Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары: цішыня на этапе агітацыі


Сёньня лідэры дэмакратычных партыяў і арганізацый Беларусі выступілі з заявай, што ў краіне няма рэальных выбараў. З прычыны ціску на дэмакратычных актывістаў і наўмыснага іх адсеву ўжо менш як 500 прадстаўнікоў апазыцыі працягваюць удзел у выбарах, а гэта толькі 2% ад усіх зарэгістраваных кандыдатаў.


Мясцовыя ўлады працягваюць чыніць перашкоды дэмакратычным кандыдатам. Пра гэта інфармуюць рэгіянальныя карэспандэнты "Свабоды".

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Франак Вячорка: "Паўнавартаснай агітацыі ў мяне не атрымаецца"


Сёньня кандыдат у дэпутаты Мазырскага райсавету, палітпрызыўнік Франак Вячорка паскардзіўся, што прадугледжаны законам адпачынак для вядзеньня перадвыбарчай агітацыі наўрад ці атрымае:

Франак Вячорка
“Паўнавартаснай агітацыі ў мяне не атрымаецца. Прыйшоў адказ ад Лідзіі Ярмошынай. Яна спасылаецца на міністра абароны, што водпуск не прадугледжаны, а ў звальненьне будуць пускаць. Напэўна, я ўжо ў гэты адпачынак і не схаджу. Усе 15 месяцаў я правёў у вайсковай частцы. Ужо ўсе мае саслужбоўцы адхадзілі, акрамя мяне”.

Сёньня Франак меўся забраць свае перадвыбарчыя ўлёткі на паліграфічным прадпрыемстве "Калор":

“Спачатку ў мяне не хацелі браць іх. Казалі, што ва ўсіх кандыдатаў павінна быць аднатыпная друкаваная прадукцыя. Потым адгаворваліся, што падняліся тарыфы на прадукцыю. Не пагаджаліся друкаваць на каляровай паперы, але я ўсё-такі дамогся таго, чаго хацеў”.

У сваёй перадвыбарчай праграме Франак Вячорка заяўляе, што найперш будзе дамагацца вяртаньня Мазыру статусу радыяцыйна забруджанай зоны.


МАГІЛЁЎШЧЫНА


Ад кандыдатаў — толькі скаргі


Улётка чыноўніка Міхеенкі
На Магілёўшчыне агітацыйную кампанію пачалі толькі некаторыя кандыдаты. Прычына — адсутнасьць друкаванай агітацыйнай прадукцыі.

Вылучэнцы незарэгістраванай Партыі свабоды й прагрэсу з Магілёва — адзіныя, хто заяўляе пра калектыўны пачатак агітацыйнай кампаніі. Сем партыйных актывістаў, якія назьбіралі ў сваю падтрымку больш за тысячу сто галасоў, пакуль абыходзяцца без друкаванай агітацыйнай прадукцыі:

“Мы вырашылі хадзіць і дзячыць людзям асабіста за тое, што яны паставілі подпісы. Для чалавека важна, каб прыйшоў кандыдат, выслухаў ягоныя праблемы і паціснуў яму руку. Канечне, каб былі ўлёткі, было б прасьцей. Я тэлефанаваў у абласную друкарню, там на 280 тысяч можна зрабіць толькі 2,5 тысячы ўлётак. Я ж знайшоў такую, дзе можна зрабіць чатыры тысячы і на дадатак яшчэ каляровыя плякаты”, — зазначае кіраўнік штабу магілёўскіх лібэралаў, кандыдат у дэпутаты Юры Стукалаў.

Эдуарду Брокараву пагражаюць папярэджаньнем


Тым часам у Горках кандыдату на дэпутацтва ў аблсавет Эдуарду Брокараву выбарчая камісія пагражае вынесьці папярэджаньне за агітацыю ўлёткамі, раздрукаванымі не за дзяржаўныя сродкі:

“Яны мяне вінавацяць у тым, што я іх выдаў за ўласныя грошы. Я сказаў ім: "Калі ласка, абвяшчайце папярэджаньне. Але я яго абскарджу ў судзе. Вось вам рахунак, а калі вы яго будзеце аплачваць, гэта не мая справа. Вы мо яго аплаціце праз два месяцы, але гэта не азначае, што я праз два месяцы пачну сваю агітацыю”, — тлумачыць сваю пазыцыю Эдуард Брокараў.



"Улада знарок вызначыла месцы для сустрэчы з выбарцамі, куды ніхто не паедзе"


Магілёўскі кандыдат у дэпутаты ад партыі левых “Справядлівы сьвет” пэнсіянэр Анатоль Заўялаў ня мае ўлётак. Як толькі іх атрымае, адразу пачне раздаваць выбарцам. Расклейваць іх не зьбіраецца, як і ладзіць сустрэчы з выбарцамі:

“Ну які дурань паедзе на яе зь дзьвюма перасадкамі? Ніхто не паедзе. Яны спэцыяльна й даюць такія месцы, дзе ня будуць людзі зьбірацца. Я зьвяртаўся ў камісіі, мне сказалі, што падумаюць, але я ведаю, як яны думаюць. У нас іншая мэта. Сябе высьвеціць. Паказаць, што мы яшчэ жывыя”.


