Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МВФ перагледзіць прагноз для Беларусі


Намаганьні дзеля вырашэньня грэцкай праблемы — станоўчыя і для тых краін Эўропы, у якіх яшчэ фармуюцца рынкавыя дачыненьні. Такую думку выказаў сёньня Ёган Матысэн — старшы эканаміст Эўрапейскага дэпартамэнту Міжнароднага валютнага фонду.

Ён зрабіў гэта ў Менску, адказваючы на пытаньне нашага радыё, падчас прэзэнтацыі вясновага выпуску Рэгіянальнай справаздачы пра пэрспэктывы разьвіцьця эканомікі Эўропы ў 2010-м годзе.

Рэгіянальная справаздача ахоплівае шэраг эўрапейскіх краін, сярод якіх і Беларусь. Аднак у дакумэнт не пасьпелі патрапіць самыя апошнія падзеі, якія разгарнуліся вакол фінансавых праблемаў Грэцыі. Таму і прагучала пытаньне пра тое, ці паўплывае іх разьвязаньне нейкім чынам на эканоміку Беларусі?

Ёган Матысэн лічыць: грэцкія падзеі — гэта ўрок і для іншых краінаў:

"Я магу сказаць, што тычыцца краін Эўропы, у якіх фармуецца рынак. Апошнія падзеі, намаганьні Эўропы дзеля вырашэньня праблемаў Грэцыі зьяўляюцца для іх, безумоўна, станоўчымі. Праграма, прынятая Эўразьвязам дзеля паляпшэньня сытуацыі ў Грэцыі, скарачае альбо нават цалкам ліквідуе тыя рызыкі, якія могуць для іх існаваць. Прыняты пакет захадаў паспрыяе фінансавай і эканамічнай стабільнасьці ў гэтым рэгіёне. Рэалізацыя новага мэханізму дапаможа паставіць аздараўленьне эканомікі на ўстойлівыя рэйкі. І гэта стане спрыяльным фактарам для ўсіх краін Эўропы — павялічацца інвэстыцыі, гандлёвыя плыні, попыт на экспарт. Ва ўсіх гэтых сфэрах можна чакаць больш высокіх паказьнікаў, чым раней".

На прэзэнтацыі спадар Матысэн згадаў разьліковыя лічбы прагнозу МВФ адносна эканамічнага разьвіцьця Беларусі. На 2010-ты год — гэта павелічэньне валавога ўнутранага прадукту на 2,4%, а на 2011-ты — на 4,6%. Аднак толькі за чатыры першыя месяцы сёлета, паводле афіцыйнай беларускай статыстыкі, рост ВУП перавысіў 6%. Ці стануць гэтыя дадзеныя падставай, каб перагледзець прагноз фонду?

Сталая прадстаўніца МВФ у Беларусі Натальля Калядзіна нагадала, што спэцыяльная місія МВФ ад учорашняга дня працуе ў Менску:

"Мы пераглядаем наш макраэканамічны прагноз на 2010 год і будзем працаваць над прагнозам на 2011—2013 гады. І, безумоўна, перагляд улічвае тыя зьмены, якія адбыліся ў эканоміцы Беларусі і яе асноўных гандлёвых партнэраў, уключаючы Эўразьвяз і Расейскую Фэдэрацыю".

Праграма stand-by, якая была разгорнута МВФ у Беларусі, практычна завершаная. Ці ёсьць у сувязі з гэтым пэрспэктывы для адкрыцьця новай праграмы? Натальля Калядзіна сёньня сказала, што афіцыйнага звароту ў МВФ ад беларускіх уладаў няма:

"Але паколькі ўлады ўздымалі гэтае пытаньне падчас папярэдняй місіі, то я лічу, што яно будзе абмяркоўвацца і падчас гэтай місіі. Менавіта ў такім рэчышчы — як магчымасьць і неабходнасьць праграмы. У дадзены момант пра гэта размаўляць заўчасна, паколькі нам трэба абнавіць наш макраэканамічны прагноз".

МВФ выдаў Беларусі крэдытаў на 3,6 мільярда даляраў. А на пачатку траўня ў інтэрвію Reuters Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусі не патрэбна яшчэ адна крэдытная лінія МВФ. "У МВФ мы крэдытаў цяпер ня просім", — заявіў ён.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG