Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мядзьведзеў перадаў Польшчы 67 тамоў катынскай справы


Мэмарыял Катынь
Мэмарыял Катынь

Прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў перадаў польскаму боку 67 тамоў крымінальнай справы № 159 адносна расстрэлу польскіх афіцэраў у Катыні.


Перадача адбылася на сустрэчы Дзьмітрыя Мядзьведзева з выконваючым абавязкі прэзыдэнта Польшчы Браніславам Камароўскім у Крамлі. Расейскі прэзыдэнт перадаў таксама пералік матэрыялаў па асобных тамах, перадае «РИА Новости».

Сумесная з польскім бокам праца па рассакрэчваньні матэрыялаў катынскай справы будзе працягнутая, заявіў Дзьмітрый Мядзьведзеў на сустрэчы з Браніславам Камароўскім.

Раней Расея ўжо прадставіла Польшчы каля мільёна старонак архіваў па Катыні. Паводле сустаршыні расейска-польскай камісіі па складаных пытаньнях Анатоля Таркунова, у рассакрэчаных архівах прыводзяцца дэталёвыя дадзеныя пра падзеі ў Катыні. У гэтых дакумэнтах ёсьць нават імёны сяржантаў, канваіраў, якія выконвалі злачынныя загады зьверху, перадае «Інтэрфакс».

Паводле спадара Таркунова, «тут мае месца воля расейскага кіраўніцтва назаўсёды закрыць гэтую тэму».

Раней па ўказаньні Дзьмітрыя Мядзьведзева расейскі бок абнародаваў дакумэнты па катынскай трагедыі з так званай «Асаблівай папкі № 1», яны зьмешчаны ў інтэрнэце.

Паводле праваабаронцаў, некаторыя матэрыялы па Катыні засталіся засакрэчанымі і знаходзяцца ў Галоўнай вайсковай пракуратуры. Яны лічаць, што гэта можа быць больш за сто тамоў крымінальнай справы па Катыні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG