Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўранэст хочуць запусьціць “да восені”


Беларускія ўлады зыходзяць з таго, што прадстаўляць краіну ў «Эўранэсьце» — парлямэнцкай структуры праграмы «Усходняе партнэрства» — павінны толькі дзейныя дэпутаты. Такое меркаваньне выказала сёньня старшыня камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Ніна Мазай. Адказваючы на пытаньне нашага радыё, яна падкрэсьліла, што менавіта такім чынам фармуюцца дэлегацыі іншых краінаў «Усходняга партнэрства».


Спадарыня Мазай у сваім адказе «Свабодзе» спаслалася на Праскую Дэклярацыю аб стварэньні «Ўсходняга партнэрства». Паводле гэтага дакумэнту, прапануецца мець дзьве структуры — парлямэнцкую і грамадзянскі форум. Беларускі парлямэнт ня супраць таго, каб у форуме ўдзельнічалі асобы, якія не патрапілі ў Нацыянальны сход Беларусі. А вось у парлямэнце павінны быць толькі дзейныя дэпутаты, лічыць старшыня камісіі Савета Рэспублікі:

Ніна Мазай
«Мы зыходзім з таго, што парлямэнцкае вымярэньне па духу і па літары Дэклярацыі павінна быць парлямэнцкім вымярэньнем. Нацыянальныя парлямэнты фарміруюць свае дэлегацыі. І такім чынам парлямэнцкае вымярэньне працуе».

Далей ў размове са мною Ніна Мазай дадала: дэлегацыі іншых краінаў Эўранэсту сфармаваныя толькі з парлямэнтароў. У гэтых краінах партыі, якія ня трапілі ў парлямэнт, не ўключаюцца ў склад афіцыйнай дэлегацыі.

Палітоляг, старшыня Беларускага Шуманаўскага таварыства, якое займаецца вывучэньнем эўрапейскіх праблемаў, Ігар Лялькоў ня лічыць спасылку спадарыні Мазай на досьвед іншых краінаў «Усходняга партнэрства» дастаткова абгрунтаванай:

Ігар Лялькоў
«Ёсьць вялікая розьніца паміж украінскім альбо азэрбайджанскім парлямэнтамі і так званым парлямэнтам беларускім. Тыя парлямэнты афіцыйна прызнаныя Эўразьвязам. Вынікі выбараў ў іх, няхай і з пэўнымі агаворкамі і перасьцярогамі, але ўсё ж такі афіцыйна прызнаныя. А так званы парлямэнт Беларусі афіцыйна не прызнаны Эўразьвязам. То бок ён не зьяўляецца для Эўразьвязу легітымным партнэрам, нейкай юрыдычнай асобай».

Анатоль Лябедзька, які сёньня знаходзіцца ў Страсбуры, сказаў «Свабодзе» па тэлефоне: прадстаўніцтва Беларусі ў Эўранэсьце ён абмяркоўваў зь віцэ-старшынём гэтай структуры спадаром Сарыюшам-Вольскім:

Анатоль Лябедзька
«І тут, я канстатую, у нас і ацэнкі, і прапановы, што рабіць, супадаюць на 100%. Як заявіў спадар Сарыюш-Вольскі, яны гатовы зрабіць чарговую, трэцюю па ліку, кампрамісную прапанову для Лукашэнкі. І гэта кампраміс заключаецца ў формуле „5+5“: пяць — ад апазыцыі і пяць — ад улады. Калі не, то гэта ёсьць асабістая праблема Лукашэнкі».

Фіксаванай даты пачатку працы Эўранэсту не існуе. Пра гэта сёньня казала Ніна Мазай: спачатку лічылася, што Эўранэст пасьпее пачаць працу «да восені». Але атрымаецца так ці не, пакуль сказаць немагчыма. А Анатоль Лябедзька паведамляе, што ў стваральнікаў Эўранэсту ёсьць жаданьне вырашыць усе арганізацыйныя пытаньні да ліпеня, да пачатку летніх вакацыяў эўрапарлямэнтароў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG