Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Узьвінцілі цэны на візы. Сабе даражэй


Ці пабачаць замежнікі Беларусь далей за аэрапорт?
Ці пабачаць замежнікі Беларусь далей за аэрапорт?

Міністэрства падаткаў і збораў заяўляе, што няма прававых падставаў, каб карэктаваць памер консульскіх збораў з замежнікаў, якія адкрываюць візы ў Нацыянальным аэрапорце “Менск”. Падвышэньне візавага парогу для патэнцыйных турыстаў выклікала абурэньне ня толькі ў прадстаўнікоў турыстычнай галіны, але і ў Міністэрства спорту і турызму.

Нагадаем, што ад 1 студзеня набыла моц асаблівая частка Падатковага кодэксу. Яна прадугледжвае спэцыяльны падатак з іншаземцаў, якія пасьля прылёту ў Беларусь афармляюць візавыя дакумэнты проста ў аэрапорце. У выніку кошт паслугі вырас утрая.

Ад ранейшых 60 эўра для грамадзянаў краінаў, дзе існуе беларускае пасольства , паслуга афармленьня візы непасрэдна ў аэрапорце падскочыла да 180 эўра. У паўтара разы — ад 60 да 90 эўра — вырасла цана для турыстаў, абдзеленых беларускай дыпляматычнай прысутнасьцю. Беларускія турфірмы крытычна адрэагавалі на такія навацыі, лічачы, што неадэкватныя кошты паставяць крыж на дэкляраваных намерах разьвіваць уязны турызм.

Такую заклапочанасьць падзяліў міністар спорту і турызму Алег Качан, які назваў сытуацыю “недарэчнай” і запэўніў: адпрацоўваецца пытаньне вяртаньня кошту беларускіх візаў у аэрапорце да ранейшага ўзроўню. Аднак намесьніца начальніка ўпраўленьня міжнароднага супрацоўніцтва Міністэрства падаткаў і збораў Валянціна Тарасевіч заявіла: скасоўваць норму, якая ўзьведзеная ў закон, вельмі складана. Калі толькі ў канфліктную сытуацыю не ўмяшацца асабіста Аляксандар Лукашэнка:

“Стаўкі зацьверджаныя ў дадатку да асаблівай часткі Падатковага кодэксу, гэта дадатак 13-ы, асобныя яго фрагмэнты. Пакуль гэтая частка дзейнічае — калі, канечне, асобныя нормы ня зьменіць кіраўнік краіны. Увогуле ж хачу адзначыць, што ўсё гэта робіцца на ўзаемнай аснове. Іншымі словамі, нідзе мы тут не пераступілі мяжу ці, як кажуць, узялі больш, чым тая дзяржава, зь якой прыяжджае ў Беларусь турыст”.

Кіраўнік вядучага турыстычнага парталу Беларусі Holiday.by Андрэй Барашка падкрэсьлівае: новыя нормы ўводзіліся без кансультацыяў з турфірмамі. Аднак падлічваць страты ў агляднай будучыні ад такіх захадаў давядзецца ўсім — і турагенцтвам, і дзяржаўным установам:

“На словах я не чакаю станоўчай рэакцыі ад гэтага кроку ні ад кога. А вось што да канкрэтных прапорцый — то бок як гэтае рашэньне зьмяніла рынак, які і без таго на палове нагі стаіць — можна паспрабаваць ацаніць месяцы праз 2—3. Калі выразна праявіцца спад зваротаў у турыстычныя кампаніі па турпаслугі з боку замежнікаў, якія прыбываюць у Беларусь у індывідуальным парадку. Таму што, калі браць арганізаваных турыстаў, яны ўсё ж у бальшыні сваёй атрымліваюць візы празь беларускія консульствы ў сваіх краінах. І ўжо сюды трапляюць зь візай, атрыманай па адносна памяркоўных коштах. А вось што тычыцца індывідуальных турыстаў, якія прыбываюць самастойна, то ў іх такі кошт, вядома, выклікае нямала пытаньняў”.

У тлумачэньні МЗС Беларусі гаворыцца, што парадак уезду ў Беларусь для грамадзянаў большасьці краін сьвету адэкватны візавай працэдуры, якая ўжываецца гэтымі дзяржавамі ў адносінах да беларусаў. Паказальна, што яшчэ ня так даўно беларускія ўлады практыку афармленьня дакумэнтаў на месцы падавалі як вынік “лібэралізацыі”: маўляў, усё большая колькасьць замежнікаў можа проста і адносна танна трапіць у Беларусь, абмінаючы доўгія консульскія працэдуры. Кіраўнік Рэспубліканскага саюзу турыстычных арганізацый Валянцін Цэхмэйстар кажа, што яўна не абышлося без лабіраваньня інтарэсаў пэўных ўстановаў:

“Гэтая сытуацыя нейкім чынам пралабіраваная з боку дзяржаўных чыноўнікаў, ніяк не зацікаўленых у захаваньні прынцыпаў узаемнасьці. Бо ў такім выпадку можна было ў чымсьці пайсьці замежнікам нават на саступкі, што, зрэшты, дагэтуль і абяцалася. Відавочная эканамічная субстанцыя, якая зыходзіць з таго, што нашы дыпляматычныя, консульскія службы за мяжой павінны зарабляць, быць на самаакупнасьці. Хоць так было і дагэтуль, але, магчыма, ва ўмовах крызысу некаторыя моманты абвастраюцца”.

Па словах спадара Цэхмэйстара, у дадзенай сытуацыі ня толькі ставіцца пад сумнеў абвешчаная “лібэралізацыя”, але коціцца пад адхон спроба надаць цывілізаванае аблічча ўсяму турыстычнаму бізнэсу Беларусі:

“Найперш, зручна для спажыўца, калі турыст можа абмінуць пасольства ці консульства. Зразумела, што зручней прыляцець у аэрапорт і там аформіць візу. Ня думаю, што гэта было б масава, усе кінуліся б туды. Але ўсё роўна ёсьць V.I.P.-турысты, частка людзей, якія прадстаўляюць дзелавую супольнасьць, дый проста ўсялякія экстраныя выпадкі. Бізнэсоўцы прызвычаіліся доўга не раскачвацца, а прыляцець, адкрыць візу, памяняць грошы. То бок, вырашыўшы пытаньні на месцы. Гэты сэрвіс дазвалялі ажыцьцявіць, у тым ліку, турыстычныя кампаніі: SMOK, “Экатур-6”, “Алатан-Тур”, якія здымалі офісы, рыхтавалі спэцыялістаў, сустракалі турыстаў у зоне прыёму гасьцей, дапамагалі аформіць дакумэнты. Іх мэта — стварыць добрыя ўмовы, станоўчы імідж нашай краіне ў справе скасаваньня бюракратычных бар’ераў. Яны клапаціліся пра зручнасьць чалавека падчас знаходжаньня ў чужой краіне і г.д. Цяпер гэта ўсё ня мае сэнсу…”

Апроч таго, прадстаўнікі турбізнэсу лічаць, што захады беларускіх уладаў ставяць пад сумнеў намаганьні эўраструктураў дзеля зьніжэньня памеру візавага збору для грамадзянаў Беларусі.
XS
SM
MD
LG