У Бабруйску маўчаць і праўладныя кандыдаты


У Бабруйску агітацыйнай актыўнасьці не назіраецца. Прычына тая ж — няма ўлётак:

“У нас чарга дужа вялікая. У Бабруйску самы вялікі наплыў па Беларусі кандыдатаў у дэпутаты, таму проста не спраўляецца друкарня”, — тлумачыць вылучэнец Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Андрэй Стасіловіч.

Не адзначаюцца агітацыйнай актыўнасьцю й праўладныя вылучэнцы. Пры канцы тыдня ў магілёўскім мікрараёне “Юбілейны” ў вітрыне адной зь мясцовых цырульняў і на ўваходных дзьвярах гандлёвага цэнтру зьявіліся ўлёткі намесьніка старшыні гарвыканкаму Фёдара Міхеенкі. На некаторых інфармацыйных стэндах улёткі безальтэрнатыўнага чыноўніка выкарыстоўваюць як рэкляму падгузьнікаў і надгробкаў. Генэральны дырэктар цэнтральнага ўнівэрмагу абласнога цэнтру Ўладзімер Вежнавец агітуе зь вітрыны кіраванай ім крамы.


ВІЦЕБШЧЫНА


Кандыдат “знайшоў” 5 няўлічаных шматпавярховак


Уладзімер Рамановіч
У Віцебску зарэгістраваныя кандыдаты паціху распачынаюць агітацыйную кампанію.
У актывіста стваранай партыі БХД Уладзімера Рамановіча, які балятуецца ў Віцебскі гарсавет, яшчэ не гатовыя ўлёткі. Але ён штодня ходзіць па сваёй акрузе і сустракаецца зь людзьмі.

Два дні таму ён высьветліў, што некалькі дамоў па вуліцы Праўды ў ягонай Тэхналягічнай выбарчай акрузе № 9 не прыпісаныя да выбарчых участкаў — пра гэта сьведчыць інфармацыя на афіцыйным сайце гарвыканкаму .

З гэтай нагоды спадар Рамановіч зьвярнуўся ў гарадзкую выбарчую камісію:

“Яны кажуць, што мы дакладна ня ведаем. Можа, туды яшчэ людзі не засяліліся. Насамрэч там ужо жыве шмат людзей, і я асабіста нават некалькі подпісаў сабраў у тых дамах. Гэта дамы па вуліцы Праўды — № 68, № 66 з карпусамі. Магчыма, улады імкнуцца проста зьменшыць колькасьць патэнцыйных выбарцаў.

Пра тое, што “страцілі” 6 шматпавярховак, Уладзімер Рамановіч паспрабаваў заявіць ва ўчастковую камісію, якая месьціцца ў Тэхналягічным унівэрсытэце. Аднак дзьверы паўсюль былі зачыненыя, хоць на іх ужо вісіць расклад працы камісій. Рэктар унівэрсытэту заявіў спадару Рамановічу, што камісіі будуць працаваць толькі з 9-га красавіка. На думку актывіста, гэта парушэньне выбарчага заканадаўства — бо ўчастковыя камісіі мусяць распачаць сваю працу адразу пасьля ўтварэньня — не пазьней як за 45 дзён да выбараў, адпаведна, яшчэ з 10 сакавіка.

Няўлічаныя дамы па вуліцы Газэты «Правда».


ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Друкарня павялічыла расцэнкі на ўлёткі для кандыдатаў


На Гарадзеншчыне выбарчая кампанія ніяк пра сябе не нагадвае. Кандыдаты ад апазыцыйных партый кажуць, што ўлада амаль усё прадугледзела, каб выбары адбываліся такім чынам.

Зараз якраз пэрыяд, калі кандыдаты ў дэпутаты аддалі друкаваць свае праграмы і агітацыйныя ўлёткі. Аднак першая праблема палягае ў тым, як кажа Юры Істомін, лідэр абласной арганізацыі АГП, што іх друкуюць больш за тыдзень:

“Па-першае, чэргі ў друкарнях зараз, друкаваную прадукцыю кандыдатам робяць паўтара тыдня. Тут відавочная праблема адсутнасьці нармальных друкарняў у краіне, канкурэнцыі сярод іх. Атрымліваецца, што мы стаім у чарзе і кампанія не ідзе”.

Другая значная праблема, пра якую кажуць кандыдаты ў дэпутаты: за грошы, выдзеленыя ўладамі на выбарчую кампанію, кандыдат ня можа надрукаваць нават сваёй біяграфіі кожнаму выбарцу.

Алесь Масюк са Слоніма заказаў у друкарні 700 улётак са сваёй праграмай, але пазьней яго паклікалі ў друкарню і сказалі, што за такія грошы здолеюць надрукаваць толькі 500 улётак, бо ў друкарні таксама падаражэлі паслугі.

“Я хацеў раздаць хоць у кожную кватэру па адной улётцы, але атрымліваецца, што нават гэтага зрабіць не змагу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG