Улічваючы магчымасьць зьяўленьня над тэрыторыяй Беларусі воблака вульканічнага пылу, якое ўтварылася ў выніку вывяржэньня вулькана ў Ісьляндыі, з учорашняга вечара рух паветраных суднаў над тэрыторыяй нашай краіны на вышыні ад 7 да 11 км быў закрыты да 9.00 сёньняшняга дня. Сёньня раніцай было прынятае рашэньне гэты рэжым прадоўжыць да 16.00.
"У Нацыянальным аэрапорце Мінск большасьць авіярэйсаў у Эўропу адмененыя, у той жа час палёты ва ўсходнім напрамку, напрыклад, у Маскву, выконваюцца", - расказалі спэцыялісты.
Авіяцыйныя службы пастаянна адсочваюць сытуацыю, зьвязаную з распаўсюджваньнем вульканічнага воблака, падтрымліваюць сувязь з калегамі з Расеі, Украіны, іншых эўрапейскіх краін. Інфармацыя аб перамяшчэньні воблака пылу паступае ў дэпартамэнт па авіяцыі бесьперапынна. Усе дадзеныя адсочваюцца і аналізуюцца супрацоўнікамі нацыянальнай авіякампаніі "Белавія", прадпрыемства "Белаэранавігацыя", Рэспубліканскага гідраметэацэнтра.
Графік закрыцьця палётаў ў краінах Эўропы
На сёньняшні дзень амаль у 20 краін Эўропы паралізаваны авіярух. Не лятаюць самалёты практычна па ўсёй Эўропе (за выключэньнем поўдня Італіі і Турцыі).
| Краіна | Да якога часу закрыты паветраны рух |
| Бэльгія | субота, 20 гадзін |
| Чэхія | субота, 18 гадзін |
| Данія | нядзеля, 20 гадзін |
| Фінляндыя | нядзеля, па абедзе (гадзіна не пазначаная) |
| Францыя | субота, 20 гадзін |
| Галяндыя | субота, 14 гадзін |
| Нямэччына | субота, 14 гадзін (Lufthansa адмяніла да 20 гадзін) |
| Польшча | мінімум да канца суботы |
| Швайцарыя | субота, 20 гадзін |
| Швэцыя | да панядзелка |
| Вялікая Брытанія | нядзеля, 20 гадзін |
| Італія | субота, 20 гадзін |