Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грымнула ў Маскве — адгукнулася ў Менску


Раніцай 29 сакавіка адбыліся выбухі адразу на дзьвюх станцыях маскоўскага мэтрапалітэну — “Лубянка” і “Парк культуры”. Ахвярамі трагедыі сталі 37 чалавек, аднак гэтая колькасьць можа павялічвацца: 65 пасажыраў дастаўленыя ў шпіталі, 8 зь іх — у крытычным стане. МЗС Беларусі высьвятляе, ці ёсьць сярод пацярпелых беларускія грамадзяне. Тым часам менская міліцыя да асаблівага распараджэньня пераведзеная на ўзмоцнены рэжым службы.

У амбасадзе Беларусі ў Маскве паведамілі, што сярод супрацоўнікаў прадстаўніцтва пацярпелых няма, а дыпмісія працуе ў штатным рэжыме. Ці не апынуліся ў зоне выбухаў грамадзяне Беларусі,-- супрацоўнікі амбасады зараз высьвятляюць. У сьпісе пацярпелых, апублікаваным на сайце Міністэрства надзвычайных сытуацый Расеі, фігуруюць грамадзяне Малайзіі, Філіпінаў ды іншых дзяржаваў. Пра Беларусь згадак няма.

У зьвязку з выбухамі ў Маскве ўвесь асабовы склад аддзелу ўнутраных спраў па ахове Менскага мэтрапалітэну выкліканы на працу. Міліцыянты разьмеркаваныя па вэстыбюлях, дзяжураць на канцавых станцыях і ў пераходзе з Маскоўскай на Аўтазаводзкую лінію. Узмоцненае патруляваньне ў сталічнай падземцы можна заўважыць і візуальна. Людзей у форме з мэталяшукальнікамі больш, чым у звычайныя дні, асаблівая пільнасьць да пасажыраў зь вялікай паклажай — іх просяць паказаць зьмесьціва сумак. З часьцейшай пэрыядычнасьцю на станцыях і ў цягніках гучыць папярэджаньне, запісанае яшчэ пасьля выбуху 3 ліпеня 2008 году падчас сьвяткаваньня Дня незалежнасьці ў Менску — тады больш за паўсотні чалавек атрымалі раненьні:

“Паважаныя пасажыры! Пры знаходжаньні на станцыях альбо ў цягніках мэтрапалітэну нічыйных ці падазроных прадметаў просьба неадкладна паведаміць пра гэта супрацоўнікам міліцыі ці мэтрапалітэну”.

Праўда, у групе грамадзкіх сувязяў транспартнай міліцыі кажуць, што захады, зьвязаныя з кантролем пасажырапатоку, ня носяць надзвычайнага характару. Кіраўнік групы Аляксандар Марчанка паведаміў, што цягам першай паловы дня надзвычайных здарэньняў не зафіксавана:

“На транспарце пільнасьць супрацоўнікаў, безумоўна, высокая. Аднак нейкіх звышзахадаў намі не было прадугледжана. То бок нельга сказаць, што нешта зьмянілася надта прынцыпова”.

У Маскве 30 сакавіка абвешчанае днём смутку па тых, хто загінуў у мэтро. Увогуле за апошнія гады ў маскоўскім мэтрапалітэне адбылося шэсьць буйных тэрактаў, якія прывялі да гібелі дзясяткаў людзей. У выніку сёньняшніх двух выбухаў, учыненых, паводле папярэдняй вэрсіі, тэрарысткамі-сьмертніцамі, загінулі 37 чалавек, каля 70 параненыя. У цэнтральнай частцы гораду фактычна спаралізаваны рух грамадзкага і аўтамабільнага транспарту, ідзе ўзмоцненая праверка пашпартнага рэжыму. Жыхарка Масквы спадарыня Юлія кажа, што людзі стараюцца абмінаць мэтро, хоць у бальшыні маскоўцаў іншай транспартнай альтэрнатывы папросту няма:

“Лінія ад “Камсамольскай” да “Парку культуры” пакуль не працуе, людзі вымушаныя ісьці пешшу. Адзінае, што запусьцілі бясплатныя аўтобусы, але яны не спраўляюцца з такой колькасьцю народу. Машынай дабрацца таксама складана, бо шмат якія вуліцы цалкам перакрытыя. Я ехала ўжо пасьля выбуху, дык народу ў мэтро было так мала, што не магла адразу паверыць. Нібыта панядзелак, ранішні час пік, але паўпустыя цягнікі. І хоць ехала па іншай ветцы, але і там людзей надзвычай мала, нават можна сесьці было — што амаль нерэальна ў іншыя дні. Відавочна, што людзі ўстрывожаныя, падсьвядома чакаюць новых выбухаў. Міліцыя таксама паўсюдна. Але, мяркую, дні два будзе шмон, а потым пра ўсё забудуцца”.

Расейскія экспэрты лічаць, што ў справе выбуху на станцыях маскоўскага мэтро перадусім будзе распрацоўвацца каўкаскі сьлед — на месцы трагедыі знайшлі парэшткі жанчын, згодна з папярэдняй вэрсіяй — шахідак. У вышук таксама абвешчаныя дзьве жанчыны, якія, паводле дадзеных спэцслужбаў, суправаджалі сьмяротніц да ўваходу ў мэтро — сьледчыя не выключаюць, што адмыслова навучаныя тэрарысткі самі ў Маскве не арыентаваліся, бо прыехалі са сьмяротнай місіяй здалёк. У сваю чаргу, прэм’ер-міністар Расеі Ўладзімер Пуцін у звыклай манеры паабяцаў “зьнішчыць арганізатараў выбухаў у маскоўскім мэтрапалітэне”.

Некаторыя экспэрты выбухі ў Маскве лічаць помстай баевікоў з Паўночнага Каўказу за апэрацыі расейскіх спэцслужбаў, падчас якіх былі забітыя лідэры тэрарыстаў. Станцыя “Лубянка” выбрана для выбуху, верагодна, таму, што там месьціцца галоўны будынак ФСБ Расеі. На думку шэрагу аналітыкаў, другі выбух павінен быў прагрымець на станцыі “Кастрычніцкая”, дзе разьмяшчаецца будынак цэнтральнага апарату расейскага МУС, аднак сьмяротніца, магчыма, папросту не зарыентавалася ў заблытаным маскоўскім мэтрапалітэне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG