Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Багданкевіч: Беларусі неабходная падтрымка МВФ


У Менску распачынае працу чарговая місія Міжнароднага валютнага фонду на чале з кіраўніком місіі па Беларусі Крыстафэрам Джарвісам. Ці возьме афіцыйны Менск новы крэдыт у МВФ?

Экспэрты МВФ прааналізуюць вынікі першага кварталу і пэрспэктывы эканамічнага разьвіцьця Беларусі да канца году і на сярэднетэрміновую пэрспэктыву, а таксама пытаньні структурных пераўтварэньняў, якія ўлады плянуюць правесьці ў найбліжэйшы час. Місія абмяркуе магчымасьць і неабходнасьць новай праграмы для Беларусі. Зрэшты, беларускія ўлады пакуль не накіроўвалі афіцыйнага запыту на чарговы крэдыт. Пра гэта карэспандэнту "Свабоды" распавяла сталая прадстаўніца МВФ у Беларусі Натальля Калядзіна:

"Падчас мінулай місіі ўлады выказвалі зацікаўленасьць у наступнай праграме з фондам. Таму будзе разглядацца магчымасьць і неабходнасьць, бо гэта запатрабуе правядзеньня перамоваў. І таму мы павінны ведаць намеры ўладаў і таксама арыентавацца на нашы магчымасьці".

Ці будзе прасіць Беларусь новыя крэдыты ў МВФ? Начальнік упраўленьня інфармацыі Нацбанку Анатоль Драздоў сказаў:

"Гэта высьветліцца пасьля заканчэньня працы місіі. Гэта будзе залежаць ад шэрагу ўмоваў. Пакуль на самым высокім узроўні было заяўлена, што пакуль не зьбіраемся".

Нагадаем, у інтэрвію агенцтву Reuters 4 траўня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь ня будзе прасіць у МВФ новых праграмаў крэдытаваньня на тле ажыўленьня эканомікі. Ён выказаўся за разьвіцьцё супрацоўніцтва ў сфэры кансультацыйных паслугаў.

Паводле былога старшыні Нацбанку Беларусі Станіслава Багданкевіча, А.Лукашэнка, аднак, не адмаўляецца ад зьнешніх пазыкаў зь іншых крыніцаў. Але самыя выгадныя, ільготныя, танныя крэдыты даюць МВФ, Усясьветны банк і Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця. Выкарыстаньне астатніх крыніц азначае падаражэньне крэдытаў для Беларусі.

Станіслаў Багданкевіч
"Калі ўлічыць, што, як і раней, у нас складаная сытуацыя ў эканоміцы, што дэфіцыт гандлёвага балянсу чакаецца значным за гэты год, то неабходная падтрымка МВФ. Таму на месцы ўладаў я не адмаўляўся б ад распрацоўкі новай сумеснай праграмы эканамічных пераўтварэньняў і атрыманьня чарговага "стэнд-бай". Бо галоўная мэта МВФ — гэта падтрыманьне валютных рэзэрваў, каб не дапусьціць падзеньня нацыянальнай валюты той ці іншай краіны.

Але ўлада, відаць, ня хоча зьвязваць сябе нейкімі абавязаньнямі перад МВФ. Бо ён дае крэдыты, калі ўрад і фонд узгодняць эканамічную праграму далейшых рэформаў, далейшай лібэралізацыі і прыватызацыі. Я думаю, улады ня хочуць рабіць кардынальныя рынкавыя пераўтварэньні, якія даўно неабходна было б зрабіць Беларусі".

Дзяржаўны доўг Беларусі павялічваецца і хутка дасягне зацьверджанага на гэты год ліміту. А сукупны доўг краіны склаў на 1 студзеня гэтага году 22 мільярды даляраў і набліжаецца да 50% валавога прадукту. Тэмпы росту гранічна непрымальныя, сказаў Станіслаў Багданкевіч.
мы жывём у апошнія гады не па сродках, за кошт зьнешняга доўгу ...

"Гэта азначае, што мы жывём у апошнія гады не па сродках, за кошт зьнешняга доўгу. Гэта гранічна дрэнна. Трэба жыць па сродках. І для гэтага скарыстацца крэдытамі МВФ і праводзіць зь яго дапамогай эканамічныя пераўтварэньні, якія б аздаравілі эканоміку і дазволілі жыць па сродках".



У красавіку Беларусь атрымала апошні транш крэдыту МВФ на 670 мільёнаў даляраў у рамках праграмы крэдытаваньня на 3,5 мільярда даляраў, якая была зацьверджаная ў 2008 годзе. А.Лукашэнка заявіў, што будзе "заўсёды памятаць" аб падтрымцы МВФ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG