Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калякін пра ператрусы: “Гэта наогул разбой”


Як камэнтуюць ператрусы у розных гарадах краіны ў офісах грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» У шэрагу актывістаў кампаніі ў Менску правялі ператрусы ў кватэрах, канфіскавалі аргтэхніку, дыскі, і таксама дапыталі ў міліцыі. Чым патлумачыць гэтыя падзеі?


Сёньня міліцыянты спрабавалі перапісаць прозьвішчы лідэраў партый і прэтэндэнтаў у кандыдаты, якія бралі ўдзел у пасяджэньні круглага стала ў менскім офісе адной з праваабарончых арганізацый. Паводле лідэра партыі «Справядлівы сьвет» Сяргея Калякіна, пасяджэньне якраз скончылася, калі зьявіўся міліцыянт:

«Ён сказаў, што як участковы хоча даведацца, хто тут ёсьць. Ён хацеў узяць пашпарт і запісаць. Я сказаў яму, што няма для гэтага падставаў. Ён не пярэчыў і мы разышліся».

Сяргей Калякін
Адносна сёньняшніх ператрусаў у актывістаў кампаніі «Гавары праўду» спадар Калякін сказаў, што гэтая кампанія, відаць, напалохала ўладу:

«І таму ўсё, што жывое, яны душаць на карані. Набліжаюцца прэзыдэнцкія выбары. І ўсё, што мае арганізаваную структуру, нейкую дзейнасьць, усё гэта падаўляецца ў нашай краіне. Для іншай краіны гэта была б надзвычайная падзея, а для Беларусі — гэта наша жыцьцё. Яно, на жаль, складаецца з арыштаў, ператрусаў, затрыманьняў, зьбіцьця. Улады пагаршаюць свой імідж і яшчэ раз даказваюць усім, што нічога рабіць па дэмакратызацыі і лібэралізацыі ня будуць. Нікога тут запалохаць ужо нельга. На жаль, яны забіраюць асабістыя рэчы грамадзянаў, кампутары. Гэта наогул разбой, крымінальныя дзеяньні пад прыкрыцьцём уладных праваахоўных структураў, якія павінны змагацца, каб не было злачыннасьці. А яны, наадварот, ёй займаюцца самі».

Мікола Статкевіч
Адзін зь лідэраў «Эўрапейскай кааліцыі» Мікола Статкевіч не выключае, што ўладу напалохалі чуткі, што кампанія «Гавары праўду» можа быць плятформай «пад нейкага кандыдата ад Расеі»:

«Улада зразумела, што гэта кампанія зьяўляецца плятформай для кандыдата ў прэзыдэнты. Невядома якога: альбо спадара Някляева, альбо некага іншага, і што гэта забясьпечана рэсурсна. І таму такая рэакцыя. Улада адсочвае ўсе рухі апазыцыі перад прэзыдэнцкімі выбарамі, ацэньвае, хто здолее рэальна быць кандыдатам, хто мае рэсурсы, людзей і гэтак далей».

Віктар Івашкевіч
Актывіст Партыі БНФ Віктар Івашкевіч сказаў, чым бліжэй да прэзыдэнцкіх выбараў, тым большае супраціўленьне з боку рэжыму, які ня хоча сыходзіць.

«Падобны ціск будзе накіраваны супраць усіх суб’ектаў беларускай палітыкі, якія рэальна зьбіраюцца прыкласьці намаганьні да зьмены рэжыму ў Беларусі. А бліжэй да плошчы будзе яшчэ больш, будуць прэвэнтыўныя арышты. Усё ж гэта вядома, нічога новага няма».

Сьвятлана Калінкіна
Паводле шэф-рэдактара газэты «Народная воля» Сьвятланы Калінкінай, ператрусы ў актывістаў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» зьвязаныя з пачаткам прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі:

«Улада разумее, наколькі невялікі ў яе зараз рэйтынг. І асабіста ў Аляксандра Лукашэнкі і ва ўлады ў цэлым. І таму пачалася вось такая кампанія пошуку ворагаў, а ворагі гэта заўсёды тое люстэрка, якое піша праўду. Таму ўлады і спалохаліся кампаніі „Гавары праўду“ і спалохаліся журналістаў. Гэта ўсё такая агульная кампанія — вобыскі, якія прайшлі ў нас і якія сёньня працягнуліся па ўсёй краіне».

Валянцін Стэфановіч
Паводле праваабаронцы Валянціна Стэфановіча, нядаўнія ператрусы ў офісе «Хартыі 97», на прыватнай кватэры Андрэя Саньнікава, таксама маюць тыя ж самыя карані.

«То бок асобы, якія заявілі пра свае амбіцыі да ўдзелу ў прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі: Саньнікаў і ў гэтым выпадку Някляеў — адразу трапляюць пад такія ўзьдзеяньні ўладаў. І ўлады такім чынам паказалі насамрэч, як яны падрыхтаваны да правядзеньня выбарчай кампаніі ў тым рэчышчы, у якім яны ўмеюць яе праводзіць. І насамрэч, калі Лукашэнка казаў, што кампанія будзе цяжкай, мабыць, ён ня хлусіў на гэты раз».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG