Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 16 красавіка


Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.



І СОНЦА...


...і дождж. Тэмпэратура: +6 — +16 С.

НЕ ПРАХОДЗЬЦЕ МІМА:


Прагляд фільму Анджэя Вайды "Катынь" у офісе Партыі БНФ у Менску. Пачатак а 18.00.

Прагляд фільму "Чырвоная барада" ў рамках Рэтраспэктывы фільмаў Акіры Курасавы ў Музэі гісторыі беларускага кіно ў Менску. Пачатак а 15.00 і 18.30.

ТАМ ДЗЕ НАС НЯМА:


У сталіцы Бразыліі пройдзе саміт кіраўнікоў Бразыліі, Кітаю, Індыі і Расеі.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:


У 1818 беларускі паэт Ян Чачот уступіў у падпольнае студэнцкае таварыства Філяматаў. Урачыстасьць адбылася на ўзьлеску пад Вільняй. Рэкамэндацыю Чачоту даў ягоны школьны сябра з Наваградку, паэт Адам Міцкевіч. Гэтая падзея перадвызначыла як лёсы ўдзельнікаў таварыства, так і разьвіцьцё беларускай нацыянальнай ідэі на самым яе пачатку.

У 1889 нарадзіўся найбольш вядомы камічны актор сьвету Чарлі Чаплін (пам. 1977).

У 1914 у Беларусі адбылася першая авіяцыйная катастрофа на вайсковым лётнішчы ў Лідзе. У выніку яе загінулі падпаручнік Вятчынкін і мэханік Кавальчук. Яны выпрабоўвалі самалёт "Ньюпар-IV", які на вышыні 300 мэтраў раптам пайшоў уніз. Кавальчук выпаў з самалёту, схапіўся за верхні трос і, правісеўшы ў такім стане тры сэкунды, зваліўся на зямлю і разьбіўся насьмерць. Тым часам лятак разам зь пілётам урэзаўся ў дом і загарэўся. Камісія, якая дасьледавала катастрофу, знайшла яе прычыну ў недахопах канструкцыі.

У 1948 была створаная Арганізацыя Эканамічнага Супрацоўніцтва, якая аб'яднала 17 заходнеэўрапейскіх краін і стала зародкам сёньняшняга Эўразьвязу.

ЁСЬЦЬ НАГОДА:


Дзень салідарнасьці з палітвязьнямі і сем’ямі зьніклых.

МІНУС 365:


Год таму на сайце Свабоды: "Кангрэсмэны ЗША гаварылі пра пераемнасьць палітыкі".

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:


"Дзень бязь сьмеху — гэта дзень змарнаваны", — Чарлі Чаплін.
XS
SM
MD
LG