Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ператрусы з канфіскацыяй і допыты актывістаў “Гавары праўду!” працягваюцца


Сёньня у розных гарадох краіны — Менску, Берасьці, Магілёве, Горадні, Барысаве, Салігорску ды іншых — распачаліся ператрусы ў офісах грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» У сталічных актывістаў кампаніі спачатку правялі ператрусы ў кватэрах, канфіскавалі аргтэхніку, дыскі, і таксама павезьлі на допыт у Ленінскі райаддзел міліцыі.


У сталіцы прыкладна апоўдні міліцыянты ўварваліся ў цэнтральны офіс кампаніі на праспэкце Машэрава і ў гарадзкі офіс на вуліцы Кісялёва. Патлумачылі, што адбудуцца ператрусы ў сувязі з распачатай крымінальнай справай. Ва ўсіх прысутных супрацоўнікі міліцыі адабралі мабільныя тэлефоны, некаторых адразу павезьлі на допыты ў міліцыю.

У Цэнтральны офіс журналістаў не пусьцілі. Праўда, пасьля званка дзьверы адчынілі два маладзёны ў цывільным, паглядзелі дакумэнты і зноў зачыніліся. Журналісты выклікалі міліцыю. Міліцыянтаў з аўтаматамі і ў бронекамізэльках у офіс маладёны пусьцілі. Праз 10 хвілін міліцыя патлумачыла, што тут праводзіцца сьледчы экспэрымэнт.

У той жа час у Ленінскім РАУСе сталіцы адбываліся допыты затрыманых.

Актывіст кампаніі Юры Алейнік (зьлева) і Міхась Пашкевіч.
Актывіст кампаніі Юры Алейнік: «Затрымалі мяне ў гарадзкім офісе кампаніі быццам бы па прычыне таго, што заведзеная крымінальная справа. Якая, дакладна не назвалі, сказалі толькі, што 250-ы артыкул, нешта зьвязанае з прадпрымальніцкай дзейнасьцю. Потым быў вобшук, ператрэсьлі ўсё, шмат якія матэрыялы апісалі, але ніякіх пратаколаў, вопісаў на месцы не складалі. Я і яшчэ два чалавекі былі затрыманыя, нас адвезьлі ў Ленінскі РАУС, у кожнага быў допыт. Але тут так і не патлумачылі, што за крымінальная справа. Сказалі толькі, што дапыталі ў якасьці сьведкаў».

Спадарыня Натальля прынесла сёньня раніцай у офіс сабраныя подпісы за перайменаваньне вуліцы Ўльянаўскай у Менску ў вуліцу Васіля Быкава. Усе падпісныя лісты, два мабільныя тэлефоны і ноўтбук у жанчыны адабралі:

«Я на допыце сказала, што ніякай крамолы ў маёй дзейнасьці няма. На пытаньне, як я пазнаёмілася з кампаніяй, адказала, што праз інтэрнэт пазнаёмілася. Мне іх праграма і мэты блізкія, і я вырашыла паўдзельнічаць. Сабрала ў Маскоўскім раёне каля 2 тысяч подпісаў за вуліцу Быкава. Людзі ахвотна падпісваліся. Асабіста я ўпоравень з Быкавым нікога паставіць не магу, рабіла гэта па перакананьні, па добрай волі, абсалютна бясплатна. Я сама філёляг, мне гэта цікава, мне гэта блізка».

Аляксандар Уліцёнак перад допытам у Ленінскім РУУС.
У актывістаў кампаніі журналіста Аляксандра Ўліцёнка, рэдактара газэты «Товарищ» Сяргея Вазьняка, публіцыста Аляксандра Фядуты, кіраўніка сацыялягічнай лябараторыі «НОВАК» прафэсара Андрэя Вардамацкага да іншых прайшлі ператрусы ў кватэрах. Вось што распавёў Аляксандар Уліцёнак, калі яго прывезьлі ў Ленінскі РАУС:

«Зараз мяне вядуць да сьледчага. Дома ўчынілі ператрус, забралі ўсю апаратуру, забралі ўсе кампутары — і мой, і сына. Забралі ўсе паперы, дыскі, усё, што можна было забраць. Сказалі, што робяць усё ў межах крымінальнай справы, але якой, не патлумачылі».

Некаторым актывістам мабільныя тэлефоны і ноўтбукі так і не аддалі:

«Грубавата пры затрыманьні адабралі тэлефоны, некаторым дагэтуль не вярнулі. Прычым немагчыма патэлефанаваць сям’і».

«У мяне забралі ноўтбук і два тэлефоны, не вярнулі. Я жыву адна і не магу нікому патэлефанаваць. Напісала заяву ў міліцыю зараз».

Дзе знаходзіцца лідэр кампаніі «Гавары праўду!» паэт Уладзімер Някляеў, дакладна невядома. Паводле папярэдняй інфармацыі, допыты і ператрусы праводзіліся ў рамках крымінальнай справы паводле артыкулу 250 часткі 1 (распаўсюджваньне лжывай інфармацыі пра тавары і паслугі).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG