Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замежнікі абмінаюць Беларусь з-за яе дарагоўлі


Беларускія гатэлі запоўненыя толькі напалову. Такой несуцяшальнай навіной падзяліліся сёньня з грамадзкасьцю прадстаўнікі Міністэрства спорту і турызму. Што перашкаджае Беларусі стаць турыстычнай краінай сьледам за прыкладам сваіх суседзяў?


Кіраўнік дэпартамэнту турызму галіновага міністэрства Віктар Янкавенка лічыць, што ў цэлым першы квартал гэтага году быў пасьпяховым:

«Імпарт турыстычных паслуг вырас за кошт актыўнай зьнешнеэканамічнай дзейнасьці. У прыватнасьці, выдаткі на дзелавыя паездкі падвысіліся за тры першыя месяцы 2010 году ў параўнаньні з аналягічным леташнім пэрыядам на 1 мільён 900 тысяч даляраў. Экспарт турыстычных паслуг вырас на 7 мільёнаў даляраў на тле студзеня-сакавіка 2009-га. У цэлым за першы квартал у сфэры турызму склалася станоўчае сальда ў памеры 16 мільёнаў даляраў».

Між тым экспэрты мяркуюць, што Беларусі яшчэ вельмі далёка да статусу турыстычнай дзяржавы. Як кажа старшыня Рэспубліканскага саюзу турыстычных арганізацый Валянцін Цэхмэйстэр, немагчыма гаварыць пра разьвіцьцё індустрыі, не адкрыўшы краіну. Так, ад пачатку году набыла моц асаблівая частка Падатковага кодэксу, якая «ўніфікавала» падыход да консульскіх збораў з замежных грамадзянаў. У выніку кошт візаў у Нацыянальным аэрапорце падскочыў ад 60 да 90 і 180 эўра ў залежнасьці ад дыпляматычных нюансаў. Для грамадзянаў ЗША збор вызначаны ў памеры 275 эўра. У кансулятах Беларусі ў краінах Эўразьвязу скасаваная магчымасьць атрыманьня больш таннай турыстычнай візы:

«Усе гэтыя моманты ня леглі на шалі — з гледзішча турыстычнага іміджу, іміджу гасьціннасьці нашай краіны, — а якімсьці чынам адышлі на другі плян. Больш за тое, яны сталі на пачатку году цалкам нечаканымі! А ў дзелавым сьвеце так не прынята: мала хто паверыць, што кіраўнікі турфірмаў, якія літаральна 28-29 сьнежня расказвалі пра ўмовы прылёту сваім замежным калегам, нічога ня ведалі пра навацыі. Калі тыя 1-2 студзеня 2010 году прызямляліся ў аэрапорце і даведваліся, што замест 60 эўра трэба заплаціць 180 (у гонар чаго?), то людзі былі ня толькі вельмі зьдзіўленыя, але проста падстаўленыя сваімі партнэрамі па бізнэсе. Бо ніхто не паверыць словам, што за два дні да пачатку дзеяньня нормы ўдзельнікі рынку нічога ня ведалі пра меркаваныя захады. Але ж у нас атрымліваецца менавіта так!»

Якраз сёньня МЗС Беларусі агучыў спадзяваньне на зьніжэньне кошту візаў у краіны Эўразьвязу: «Беларусь выступае за максымальнае спрашчэньне візавых працэдураў на ўсіх узроўнях і для ўсіх катэгорый беларускіх грамадзянаў». Але ці выпадае спадзявацца на ўзаемнасьць, ня робячы крокаў насустрач?
Запоўненасьць беларускіх гатэляў у лепшым выпадку складае толькі 50%.
Прадстаўнікі Міністэрства спорту і турызму вымушаныя прызнаць: запоўненасьць беларускіх гатэляў у лепшым выпадку складае толькі 50%. Не спрыяе актыўнасьці ні згаданы высокі кошт візаў, ні дарагоўля саміх гатэляў — нумар у 3-зоркавым гатэлі стартуе ад 80 эўра.

Выправіць становішча чыноўнікі абяцаюць праз пару гадоў — перадусім спадзеючыся на хакейны чэмпіянат сьвету, якія ў 2014-м пройдзе ў Менску. У сталіцы ўжо зараз узводзяцца новыя гатэльныя комплексы, за некалькі гадоў іх зьявіцца больш за дзясятак. Былы спартовы тэлекамэнтатар Уладзімер Даўжэнка перакананы: сродкі, укладзеныя ў пабудову 15-тысячнай «Менск-Арэны», а таксама ў будучыя гасьцініцы, наўрад ці рэальна кампэнсаваць коштам некалькіх тысяч замежнікаў:

«Да 2014 году яшчэ шмат часу, цэлыя чатыры гады. Але з улікам прагнозаў спэцыялістаў, што крызіс будзе адчувацца нашмат больш працяглы пэрыяд, а фінансавыя наступствы ад яго будуць сур’ёзныя, то трэба было прыняць рашэньне на асваеньне самай мінімальнай сумы. Нават акрэсьліць пэўную столь, вышэй за якую мы фінансава ўздымацца ня будзем. Таму што сытуацыя гранічна складаная. Шчыра кажучы, ня вельмі і радасна, што мы гэты чэмпіянат атрымалі. Не абавязковае гэта мерапрыемства, можна было патрываць, можна было пайсьці на нейкі лепшы варыянт — прапанаваць камусьці на пару гэта правесьці, як разумныя краіны і робяць. Бо фінансы, як самі ведаеце, пяюць рамансы. І нідзе ад гэтага не падзенесься. Але ўжо зараз, адчуваю, пачнуць уліваць і ўліваць. А адкуль браць? Нам бы, як тым малпам, у часе крызісу, прабачце, зад прыкрыць…»

Адказны за турыстычную галіну ў Міністэрстве спорту і турызму Віктар Янкавенка таксама надта ня цешыцца ілюзіямі і кажа, што прынамсі да чэмпіянату сьвету давядзецца разьлічваць на суседнія краіны. Паводле статыстыкі, у 2009 годзе з краінаў СНД у Беларусь прыбылі амаль 60 тысяч чалавек. Пры гэтым з Расеі — 56,5 тысяч, з Украіны — 2,5 тысячы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG