Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рука, працягнутая ў магілу


Нядаўна, пры нагодзе візыту прэзыдэнта Беларусі ў Вэнэсуэлу, я сфармуляваў думку, якую — прызнаюся, не зважаючы на наогул прысутную мне падляскую сьціпласьць ("палешукі мы, а не чалавекі!") — я назваў "законам беларускага дабрабыту".

Арыгінальнае гучаньне гэтай думкі было такое: "Чым больш багатыя амэрыканцы, тым больш сацыялістычныя вэнэсуэльцы, і тым менш бедныя беларусы". Яна прыйшла мне ў галаву адразу пасьля таго, як я паглядзеў відэакліп з вэнэсуэльскага дзяржаўнага тэлебачаньня, у якім Аляксандар Лукашэнка і Уга Чавэс кідаюць шуфлі бэтону на нейкай сацыялістычнай будоўлі ў вэнэсуэльскай правінцыі і дружна камэнтуюць свой пачын фразай накшталт: "Вось мы і закапалі капіталізм". Hasta la vista, baby!

Мая думка-закон адносна беларускага дабрабыту ня выклікала вялікай цікаўнасьці ні айчынных эканамістаў, ні палітолягаў (праўду кажучы, яны яе поўнасьцю праігнаравалі), але мне няма чаго скардзіцца. Вось ніхто іншы, а адзін з "далакопаў капіталізму", вярнуўшыся ў Беларусь, сказаў гэтым самым, нібыта замагіленым амэрыканскім капіталістам, што ён ім "гатовы працягнуць руку дружбы".

Чаго ўжо беларускаму прэзыдэнту працягваць руку дохлым капіталістам — толькі таму, каб яны вылезьлі з магілы і сталі яшчэ багацейшымі? Не, канешне. Але гэта варта зрабіць дзеля большага дабрабыту беларускага народу. Вось тут і закапаны сабака, як кажуць шматлікія народы. То бок, гэта якраз і ёсьць канчатковы і неаспрэчны доказ кроўнай сувязі паміж квітненьнем амэрыканскага капіталізму і ўсё большым беларускім дабрабытам на сёньняшнім гістарычным этапе. QED, як казалі рымляне.

Але што мне насамрэч хочацца сказаць пры нагодзе гэтага віншаваньня самому сабе з нагоды сваіх аналітычных і навуковых прарываў?

Вось што дакладна: Аляксандар Лукашэнка, у адрозьненьне хаця б ад Яна Максімюка, ня мае шанцаў увайсьці ў гісторыю як аўтар нейкага сур’ёзнага закону адносна мэханізмаў грамадзкага і палітычнага жыцьця ў Беларусі. Усё, на што ён у гэтай сфэры здольны, зводзіцца адно да парушэньня такіх законаў.

Чаму я так думаю? На гэта, як кажуць, ёсьць ня менш за 48 прычынаў. Я згадаю толькі адну.

Аляксандру Лукашэнку вельмі хочацца спадабацца сваім суразмоўцам. А таму ён кажа тое, што, на ягоную думку, суразмоўцы хочуць ад яго пачуць, а ня тое, што ён сапраўды пра тое думае, калі наогул нешта пра тое думае.

Вось жа сказаў ён немцам, што ня ўсё было "nur schlecht" зь іхнім Гітлерам. А расіянам, што ён гатовы "ползти на коленях" у Маскву. А ў іншым месцы іншым людзям, менш прыхільным немцам і расіянам, ён сказаў нешта зусім іншае, супрацьлеглае.

З фармулёўкай законаў так не бывае. То бок, нельга раз сьцьвярджаць, што яблык падае зь яблыні толькі ўніз, а іншы раз, што ён ляціць толькі ўверх, нават калі такое часам і бывае. Трэба прытрымлівацца нечага аднаго, нават зусім на першы погляд дурнаватага. Dura lex sed lex, як казалі тыя рымляне.

Інакш кажучы, у двухзначнай жыцьцёвай лёгіцы шанцы аказацца дурнем у мяне — 50 адсоткаў, у Аляксандра Рыгоравіча — 100 адсоткаў.

Адно што жыцьцё на сучасным этапе свайго гістарычнага разьвіцьця кіруецца нейкай іншай, так і хочацца сказаць, двухсэнсоўнай лёгікай, у якой Аляксандр Рыгоравіч заўсёды аказваецца ў разумных, а ўсе іншыя, мяне не выключаючы — у дурнях.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG