. Забясьпечыць на працягу 2010 года продаж арандатарам арандаваных у рэспубліканскіх і мясцовых органаў улады памяшканьняў, будынкаў, збудаваньняў і іншых аб’ектаў па рэшткавым кошце, калі яны арандуюць іх больш за 2 гады. У выпадку адмовы арандатараў ад набыцьця яны прадаюцца праз адкрыты аўкцыён.
3.13. Заснаваць Антыманапольны камітэт з шырокімі паўнамоцтвамі кантролю над дзеяньнямі камэрцыйных арганізацый, якія займаюць дамінантнае становішча на рынку, правядзеньнем аўкцыёнаў, размяшчэньнем дзяржаўных замоў.
3.14. Ліквідаваць інавацыйныя фонды і пазабюджэтныя фонды, ствараныя мясцовымі органамі ўлады.

4. Правесьці лібэралізацыю ўнутранага і замежнага гандлю:

4.1. Адмяніць абмежаваньне тэрміну (90 дзён) для правядзеньня замежнагандлёвых апэрацый.
4.3. Адмяніць патрабаваньні па асартымэнтным пераліку тавараў для аб’ектаў раздробнага гандлю і грамадзкага харчаваньня.
4.4. Адмяніць для прадпрыемстваў прыватнай формы ўласнасьці патрабаваньня абавязковай здачы выручкі ў банк.
4.7. Адмяніць статыстычную мытную дэклярацыю пры правядзеньні экспартна-імпартных апэрацый у гандлі паміж Беларусьсю і Расеяй.
4.8. Завяршыць прыватызацыю ўсіх аб’ектаў гандлю, грамадзкага харчаваньня і побытавага абслугоўваньня да 2012 года.
4.9. Уніфікаваць мытныя стаўкі, зьменшыць памер сярэдняўзважанага мыта да 3%.
4.10. Унесці неабходныя зьмены ў акты заканадаўства для прывядзеньня іх у адпаведнасьць з нормамі і стандартамі СГА. Прыняць праграму дзеяньняў урада на ўступленьне ў СГА да 2012 году.

5. Правесьці лібэралізацыю рынка працы і працоўных адносін:

5.1. Падаць індывідуальным прадпрымальнікам, якія працуюць па агульнай схеме падаткаабкладання, правы найманьня любой колькасьці працаўнікоў, што выплачваюць адзіны падатак — да 5 працаўнікоў па-за залежнасьцю ад роднасных сувязяў.
5.2. Адмяніць абавязковазьць ужываньня Адзінай тарыфнай сеткі працаўнікоў Рэспублікі Беларусь для прадпрыемстваў і арганізацый з доляй дзяржавы ў статутным фондзе менш за 50%.
5.3. Вызначыць, што адзіным абавязковым дакумэнтам паміж працаўніком і наймальнікам зьяўляецца працоўная дамова (кантракт).
5.4. Падаць права наймальніку і наёмнаму працаўніку самастойна вызначаць рэжым, час і ўмовы працы, а таксама ўмовы, формы аплаты працы.
5.5. Падаць камэрцыйным арганізацыям права аптымізаваць занятасьць у залежнасьці ад рэальнага попыту на тавары, працы і паслугі.
5.6. Павялічыць дапамогу на беспрацоўе да сумы, эквівалентнай 120 далярам на месяц.
5.8. Распрацаваць і прыняць заканадаўства пра ўвядзеньне сыстэмы страхаваньня па часавай непрацаздольнасьці.
5.9. Стварыць спрыяльныя ўмовы для самазанятасьці насельніцтва, прадугледзець магчымасьць вядзеньня камэрцыйнай дзейнасьці фізычнымі асобамі без рэгістрацыі індывідуальнымі прадпрымальнікамі, але з апавяшчэннем органаў улады пра пачатак такой дзейнасьці і выплатай падаходнага падатку.

6. Правесьці лібэралізацыю арэндных адносін, палепшыць сыстэму кантролю над дзейнасьцю камэрцыйных арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў:


6.1. Паменшыць стаўкі арэнднай платы за памяшканьні, вытворчыя пляцоўкі, якія належаць органам рэспубліканскіх ці мясцовых уладаў, у 2 разы. Скасаваць падвышальны каэфіцыент "3" для офісных памяшканьняў.
6.2. Увесьці паніжальны каэфіцыент — 0,2 для ўсіх прадпрыемстваў малога бізнэсу, якія арандуюць нерухомасць у органаў рэспубліканскіх ці мясцовых уладаў.
6.3. Спыніць практыку адміністрацыйнай фіксацыі арэндных ставак прыватнай камэрцыйнай нерухомасьці.
6.4. Ліквідаваць практыку прывязкі ставак арэнднай планы, тарыфаў на паслугі дзяржаўных арганізацый, дзяржаўных і мытных мыт, падаткаў і збораў да замежнай валюты і базавых велічыняў; адмяніць прывязку памеру базавай велічыні да стаўкі першага разраду.
6.5. Увесьці мараторый на правядзеньне ўсіх выглядаў праверак суб’ектаў малога бізнэсу да 1.01.2013 г.

7. Палепшыць якасьць падатковага адміністраваньня, зьменшыць падатковую нагрузку:

7.1. Зьменшыць базавую стаўку падатку на дададзеную вартасць да 15%.
7.2. Замяніць адлічэнні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва і падаходны падатак адзіным сацыяльным падаткам 15%.
7.3. Уключыць у выдаткі, улічаныя пры падаткаабкладанні працэнтаў па пратэрмінаваных пазыках і крэдытах, а таксама пазыках і крэдытах, злучаных з набыцьцём асноўных сродкаў, нематэрыяльных актываў і іншых пазазвароткавых (доўгатэрміновых) актываў.
7.4. Перайсьці на квартальны рэжым выплаты падатку на дададзеную вартасць суб’ектамі малога прадпрымальніцтва.
7.6. Зменшыць агульную падатковую нагрузку, уключна з ўнёскамі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва і мясцовымі падаткамі, да 30% ВУП.

8. Прывесьці акты заканадаўства Рэспублікі Беларусь у адпаведнасьць з дырэктывай да 1 верасня 2010 года.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG